У той час, калі ў Менску віруе палітычнае жыцьцё, правінцыя па-ранейшаму сьпіць сабе непрабудным сном. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова наведаць які-небудзь невялікі горад — ну напрыклад Вялейку.

Цэнтар жыцьця Вялейкі — яе цэнтральны пляц імя Леніна. Тут і помнік правадыру, які так ніхто і не адважыўся прыбраць, і будынкі мясцовых уладаў, і два храмы — Крыжаўзьвіжанскі касьцёл і царква Сьвятой Марыі Эгіпэцкай, перабудаваная з касьцёлу пасьля паўстаньня Каліноўскага.

Дарэчы, у Беларусі вельмі шмат такіх дробных цэркваў, пабудаваных у 1863—64 г. у гонар здушэньня паўстаньня. І захаваліся нават пісьмовыя пацьверджаньні такіх уганараваньняў.

Вілейскія кінатэатар і Дом культуры на выходных канкуруюць між сабою ў прыцягненьні мясцовай моладзі на дыскатэкі. З 14 сакавіка непаўналетнім іх можна наведваць толькі да 23 гадзін. Кажуць, што адна зь мясцовых актывістак БРСМ нават сышла з арганізацыі, даведаўшыся пра гэты «загад прэзыдэнта». У Доме культуры ў красавіку чакаюцца дзьве вялікія падзеі: прыезд «Песьняроў» і тэатру «Хрыстафор», які сьвяткуе сваё 15-годзьдзе турам па краіне.

Горад збольшага дэпалітызаваны, і цяпер ужо цяжка паверыць, што ў 1994 г. тутака на выбарах перамог Пазьняк. Але пры гэтым на фоне суседняга Мядзелскага раёну, зь якім Вялейшчына злучаная ў адну выбарчую акругу на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, раён выглядае няблага. Там, на Нарачы, няма ні прадстаўніцтваў апазыцыйных партыяў, ні мясцовых НДА — спрыяльная глеба для праўрадавых кандыдатаў, якім зручна выкарыстоўваць рэгіянальны патрыятызм мядзелцаў. У Вялейцы ж існуюць раённыя арганізацыі партый БНФ, АГП і ПКБ, свабодных прафсаюзаў, шэраг няўрадавых арганізацыяў. Вось толькі зь людзкім рэсурсам праблема: адны і тыя ж людзі займаюцца і ў партыях, і ў некалькіх арганізацыях адначасова. На жаль, сытуацыя не ўнікальная па сваёй сутнасьці.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Зьміцер Казлоўскі, Вялейка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0