Славаччына ўвойдзе ў Эўразьвяз пад кіраўніцтвам Івана Гашпаравіча. Лешак Мілер, які інтэграваў Польшчу ў Эўропу, пакіне пасаду адразу пасьля 1 траўня. А экс-прэзыдэнт Паксас мае шанцы вярнуцца ў былы губэрнатарскі палац у Вільні. Гісторыя Цэнтральнай Эўропы ня скончылася.

Аднойчы ў аўтобусе Вільня—Менск мне давялося назіраць цікавую спрэчку. На пад’езьдзе да Ашмяны пасажыр-літовец задуменна прамовіў: малайчына Лукашэнка, усе палеткі да апошняга лапіка засеяныя, ня тое што ў нас у Літве, дзе даўно ўжо загоны зарасьлі гугольлем. На гэта азваліся, ня выцерпелі двое маладых беларусаў, схіленых над сваімі ноўтбукамі. Яны даказвалі, што гэта паказуха, што насамрэч палі засяваюцца занадта дарагім коштам, што беларуская сельская гаспадарка ў жудасным стане і Беларусь вымушаная імпартаваць збожжа зь Літвы, што Літва, нягледзячы на цяжкасьці рэфармаваньня, увайшла ў Эўразьвяз, а гэта для эканомікі важней за севаабарот... Дарма, іх аргумэнты падалі на камень. Палеміка, нібы агонь па сухой траве, распаўзлася па ўсім аўтобусе — большасьць узяла бок жмудзіна. Ён, дарэчы, быў не маргінал які, а бізнэсовец, што кіраваўся ў Львоў закупаць шчэбень.

Калі прарасейская партыя «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» (ЗаПЧАЛ) атрымала на выбарах у латвійскі Сойм чвэрць галасоў, гэта ня выклікала вялікай рэакцыі ў Эўропе, бо ЗаПЧАЛ засталася ў парлямэнце ў поўнай ізаляцыі. Аднак калі ўлічыць, што сымпатыі так званых «неграмадзян», якіх у Латвіі каля 30%, якраз татальна з ЗаПЧАЛ, дык робіцца зразумелым, што праз 13 гадоў пасьля атрыманьня незалежнасьці і па далучэньні краіны да NATO і Эўразьвязу большасьць выбарцаў застаецца ў вялікай меры расейскаарыентаванай, непрыхільнай да рэформаў і поўнай недаверу да палітычнае эліты, сфармаванай за гэтае дзесяцігодзьдзе паводле амэрыканскіх тэхналёгіяў. Самае прыкрае для палітыкаў, што ЗаПЧАЛ падтрымліваюць ня толькі «няверныя» нацыянальныя меншасьці, але й нямала карэнных латышоў.

Латвійскую палітычную эліту пэрыядычна скаланаюць скандалы. Андрыс Шкеле мусіў сысьці з пасады прэм’ера пасьля абвінавачаньня шэрагу высокіх чыноўнікаў у пэдафіліі — так і не даказанага, зрэшты. Эйнар Рэпшэ зарабіў сабе рэпутацыю як творца латвійскае фінансавае сыстэмы і шматгадовы кіраўнік Цэнтральнага банку. Ягоная правацэнтрысцкая партыя лёгка выйграла выбары, але празь лічаныя месяцы і ён мусіў адправіцца ў адстаўку праз скандал з набыцьцём зямельных пляцаў.

Паводле меркаваньня многіх латвійскіх палітолягаў, абодва палітычныя крызысы ў Латвіі былі штучна справакаваныя расейскімі СМІ. Расея пакуль ня мае магчымасьці прывесьці да ўлады ў Рызе прыхільных для сябе палітыкаў. Аднак яна дэманструе латвійскай эліце сваю неабмежаваную здольнасьць уплываць на ўнутраныя справы. І намякае: паслуга за паслугу.

Становішча ў Латвіі мо найбольш няпэўнае сярод усіх краінаў рэгіёну празь вялікую долю расейскага па культуры насельніцтва, значную прысутнасьць расейскага капіталу над Дзьвіной-Даўгавай і транзытны характар латвійскай эканомікі.

Ажно і ў Літве ледзь толькі пазбыліся папуліста Паксаса, як на перамогу на выбарах прэтэндуе іншы цудатворца — Успаскіх і ягоная псэўдалейбарысцкая партыя.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0