23.04.2004 / 13:00

Літва пад далоньню Расеі

Пасьля імпічмэнту прэзыдэнта Раландаса Паксаса ў літоўскіх палітычных элітаў па-ранейшаму пануе трывога. На думку многіх палітолягаў, адбітая асобная атака, але пагроза ўплыву Крамля на палітычны і асабліва эканамічны курс краіны па-ранейшаму рэальная. Новы пострах літоўскае палітыкі — Віктар Успаскіх, расеец зь літоўскім грамадзянствам, мільянэр, лідэр папулісцкай Партыі працы, які абяцае адстойваць інтарэсы «працоўных масаў». Партыя была створаная паўгоду таму, але ўжо цяпер налічвае ў сваіх шэрагах 7 тысячаў сяброў і карыстаецца падтрымкай 25% насельніцтва.

«Вялікая частка грамадзтва і цяпер яшчэ марыць пра новага мэсію, які накорміць і адзене. А гэта значыць, што Літве, якая толькі што мела справу з плянам А, створаным у лябірынтах маскоўскай выведкі, адразу давядзецца сутыкнуцца і з плянам Б — Віктарам Успаскіх», — піша Рымвідас Валатка, уплывовы камэнтатар найбуйнейшай газэты «Lietuvos Rytas». Ні ў кога няма сумневаў, што менавіта Ўспаскіх атрымаў найбольшыя дывідэнды ад «паксасгейту».

На Паксаса забыліся. Раней хваляваліся, як бы перакрыць гэтаму лётчыку-авантурысту дарогу да паўторнага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Плянавалася прыцягнуць Паксаса да крымінальнай адказнасьці за раскрыцьцё дзяржаўнай таямніцы, што зрабіла б яго паўторнае балятаваньне на выбарах немагчымым. Аднак цяпер пракуратура не выстаўляе яму ніякіх абвінавачаньняў. Хоча толькі заслухаць яго як сьведку ў справе ўцечак сакрэтнай інфармацыі ў СМІ падчас ягонага кіраваньня. «Кіраўніцтву бракуе палітычнай волі, каб пасадзіць Паксаса за краты. Пракуроры чакаюць больш выразных знакаў», — кажуць літоўскія журналісты.

Віктар Успаскіх зрабіўся для літоўскага істэблішмэнту ворагам нумар адзін. Палітычныя эліты лічаць, што цяпер Паксас не такі небясьпечны, як Успаскіх.

«Успаскіх ex machina»

Успаскіх прыехаў у Літву ў сярядзіне 80-х і працаваў зваршчыкам на будаўніцтве літоўскага адрэзку газаправоду да партоў Балтыкі. Пасьля аддзяленьня Літвы ад СССР на гандлі паміж Літвой і Расеяй ён зарабіў свае першыя вялікія грошы. Потым, дзякуючы старым знаёмствам, увайшоў у ласку шэфаў «Газпраму», зрабіўся адным з галоўных пасярэднікаў — прадаўцоў расейскага газу ў Літве і зарабіў на гэтым мільёны. Сёньня свой капітал Успаскіх ацэньвае прыблізна ў 70 млн даляраў.

Калі ў 2000 г. яго выбралі ў Сойм, ён прадаў акцыі кампаній, якія гандлююць газам, і абвясьціў, што з гэтага часу ня мае нічога супольнага з «Газпрамам». Сёньня Ўспаскіх ужо нават ня хоча размаўляць па-расейску, толькі па-літоўску, але гадзіньнік на ягоным пісьмовым стале ўсё яшчэ паказвае маскоўскі, а ня віленскі час.

Што прапануе Ўспаскіх выбаршчыкам? «Усё, чаго яны пажадаюць, — лічыць Андрус Бачыуліс, камэнтатар тыднёвіка «Veнdas». — Ён кляне Сойм, урад і іншыя дзяржаўныя інстытуты. Тлумачыць, што за 14 гадоў незалежнасьці ў Літве практычна нічога добрага не было зроблена, і абяцае людзям, што, прыйшоўшы да ўлады, адразу расправіцца з карупцыяй (пры гэтым заменіць тысячу найважнейшых чыноўнікаў), павялічыць пэнсіі (сродкі, маўляў, ёсьць, толькі трэба іх іначай падзяліць), створыць высокааплатныя працоўныя месцы (пара пакончыць зь дзікім капіталізмам!)».

На нядаўнім зьезьдзе сваёй партыі абвясьціў, што праз 1111 дзён пасьля выбараў, якія ён выйграе, у Літве запануе проста рай. І выбаршчыкі ўсё больш і больш яму вераць. І ня толькі расчараваныя пераменамі прыхільнікі зьнятага Паксаса, але — як паказваюць сацыялягічныя апытаньні — таксама прыхільнікі левых і цэнтрыстаў. Цяпер Партыя працы перагнала ўсе астатнія палітычныя сілы і карыстаецца амаль 25-працэнтнай падтрымкай насельніцтва. Другая па папулярнасьці сацыял-дэмакратычная партыя ня мае і 15%. І гэта нават не паварушыўшы пальцам! (Так напісалі біскупы Касьцёлу ў спэцыяльнай душпастырскай адозьве, у якой яны перасьцерагаюць вернікаў перад Успаскіх і ягонай партыяй ды заклікаюць не галасаваць за яе. Успаскіх пабойваецца і вялікая частка інтэлектуалаў).

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Франц Субель

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру