30 сакавіка 2004 г. былі падведзены вынікі штогадовага рэспубліканскага літаратурнага конкурсу для школьнікаў «Я маю твор…», што праводзіцца ў рамах акцыі «Дзень Зямлі». У конкурсе ўзялі ўдзел больш за дзьве тысячы аўтараў. 19 фіналістаў запрошаны ў Менск, дзе 22—24 красавіка адбудуцца майстар-клясы, выступы й узнагароджаньне пераможцаў. Зьмяшчаем тут вершы фіналістаў.

Андрэй Хадановіч

Арцём АЛАДКА

Лімоннае лета

Ў пачатку была ў мяне сьветлая мэта —

Знайсьці сярод скарбаў радзімы сваёй

Лімоннае лета, лімоннае лета

З прыгожаю, сьвежай яго цеплынёй.

Блакітная хваля праменьнем сагрэта,

Ды шчырую праўду ў душу мне ліе

Лімоннае лета, лімоннае лета…

Вось чайка аб белым дзяцінстве пяе.

Зялёныя вочы — азёры паэта —

Шукаюць апошнюю кроплю таго

Лімоннага лета, лімоннага лета,

Што не шкадавала каханьня свайго.

в.Бараўляны Менскага р-ну

Яраслава АНАНКА

* * *

Мы гэту крэпасьць

зваюем боем.

Ты чуеш, любы, —

бяз страт і болю.

Мы гэты вечар

распнём на ростань.

Даволі жвава.

Да сьмеху проста.

Мы размалюем

сьцяну на зоны.

І ў кожнай зоне

па парасоне.

Мы будзем шчасьцем

разводзіць плёткі.

Гадзіны разам

на кадры фоткаць.

Ты потым тыдзень

праходзіш хворы.

Бывай, каханы.

Я еду ў мора.

г.Чэрвень

Алеся БАШАРЫМАВА

Прыкуты

Што ж застыў ты у нябёсах?

Сьнег асеў на крылах…

І табе ня тыя словы

Восень гаварыла.

Гаварыла: «Тут ня страшна,

Заставайся, дружа!»

Потым вецер зьнёс апошні

Пах зьляцелай ружы.

Потым дождж прабіў свой холад

Ў пер’е і пад скуру,

Ну а потым сьнег — выстава

Нэархітэктуры.

Толькі ўсё ж ты засьпяваеш

Новаю вясною,

Бо нашто ж тады рабіўся

Карабельчык Ноеў?

г.Магілёў

Мікалай ВАЛЫНЕЦ

Я саромеюся

Я саромеюся.

Саромеюся пагляду твайго,

Пяшчотнага і ласкавага.

Я саромеюся.

Саромеюся званка твайго,

Здаецца, гучнага самага.

Я саромеюся.

Саромеюся сэрца свайго,

Якое так здольна кахаць.

Саромеюся шчасьця свайго,

Якое хачу спазнаць.

Я саромеюся.

Саромеюся сустрэцца паглядам

З вачыма тваімі сінімі.

І слоў, што з вуснаў тваіх зьляцяць

Пяшчотнымі і шчасьлівымі.

г.Вялейка

Людміла КАВАЛЁВА

* * *

Быў анёлам,

Ды болей ня мушу:

Адсеклі крылы,

Спалілі душу.

А попел разьвеялі

Па-над полем,

Дзе жыта пасеялі.

І таполі.

А ў тых таполях

Блукае вецер,

Сьпявае песьні

Пра ўсё на сьвеце,

Пра тое, што нельга

Зьявіцца каханьню,

Калі душу

Вядуць ў катавальню.

г.Гомель

Аля КІТАЁВА

* * *

Яно нарадзілася тыдзень таму.

Глытала паветра нясьмела,

Спыняла прышласьці хаду.

А потым, як лісьце, зьляцела.

* * *

ты пральешся

кіслотным дажджом

на паверхню

майго сьвету

пажывеш у маім

вымярэньні

і забудзеш

пра гэта здарэньне

г.Ворша

Соф’я МАРОЗАВА

Пра Любоў

Між суцэльнага дажджу

Так бывае цёмна, прыкра так!

Ці ня чуеш праз імжу

Моцна сьцятай душы скрыгату?

Захліпаецца жаль, крык,

Увесь працяты слязьмі позьнімі,

Бо любоў — гэта тып хандры,

А хандра — гэта тып восені.

Плязма часу паўзе ўглыб.

Восень пухне сьняжком мякенькім.

Суцішае мароз усхліп,

Пульхны сьвежанькі дзень зьвякае,

Разбурае сабой іржу,

Крэсьліць зьмены і адрозьненьні…

Але ж сьнег — гэта тып дажджу,

А вясна — гэта тып восені.

Праз хмурыначкі вось-вось

Патыхае зямля вільгацьцю.

Промень сочыцца наскрозь,

Камень лашчыцца пушыстасьцю

І вуркочыць, сьнючы сны…

Сьвежай хвояй цьвітуць сосен пні…

Так. Любоў — гэта тып Вясны,

А Вясна — гэта тып Восені.

пас.Міханавічы Менскага р-ну

Надзея ПЯТРУШЫНА

* * *

Боль — гэта смак тупога ляза

Гэта сьлёзны выклік спакою

Боль пра многае можа сказаць

Ці моўчкі разьліцца ракою

Той, хто згубу ў сабе трымае,

Бяз болю ня будзе пачуты

Філязофія болю такая:

Ўсё адносна праз прызму пакуты

г.Менск

Алена СЬЛІВІНСКАЯ

Плач

Мне здаецца

сівыя анёлы

плачуць

дзесьці высока

ў нябёсах

аб тваіх зьнявечаных лёсах

і лясах

і аб дзецях нягеглых

і кідаюць ім промні

надзеі

апошняй

і яшчэ спадзяюцца

убачыць зьнянацку

абялелую Русь

ў крывіцкіх абдымках

і вярнуцца

шызымі

аблокамі зь неба

толькі дзесь заблукалі

крывіцкія душы

і аглухлі

ад шматвечнай пагоні

і асьлеплі

ад крыві крывіцкай

і сьцішэлі, апалі ў гоні

«без надзеі спадзеючыся»

Час!

калі дакрычацца няможна

ужо надышоў

тваіх трубаў

БОЖА

чакаеш

чакаюць

каб з калішніх калень

узьняцца

і на раньні ўкленчыўшы небу

і пазбыўшыся спадчын суседзяў

паляцець

да Новай Зямлі

дзе даўно

душою

прадзеды

узраслі камянямі

на ўзьмежжах.

в.Чырвоныя Швабы

Лагойскага р-ну

Ася ЯРМОЛЕНКА

Дзевяць пацалункаў

Я іду па начной вуліцы й чую каханьне:

Яно ў гуле хворых правадоў,

Што выбіваюць іскры;

Яно ў крыку чаек,

Зьведзеным да шаленства ад жаданьня Палёту;

Яно ў вуснах начнога ветру,

Які кранае сваімі вуснамі мае й кудлаціць

мае валасы сваёю зорнаю рукой бяз сораму,

Што яму больш за мільярд гадоў,

А мне хутка будзе 16…

…Зоркі зьвязаныя паміж сабой белымі

ад гарачыні ніткамі й зьвіняць,

Іграючы Транс каханьня…

Падэшвы маіх туфляў цалуюць мокры залаты асфальт:

9 пацалункаў —

9 крокаў да цябе,

Каханьне!

в.Вязьзе Асіповіцкага р-ну

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0