Вясковыя настаўнікі Крупшчыны выбіраюць каменьне на калгасным полі. Улады Баранавіцкага раёну змусілі кожнага настаўніка здаць 300 кг сена. А пераплюнуў усіх Мядзельскі раён. Настаўніку Лабановічу з Коласавай трылёгіі і ня сьнілася жыцьцё сёньняшняга вясковага настаўніка. Ня ў прыклад колішняй «панямонскай інтэлігенцыі», якая марнела і «загнівала», сёньняшнія настаўнікі свае вольныя часіны бавяць зусім не за картамі ды гарэлкай. Яны дбаюць пра ўздым сельскай гаспадаркі.

Сёньняшні настаўнік мусіць ведаць ня толькі свой прадмет: яму край неабходныя й веды асноваў сельскай гаспадаркі. Нават у тым рэдкім разе, калі ён не трымае ўласнай каровы ці сьвіньні.

Для мясцовай улады вясковы настаўнік — усяго толькі адзін з шэрагу іншых работнікаў. Можна неяк зразумець сытуацыю, калі пэдагог — адзін зь нямногіх жыхароў вёскі. У некаторых калгасах Крупшчыны, напрыклад, настаўнікі, скончыўшы заняткі ў школе, ідуць даіць кароваў на мясцовую фэрму: болей няма каму.

Але здараецца, рабіць і «чужую» працу. «У нас настаўнікаў пасылалі прыбіраць каменьне з поля. Прычым рабіць гэта давялося ў Вербную нядзелю: ніхто асабліва не глядзеў, што сьвята. А потым даводзіцца сядзець да другой гадзіны ночы, каб падрыхтавацца да ўрокаў на наступны дзень», — наракае настаўнік А. з Крупскага раёну.

Выбіраньне бульбы наагул стала нацыянальным відам спорту. Выбіраюць бульбу гарадзкія жыхары, выворваюць яе вясковыя. Дарослыя і дзеці ўдзельнічаюць у гэтых спаборніцтвах нароўні. У Валожынскім раёне летась, як кажа настаўніца Н., мясцовыя ўлады «пашкадавалі» школьнікаў: «Настаўнікі мусілі адпрацаваць «на бульбе» два дні ў тыдзень. А школьнікі тым часам бадзяліся самі па сабе. Нам заявілі, што гэтыя працы — для карысьці самой школы». Яшчэ ўвосень вясковага настаўніка могуць аўральна кінуць рваць буракі, выбіраць з-пад сьнегу моркву, якая пасьля згніе ў буртах. Галоўнае — каб начальства пабачыла прыбраныя палеткі.

Калі настаўнікаў ганяюць на бульбу, навошта тады даваць вясковым абітурыентам дадатковыя балы пры паступленьні ў ВНУ? Анатоль Аўсейчык, настаўнік з Гарадзенскага раёну, упэўнены: «Я з паловы 85-га году займаюся толькі сваёй працай — настаўніцтвам. Не вырошчваю буракоў ці бульбы, не гадую сьвіней. Настаўнік павінен мець час на тое, каб павышаць свой культурны ўзровень, чытаць кнігі. Інакш — што ён прынясе дзецям? Цяпер мне даводзіцца працаваць на трох работах, бо на настаўніцкі заробак не пражывеш. Але адступаць ад сваёй пазыцыі я ня буду».

Праўда, ня ўсе такія прынцыповыя. А то б цяжка было ўладам Баранавіцкага раёну змусіць настаўнікаў летам 2003 г. да выбару — здаць 300 кг сена альбо адпаведную суму грошай. І здавалі. Такую ж практыку, як згадвае былы настаўнік Яўген Пракурат, дэпутат Белаазерскага гарсавету, меліся ўвесьці ў Бярозаўскім раёне, але адумаліся.

Пераплюнуў усіх Мядзельскі раён. Раённаму аддзелу адукацыі давялі заданьне: цягам году настаўнікі раёну мусяць выгадаваць і здаць дзяржаве 60 сьвіней. Эканамічны абсурд! Пэдагогаў вымушаюць працаваць бясплатна, а фэрмэрам немагчыма прадаць сьвінчо. На базары ад гаспадара патрабуюць спраўку пра флюараграфію, у сваё поле на ўласным трактары ня выедзеш без журналу ўліку працоўных гадзінаў, пройдзенага тэхагляду й гары іншых папераў.

У Кітаі падчас «культурнай рэвалюцыі» ставілі доменныя печкі ў кожным двары і ўсенародна лавілі вераб’ёў. Сёньняшнія спробы ўзьняць сельскую гаспадарку рукамі настаўнікаў выглядаюць такімі ж самымі «доменнымі печкамі» на беларускі капыл. А яшчэ ўзьнікаюць асацыяцыі з натуральнай гаспадаркай і паншчынай. У змаганьні за сельгаспаказчыкі «вэртыкаль» запрыгоньвае настаўнікаў. Начальнікі лічаць, што выканаць плян па сельгасработах — важней, чым вучыць дзяцей.

Настаўнікі лічаць, што на такіх «новаўвядзеньнях» улады ня спыняцца. «У нас ходзяць чуткі, што на нейкай нарадзе кіраўнік Менскай вобласьці Дамашкевіч ужо заявіў у адпаведных выразах, што вясковым школьнікам няма чаго сыходзіць на вакацыі. Маўляў, і так цэлы год на сьвежым паветры, аздараўленьня не патрабуюць. Яны павінны гадаваць пры школе трусоў, сьвіней, даглядаць школьны гарод, каб школа сама сябе забясьпечвала», — кажа А. з Крупшчыны.

Міністэрства адукацыі і галіновы прафсаюз адмоўчваюцца. Ніякіх пратэстаў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0