Скокаўскi палац — найстарэйшы ацалелы гiстарычны будынак у ваколiцах Берасьця.

Там спыняўся Тадэвуш Касьцюшка, там у першую сусьветную жыў прынц Баварскі Леапольд, там у 1918 г. рыхтаваўся Берасьцейскі мір. Палац упрыгожвалі карціны ван Дэйка й Тэрнэрса. Выкладчык Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту і краязнаўца Анатоль Гладышчук адсочвае лёс каштоўнасьцяў, што захоўваліся ў палацы і зьніклі ў ХХ ст.

Юльян Урсын Нямцэвiч, пiсьменьнiк, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі, адзін з аўтараў першай Канстытуцыi ў Эўропе, нарадзiўся «дня 16 лютага году 1758 у Марцэля Урсына Нямцэвiча i Ядзьвiгi з Сухадольскiх у Скоках над рэчкай Лясной у ваяводзтве Брэст-Лiтоўскiм». На месцы, дзе стаяў той драўляны дворык, ацалела цагляная калёна, пастаўленая бацькам Юльяна («НН» №13, 2003). Пазьней Марцэль пабудаваў для сваёй вялікай сям’і палац. Той Скокаўскi палац — адзiны ацалелы гiстарычны будынак такога кшталту ў ваколiцах Берасьця. Як гэта ні крыўдна для тысячагадовага гораду.

Марцэль будаваў палац з разьлікам на тое, што яго сыны Ян i Каэтан будуць жыць у iм зь сем’ямi. Адсюль строгая люстэркавая сымэтрыя плянiроўкi. Вялiкая колькасьць малых скляпенных пакояў патрэбна была для неабходнага падзелу памiж дзьвюма сем’ямi. Юльян з «абоймы» выпаў: не пагадзiўся з намерамi бацькi ажанiць яго з багатай дзяўчынай.

Да сёньня на другім паверсе палацу захавалася «скарбнiца». Там да першай сусьветнай вайны трымалі архiў Нямцэвiчаў, фамільныя каштоўнасьці. Гэты скляпеністы пакойчык быў сьведкам апошняга падзелу мiж братамi Янам i Каэтанам: грошы i дыямэнты высыпалi на падлогу i расклалі пароўну. У пакоi за сьнедальнай заляй на першым паверсе зазвычай начаваў Тадэвуш Касьцюшка, калі заяжджаў да сваіх далёкіх сваякоў Нямцэвiчаў.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аўтар вельмi ўдзячны Вiтальду Урсыну Нямцэвiчу за грунтоўную дапамогу пры падрыхтоўцы артыкулу.

Анатоль Гладышчук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0