23.04.2004 / 13:00

Старая і новая «Эўропа»

За два кварталы ад будучай «Эўропы», на вуліцы Інтэрнацыянальнай, бліжэй да Гарадзкога Валу, стаіць пабудаваны паводле праекту Ўладзімера Тарноўскага гатэль з працоўнай назваю «Новая Эўропа». Некаторыя яго элемэнты скапіяваныя з старой «Эўропы». Ужо й ніхто ня памятае, хто ж быў замоўцам гэтае фэшэнэбэльнае будыніны ў прэстыжным квартале сталіцы. Будоўля «завісла», хоць засталося толькі скончыць інтэр’еры й прыбудаваць шкляны гмах у дварах.У беларускай сталіцы помнікі руйнуюць, а пасьля адбудоўваюць. Першым прыкладам, яшчэ за савецкім часам, стала аднаўленьне палацыка Ваньковічаў, што быў перад тым зьнесены. Затым каталікі ўзнавілі сваю катэдру, дакладней, яе шыкоўны фасад з імклівымі вежамі. Летась Менгарвыканкам зрабіў цудоўны прэзэнт гораду ў выглядзе імпазантнае ратушы. Тым часам на вуліцы Замкавай аднаўляюць самотны дамок «ХІХ стагодзьдзя»... Харашосьць ды й годзе! Павольна, але з паскарэньнем Менск набрыньвае «старасьвеччынай».

«Праектам нумар адзін» у рамках аднаўленьня Верхняга гораду абвешчаны гатэль «Эўропа». Гатэль, згодна з загадам Лукашэнкі гарадзкому начальніку Паўлаву, мае зьявіцца цягам двух гадоў і мець катэгорыю «пяць зорак». Проста гэтак і загадаў: аднавіць «Эўропу»! У вайну разбурылі, а мы адновім. За два гады.

Шматпакутная «Эўропа» й насамрэч была адным з самых яскравых знакаў Менску. Яе гісторыя сягае ажно ў XVIII ст., калі тут паўстала двухпавярховая камянічка. Затым гэтая гасьцініца належала сямейству Поляк. Хто тут толькі ні бываў! Стэндаль і Ян Чачот, дзекабрыст Мікалай Мураўёў ды мастак Язэп Пешка, які, дарэчы, і выявіў гэты прыстанак падарожных на адной з сваіх акварэляў. Тутака спыняліся ці ня ўсе акторы ды музыкі, што гастралявалі ў Менску. Балазе, ушчыльную да гасьцініцы Поляка прымыкаў гарадзкі тэатар, на сцэне якога была пастаўленая нашая першая опэра «Ідылія», а насупраць, у Ратушы, таксама была тэатральная заля.

Пасьля пажару 1884 г. і рамонту гэтая гасьцініца набыла шыльду «L’Europe». Свой жа клясычны, ведамы нам зь дзясяткаў малюнкаў, карцінаў і фатаздымкаў вобраз у духу мадэрн гатэль набыў падчас капітальнае рэканструкцыі 1906—1908 г. Гэтак паўстаў самы вялікі цывільны гмах у тагачасным Менску. Тут быў пушчаны й першы ў нашым горадзе ліфт. «Эўропа» была ўзорам цывілізацыі.

Праз жалезныя карункі бальконаў «Эўропы» на Менск глядзелі тысячы людзей. Адсюль можна было назіраць за калейдаскопам акупацыяў і за ўрачыстасьцямі ў Дзень волі.

А мастак Натан Альтман пакінуў нам такі ўспамін, адзін з сваіх шэдэўраў: выгляд на менскую Саборную плошчу праз гаўбцовыя завітушкі. Карціна завецца «Правінцыйны горад» і месьціцца цяпер у Трацякоўскай галерэі ў Маскве. У 1918 г. у «Эўропе» на нейкі час разьмясьціўся ўрад БНР. Згадвае пра «Эўропу» і Сяргей Пясэцкі: дзеяньне авантурнага раману «Яблычак» адбываецца акурат у гэтай гасьцініцы.

Адбудова гэтага выбітнага помніка ў Менску безумоўна сьведчыла б пра многае. Пачынаючы ад назвы й сканчаючы традыцыяй. Гэта сьведчыла б і пра незваротнасьць пазытыўных зьменаў у стаўленьні да спадчыны. Гэта сьведчыла б і пра зьмены ў сьветапоглядзе ўладаў.

Каб і насамрэч адбудавалі б колішнюю «Эўропу» на яе падмурках, то яе гмах перакрыў бы ўсю пэрспэктыву вуліцы Леніна й цягнуўся б адным з фасадаў насупраць вітрынаў рэстарацыі «Крыніца» і аптэкі. Ну, і прыставіць да яго копію будынку колішняга гарадзкога тэатру не складала б праблемы. Тады Верхні горад ператварыўся б у замкнёны ансамбль, аддзелены ад савецкага Менску будынкам славутага гатэлю. Гэта была б рэвалюцыя ў сьведамасьці горадабудаўнікоў.

А цяпер давайце падумаем усур’ёз. Ці хто перарве просты шлях ад праспэкту Машэрава да Партызанскага? Ад Драздоў да праспэкту Скарыны? Для чаго ж толькі што пашырылі тут праезныя палосы за кошт бульвару? Каб і гатэль паставіць, і трасу захаваць, давялося б пракапаць падземны шляхаправод ніжэй узроўню мэтрапалітэну. Ці рэальна?

Ідэю аднаўленьня старога гатэлю падкінуў нібы яшчэ Чадовіч, былы галоўны архітэктар сталіцы, які ўжо не ў фаворы. Тым ня менш ідэю агучыў Лукашэнка. Відавочна, ягоная занепакоенасьць лёсам «Эўропы» з таго ж шэрагу, што й знаёмства з паэзіяй Васіля Быкава. Затое тыя, хто прапіхвае свой праект, падкідае свае інсынуацыі недасьведчанай публіцы, ведаюць, што робяць.

Цікава, што за два кварталы ад будучай «Эўропы» пабудаваны паводле праекту Ўладзімера Тарноўскага гатэль з працоўнай назваю «Новая Эўропа». Некаторыя яго элемэнты скапіяваныя з старой «Эўропы». Аднак вось ужо гадоў пяць муляе вока недабуд за драўляным плотам. Стаіць ён на вуліцы Інтэрнацыянальнай, бліжэй да Гарадзкога Валу. Ужо й ніхто ня памятае, хто ж быў замоўцам гэтага фэшэнэбэльнага гатэлю ў найпрэстыжнейшым месцы сталіцы. Будоўля, што разьляглася ўглыб старасьвецкае забудовы, «завісла». Засталося толькі скончыць інтэр’еры й прыбудаваць шкляны хмарачос у дварах. Як тут скончыш без Лукашэнкі пяцізоркавы гатэль у гістарычным цэнтры? Як бы чаго ня выйшла… Таму трэба, каб ініцыятыва зыходзіла ад яго самога.

Паколькі ідэя, што авалодвае масамі, становіцца матэрыяльнай сілаю, знайшліся яшчэ праектанты. Напрыклад, Аляксандар Грэчын, якому даўно карціць забудаваць рог Інтэрнацыянальнай і Леніна, ад брандэмаўэру Кансэрваторыі да брандэмаўэру дому па Леніна. Гэта зусім ня там стаяў гатэль «Эўропа». Там стаяў старасьвецкі гарадзкі тэатар, нават падмуркі якога ўзятыя пад ахову. Але як выконваць загады — дык выконваць… І не бяды, што не на тых месцах і ня ў тых маштабах. Галоўнае — пераканаць публіку. Пагатоў, сам Лукашэнка тым заняўся: зрабіць «Эўропу»! За два гады. Гэткім чынам, у старым Менску замест аднаго гатэлю «Эўропа», магчыма, будзе два! Што ж, у краіне, дзе ёсьць дзьве сацыял-дэмакратычныя партыі, дзьве камуністычныя й нат два БНФы, гэта мала каго зьдзівіць.

Сяргей Харэўскі

камэнтары

Кіраўнік Менскага таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў мяркуе, што аднаўляць гатэль «Эўропа» неабходна толькі разам з будынкам гарадзкога тэатру: «Яны стваралі адзіны архітэктурны ансамбль. У праектным інстытуце «Менскградо» сваім часам распрацавалі архітэктурнае рашэньне для пляцу Волі: зрабіць пад зямлёй тунэль ад праспэкту Скарыны да праспэкту Машэрава. Тады пляц Волі можна было б зрабіць пешаходнай зонай», — кажа Дзянісаў.

Гісторык Захар Шыбека, аўтар кнігі «Менск. З гісторыі дарэвалюцыйнага гораду», ухваляючы ідэю рэстаўрацыі Верхняга гораду, лічыць аднаўленьне «Эўропы» праектам палітычна матываваным: «Могуць быць і больш вартыя ідэі, напрыклад Менскі замак. Калі б удалося аднавіць драўляна-земляны крэмль, да нас бы валам валілі турысты. Цагляныя крамлі шмат дзе ёсьць, а такога няма. Пры сучасных тэхналёгіях аднавіць было б не складана».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру