Машканская паляўнічая гаспадарка перададзена абутковай фірме «Марка-сэрвіс», Цяцерынская, Браслаўская, Краснапольская адышлі да Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Беларусь — краіна шыкоўных лясоў. Аднак паляваць у іх скора змогуць толькі абраныя. Дасьледуе карэспандэнт «НН».

Захапленьне ловамі зрабілася складнікам нацыянальнай культуры. Рыбалоўныя ці паляўнічыя нататкі можна сустрэць у творах Быкава і Брыля, Коласа і Дубоўкі. Штогод у розных кутках Беларусі ладзяцца фэсты, якія выяўляюць найлепшых стральцоў ці рыбароў. Для нясьпешчанага вялікімі прыбыткамі беларуса паблукаць па лесе са стрэльбай ці ўладкавацца на беразе рачулкі — ці не адзіны від актыўнага адпачынку. Ня маючы сродкаў на спартклюб, вясковец карыстаецца тым, што засталося яму ў спадчыну, — багацьцем роднай прыроды. Аднак ён мае ўсе шанцы страціць і гэты прывілей. Калі рыбакі ва ўмовах вынішчэньня фаўны рэк ды азёр браканьерамі яшчэ маюць магчымасьць сям-там спадзявацца на нейкую здабычу, дык вакол аматараў паляваньня сытуацыя склалася куды больш складаная.

Справы мінулых дзён

На пачатку 90-х большасьць паляўнічых гаспадарак краіны (каля 80%) на правах арэнды належала галоўнаму аб’яднаньню аматараў стрэльбы і вуды — Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў (БТПР). Астатняе дзялілі між сабой Вайсковае таварыства паляўнічых, Камітэт лясной гаспадаркі ды фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама». Паляўнічы набываў у таварыстве сэзонны квіток на адстрэл зьвяроў у межах пэўнай гаспадаркі.

Прыналежнасьць да таварыства была неабходнай умовай для атрыманьня паляўнічага пасьведчаньня і набыцьця стрэльбы. Ня дзіва, што колькасьць паляўнічых у БТПР набліжалася да ста тысяч.

Непаразуменьні паміж таварыствам і дзяржавай пачаліся ў 1997 г. з пастановы Саўміну, згодна зь якой права выдаваць паляўнічыя пасьведчаньні пераходзіла да Камітэту лясной гаспадаркі. Сяброўства ў БТПР зрабілася справай неабавязковай, таму менш прывабнай, а перавагай аб’яднаньня засталіся толькі таньнейшыя сэзонныя квіткі. І за 1998—2004 г. колькасьць сяброў БТПР зьменшылася практычна на траціну: з 99 да 63 тыс.

У 2002 г. паляўнічых напаткала яшчэ адна несуцяшальная навіна. Чарговая пастанова Саўміну значна зьмяніла характар і кошт абавязковых працэдур. Памер дзяржаўнай пошліны павялічыўся ў 50 (!) разоў — 10 базавых велічынь за раз (190 тыс. руб.) замест 0,2 штогод. Кошт рэгістрацыі і перарэгістрацыі кожнай адзінкі зброі (4 і 2 б.в. адпаведна) павялічыўся ў 8 разоў. Пры гэтым дзяржаўны падатак цяпер трэба плаціць на дзесяць гадоў наперад. Гэта найбольш зачапіла людзей немаладых, якія ня ведаюць, ці будуць займацца паляваньнем увесь гэты час. Да 2007—08 г., калі скончыцца тэрмін дзеяньня дзяржаўных пасьведчаньняў, колькасьць зарэгістраваных паляўнічых у краіне можа зьменшыцца на 50%.

А вось колькасьць браканьераў вырасьце, мяркуе загадчык аддзелу паляваньня, рыбалоўства і праектаваньня паляўнічай гаспадаркі БТПР Валер Квакін. На яго думку, паляўнічыя папросту пачнуць утойваць зброю ад рэгістрацыі.

Паляваньне зрабілася забаўкай для заможных. Дзяржчыноўнікі і самі гэта прызнаюць. «Гэта элітны занятак для багатых грамадзян», — заявіў намесьнік міністра прыродных рэсурсаў Валянцін Малішэўскі.

Няма прыбытку — няма ўлады

У сьнежні 2003 г. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя накіравала мясцовым уладам рэкамэндацыю перадаць паляўнічыя гаспадаркі БТПР ва ўласнасьць прыватных асобаў.

БТПР не задавальняла Мінпрыроды малапрыбытковасьцю. У прыклад таварыству Міністэрства ставіла паляўнічыя гаспадаркі, што належаць прыватным асобам ды Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта.

Сапраўды, частка гаспадарак БТПР знаходзіцца ў цяжкім фінансавым становішчы і не адпавядае сучасным патрабаваньням. Аднак жа БТПР — аб’яднаньне выключна грамадзкае, яно не атрымлівае фінансаваньня зь бюджэту і існуе менавіта за кошт сяброўскіх складак ды продажу сэзонных квіткоў.

Пікантнасьці сытуацыі дадае іншы факт. Калі зьбяднелыя гаспадаркі перадаюць больш забясьпечанаму ў фінансавым пляне ўласьніку, які гатовы ўкласьці ў набытую маёмасьць неабходныя сродкі дзеля яе росквіту, — гэта лягічная зьява. Аднак Мінпрыроды дзейнічае ў іншым напрамку. За апошнія гады ад таварыства адлучаны Машканская (перададзена вядомай фірме «Марка-сэрвіс», што займаецца продажам абутку), Цяцерынская, Браслаўская, Краснасельская (усе адышлі да Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта) і шэраг іншых гаспадарак, якія мелі найлепшыя паказчыкі разьвіцьця.

Усё для эўрапаляўнічых

Падуладных БТПР угодзьдзяў пакуль 114 — гэта 68% ад колькасьці сукупных лясных масіваў краіны. За апошнія гады ў прыватную ўласнасьць перайшло 10 паляўнічых гаспадарак. Лічба невялікая, калі ня браць пад увагу часавага адрэзку, за які адбыўся той пераход.

Чаму ж вакол паляўнічых гаспадарак узьняўся гэткі вэрхал, адкуль спрэчкі й непаразуменьні? Ёсьць два галоўныя чыньнікі.

Першы — матэрыяльны. Апошнім часам Беларусь аблюбавалі паляўнічыя зь Нямеччыны, Італіі ды іншых краін. Выкладваючы за паляваньне астранамічныя па нашых мерках сумы (адна толькі ліцэнзія на здабычу пэўнага зьвера каштуе ад тысячы даляраў і вышэй, у залежнасьці ад памеру будучага трафэю). Гэткага багацьця жывёлы ў капіталістычнай Эўропе не знайсьці. У тамтэйшых лясах перарадзіліся дзікі, яны не дасягаюць тых памераў, што вартыя воку паляўнічага, практычна зьнік лось, толькі зрэдку сустракаецца алень. Таму іншаземцы з асалодай блукаюць па беларускіх лясах.

Попыт нараджае прапанаваньне. Праца з эўрапаляўнічымі абяцае нядрэнныя дывідэнды. Як грыбы, пачынаюць зьяўляцца фірмы, у пераліку відаў дзейнасьці якіх фігуруе паляваньне для замежнікаў. Новаўтвораным суб’ектам гаспадараньня для плённай працы не стае аднаго — уласных лясных угодзьдзяў, якімі яны і пачалі абзаводзіцца.

Другі чыньнік — хутчэй эстэтычны. Добра, маючы грошы, збудаваць ва ўтульным лясным займішчы палацык з лазьняй. Аднак удвая большую асалоду ад лазьні адчуваеш, калі ведаеш, што ніякая жывая душа цябе не патурбуе. Бо найбліжэйшае навакольле — таксама твая ўласнасьць.

Ня дзіва, што ад паляўнічых паступае ўсё больш скаргаў на забарону наведваць пэўныя лясы. Так, у Краснасельскай гаспадарцы, аб якой згадвалася вышэй, паляваньне афіцыйна забаронена ўжо два гады.

У Нямеччыне, Польшчы, Чэхіі ўсе лясныя ўгодзьдзі належаць прыватным уладальнікам. Паляўнічыя клюбы (аналяг нашых таварыстваў) там заключаюць дамовы і на правах арэнды карыстаюцца ўгодзьдзямі ды ладзяць уласнае паляваньне.

Аднак ветрык новаўвядзеньняў падзьмуў у беларускую паляўнічую гаспадарку не адтуль, а з Расеі. Там ужо некалькі гадоў, пад выглядам ліцэнзаваньня, гаспадаркі Расейскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў адчужаюцца на карысьць камэрцыйных структураў. Зразумела, што грамадзкія таварыствы ня здольны спаборнічаць зь бізнэсоўцамі ці мясцовымі кіраўнікамі. Сярод новых уладальнікаў расейскіх лясоў — «Лукойл-Нафтахім», будаўнічая фірма «Сапсан» з Адміністрацыі прэзыдэнта РФ, а таксама вядомыя культурныя і палітычныя дзеячы.

Дзяржаўныя патрэбы і грамадзкія інтарэсы

Нельга сьцьвярджаць, што паляўнічыя гаспадаркі ніколі ня варта перадаваць у прыватную ўласнасьць. Прыватнік плаціць за арэнду больш, чым грамадзкае аб’яднаньне, — выгада для мясцовага бюджэту відавочная. Прыватнік лягчэй знаходзіць інвэстыцыі, у яго гаспадарцы лепшыя гатэлі, падкормачныя комплексы, стралковыя вышкі.

Аднак у мэдаля ёсьць і адваротны бок. Уклаўшы значныя сродкі, гаспадар намагаецца за вельмі кароткі тэрмін іх вярнуць: завышае цэны на абслугоўваньне наведвальнікаў і здабычу жывёлы. Іншая рэч, калі ўласьнік грунтоўна падыходзіць да справы, працуе пэўны час на пэрспэктыву і не імкнецца да імгненнага прыбытку. У гэтым выпадку прыватная ўласнасьць больш эфэктыўная за калектыўную. Многае залежыць непасрэдна ад асобы ўласьніка.

Прыклад Расеі непакоіць беларускіх паляўнічых. Яны лічаць, што дзяржава рыхтуе такі самы «падарунак» і айчынным сьледапытам. У спэцыялізаваныя выданьні ідуць гнеўныя лісты ад нездаволеных аматараў, у гутарках паляўнічых усё часьцей чуваць заклапочанасьць невядомай будучыняй ды патрабаваньні пакінуць лясы за імі. «Калі б чалавек намагаўся ўкласьці сродкі ў разьвіцьцё ўласнай справы, ці рваў бы ён спакусьлівы кавалак паляўнічых угодзьдзяў? — кажа Валер Квакін. — Так, магчыма, у бізнэсоўцаў, што ўзялі лясныя масівы, зарабляць грошы ўдасца лепш. Аднак шматлікім аматарам паляваньня застанецца толькі збоку назіраць за прыродай, а карыстацца багацьцямі яе змогуць толькі багатыя».

Сяргей Гусачэнка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0