Ізноў неспакойна ў Гаіці. Каб замірыць улады з апазыцыяй, сюды выляцеў з Францыі вайсковы дэсант і дыпляматы. За кадрам паведамляецца, што такая ўжо тутэйшая традыцыя, бо краіна была колісь францускай калёніяй. Колісь — гэта ў XVIII стагодзьдзі.

Гаіці — першая незалежная рэспубліка ў сваёй частцы сьвету. Але 200 гадоў тае незалежнасьці не зрабілі краіну на высьпе сярод Карыбскага мора ані заможнай, ані дэмакратычнай. Па завядзёнцы кожнага разу камэнтатары й адмыслоўцы згадваюць цяжкую каляніяльную мінуўшчыну. Яе, выходзіць, гаіцяне й за два стагодзьдзі не пераадолелі. Гаіці для сьвету — вуду, зомбі, Дзювалье.

Ці ня кожнае беларускае выданьне па эканамічнай геаграфіі, горадабудаўніцтве, краязнаўстве ці музэязнаўстве, гісторыі адукацыі ці ахове прыроды мае разьдзел ці хоць абзац, прысьвечаны жахам апошняе вайны. Абавязкова ёсьць. Напрыклад: «За гады вайны фашысты нанесьлі велізарны ўрон народнай гаспадарцы і культуры рэспублікі, зьнішчылі й спустошылі вялікія каштоўнасьці, створаныя шматгадовай працай беларускага народу, які страціў звыш паловы нацыянальнага багацьця. Матэрыяльныя страты ў разьліку на душу насельніцтва ў Беларусі былі самымі высокімі сярод саюзных рэспублік» («Гісторыя беларускага мастацтва», т.5).

Гэта пісалася й пішацца зь нейкім самавітым гонарам, амаль з мазахісцкай асалодаю вось ужо 60 гадоў, больш за паўстагодзьдзя. За гэтымі каравымі штампамі — «звыш паловы», «на душу насельніцтва» і г. д. — хаваецца магчымасьць несупынна сьпісваць няўдачы ў гаспадарцы й культуры на апошнюю вайну. Не зьбераглі помнікі дойлідзтва — вайна была. Гразь і няўтуліца ў калгасах — вайна была. Пэнсіянэры ў нялюдзкіх умовах — вайна была. А тады давай махаць кулакамі, вірлаваць вачыма, падымаць голас: «Мы сваімі грудзямі», «Вялізарныя страты», «Як ніводзін народ у сьвеце»… Тым часам Беларусь застаецца для сьвету — вайна, Чарнобыль, Лукашэнка.

Між астатнім, што да помнікаў дойлідзтва, то ці ня дзьве траціны самых каштоўных здабыткаў нашых былі зьнішчаны за камуністычным ладам пасьля 1940-х гадоў. А першую траціну зьнішчылі перад вайною, у 1930-я. Ды хіба гэта давядзеш спакойна, калі чалавеку родам з СССР хочацца чуць нешта зусім іншае. З гэтае хлусьні, з тысячаў іншых паўпраўдаў і няпраўдаў паўстаў велізарны міт. Міт, які чэпка трымае нас за горла апошнія 60 гадоў.

Як старадаўні міт пра каляніяльную нядолю вось ужо два стагодзьдзі трымае Гаіці. І не зважаюць камэнтатары на тое, што гэтую краіну акружаюць дзясяткі найзаможнейшых дзяржаў сьвету, крыху меншых ці крыху большых, якія здабылі незалежнасьць толькі некалькі дзясяткаў год таму. Аднак брэнд «паўкаляніяльнай эканомікі» й «посткаляніяльнай залежнасьці» засьціць усё. Бо гэта выгадна карумпаваным тамтэйшым элітам, што жывуць на чужынскія датацыі й гранты, ды замежным інвэстарам, якія маюць амаль дармовыя працоўныя рукі. Ці не таму ў Гаіці так ніколі й не было дэмакратыі й дабрабыту? Наканаванасьць. Наканаванасьць заставацца дзікім гаротным краем, што сам сваім лёсам распарадзіцца ня можа.

Беларусі ж, з брэндам «самай пацярпелай», выпала роля заставацца «фарпостам» Расеі. Дарэчы, гэтаксама цягам двух стагодзьдзяў. Калі тут не было вайны, то да яе тут несупынна рыхтаваліся. Будавалі вялізарныя фартэцыі, разьмяшчалі гарнізоны, рылі акопы. Супраць палякаў, французаў, немцаў, NATO… Краіне, якую атачылі ў адначасьсе адразу тры краіны Эўразьвязу, самы час прыгадаць апошнюю вайну й агледзець свае рубяжы чарговы раз. Ізноў будзе гучаць «мы — яны», «баронім заходнія рубяжы», «зробім усё», «ляжам касьцьмі»… Фарпостаў лёс. Наканаванасьць?

Калі былі жывыя мае старэйшыя сваякі, бабці й дзяды, то зь іхных расповедаў у мяне нараджаўся зусім іншы вобраз вайны. Ён быў бясконца далёкі ад стракатых вобразаў з экранаў і падручнікаў. Старэйшыя распавядалі пра СТРАХ. Чатыры гады акупацыі былі гадамі несупыннае боязі за сябе й блізкіх. Ніхто са старых не называў сябе «пераможцам». Яны былі ахвярамі жудаснай катастрофы, што адбылася ў выніку нялюдзкіх гульняў між сталінскім СССР і гітлераўскай Нямеччынай. Трэ было тыя гады выжываць, не спадзеючыся ні на якіх вызваліцеляў. І была затоеная крыўда на тых, хто фанабэрыўся сваёй непераможнасьцю, а ня здолеў абараніць. Ні ад фашыстоўскае навалы, ні ад бандытаў, што называліся партызанамі. Такой вайна засталася ў памяці заходнебеларускіх сялянаў. Для ўсходніх беларусаў гэта было інакш — пра гэта апавядае Мікола Крукоўскі на старонцы 3.

Разам з адыходам сьведкаў вайны паўпраўда і няпраўда ўсё болей запаўняюць ідэалягічную прастору. З гісторыі бярэцца адно агонь, а ня попел. Велізарная крывава-балотная бутафорыя ў плястыкавых блішчынках, што завецца «Вялікая Айчынная вайна», захінула сабою ўвесь даваенны нацыянальны досьвед, усю тысячагадовую гісторыю.

Вось што не прагучыць на чарговых шумных і сумных гуляньнях, дык гэта тое, што ў Беларусі другую сусьветную вайну распачаў СССР, разам з нацысцкай Нямеччынай падзяліўшы Польшчу ў 1939 годзе… Не пакажуць здымкаў бальшавіцка-фашысцкіх братаньняў… Не згадаюць тысяч бязьвінна забітых бяз суду палітычных вязьняў на пачатку вайны… Не прагучаць словы жалобы й пакаяньня за Галакост. Пра жыдоў цяпер наагул згадваць «не прынята»... Не згадаюць загаду Сталіна зьнішчаць усё ў «тыле ворага», то бок зьнішчаць Беларусь… Ніхто не адважыцца казаць пра ролю рэзыстантаў у польскіх мундзірах. Сёньня няёмка згадваць і пра першы бой дывізіі імя Касьцюшкі пад Ленінам, што пад Горкамі. У сьвятле цяперашніх дачыненьняў з заходнім суседам гэта недарэчы. Лішне казаць, што ня знойдзецца ў вуснах уладных прамоўцаў ані слоўца пра заходніх саюзьнікаў… Часы не такоўскія.

Уладная Беларусь 60 гадоў усё ходзіць у тым шынэлі, лашчыць зброю, што ўсё вісіць на сьцяне. Да наступнага акту п’есы?

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0