Карціна з назваю «50 першых пацалункаў» не абяцае нічога сур’ёзнага — і абяцаньні свае выконвае з прафэсійнай годнасьцю прадмета аднаразовага выкарыстаньня.

Гавайскі курортны кавалер (Адам Сэндлер), а па сумяшчальніцтве марскі вэтэрынар і дасьледчык маржоў, знаходзіць дзяўчыну сваёй мары — шчасьлівую бляндынку (Дру Бэрымар). Шчасьце гераіні зьвязанае з тым, што кожную ноч прыгажуня забывае падзеі папярэдняга дня — пасьля аўтааварыі адбіла кароткатэрміновую памяць (такі сабе жаночы «Дзень сурка»). Уражаны лавэлас штораз па-новаму заляцаецца і нат зьбіраецца ажаніцца, але празь дзявочую слабасьць зрабіць гэта ох як няпроста.

Жарты ў фільме радуюць гледача сваёй чаканасьцю: маржовыя ваніты на мужападобнай асыстэнтцы, згадкі пра знакамітыя часткі маржовых целаў… Мэлядраматычныя моманты выглядаюць лепшымі. А эпізод, калі гераіня праглядае відэакасэту як уласную згубленую памяць, мо й намякне, што на экране ня толькі кінатавар. Але нам хутка дапамогуць гэта забыць.

Карціна можа быць прызначаная для лёгкага часазабойства.

«50 першых пацалункаў» («50 First Dates»)

ЗША, 2004, каляровы, 99 хв.

Жанр: камэдыйная мэлядрама

Адзнака: 3 (з 10)

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0