У Горадні звыш за 9 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Летась яны забясьпечылі паступленьне звыш як 13% бюджэту гораду, вытворчасьць 4% прамысловай прадукцыі і 7% — спажывецкіх тавараў. Аднак адносіны гарадзкіх уладаў і прыватных гандляроў назваць добрымі нельга. Праблемы апошніх вырашаюцца без уліку іх інтарэсаў. У час першамайскага мітынгу двое з трох гарадзенскіх прадпрымальніцкіх лідэраў сядзелі ў вязьніцы.

Сакавік—красавік выбухнуў шэрагам прадпрымальніцкіх акцый. Напачатку адбыўся «маўклівы» пратэст. На плошчы Леніна перад гарвыканкамам сабраліся чатыры сотні чалавек. Прадстаўнікі малога бізнэсу сваёй «гучнай цішынёй» патрабавалі палепшыць умовы разьвіцьця прадпрымальніцтва. Людзі ставілі подпісы пад зваротам да прэзыдэнта, нацыянальнага сходу і Савету міністраў. Патрабавалі адмены ліцэнзаваньня розьнічнага гандлю, нормы аб устаноўцы касавых сумуючых апаратаў у пасажырскім аўтатранспарце, наяўных нарматыўна-прававых актаў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю прадпрымальніцтва, новых правілаў гандлю на рынках, калі любыя парушэньні цягнуць за сабой вялікія штрафы.

Адзіным пацярпелым у выніку мітынгу стаў намесьнік старшыні рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Зьміцер Іваноўскі. Яго затрымалі напярэдадні акцыі. Ён меў пры сабе ўлёткі, якія запрашалі прадпрымальнікаў падтрымаць «маўклівы» пратэст. Сп.Іваноўскі адбыў дзесяць сутак адміністрацыйнага пакараньня за перавышэньне колькасьці друкаванай прадукцыі. Паводле закону можна да 300 экзэмпляраў…

26 сакавіка дзяржаўныя кантралёры зрабілі кантрольны закуп на рынку «Карона» і пачалі апісваць маёмасьць прадпрымальніка. За таварыша заступіліся іншыя. Прадстаўнікоў Дзяржкантролю, якіх абаранялі міліцыянты, выціснулі на вуліцу пад воклічы «Ганьба!».

У апошні дзень сакавіка дробныя прадпрымальнікі зноў сышліся каля гарвыканкаму. Напагатове былі міліцыя і АМАП. Размова доўжылася ў залі пасяджэньняў выканаўчага камітэту. Акрамя абяцанкаў нічога не прагучала. Падчас размовы многія прадпрымальнікі дэманстратыўна пакінулі памяшканьне.

Толькі адстаўка кіраўніцтва

Некалькі гадоў таму адзіным лідэрам гарадзенскіх дробных гандляроў быў кіраўнік агульнанацыянальнага страйкаму Валеры Леванеўскі. Неяк яму ўдалося сабраць на сход у адным з палацаў культуры звыш за 500 чалавек. Прадпрымальнікі падтрымлівалі сродкамі. Выходзяць дагэтуль бюлетэні «Право», «Наш город», «НПБ», «Избиратель», «Предприниматель», «Факел Прометея».

Валер’я затрымлівалі. Не пакідаюць яго ў спакоі і цяпер. Нядаўна склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні: ён нібыта вывешваў на дзьвярах шматкватэрнага дому, у якім жыве, аб’явы.

Міліцыянты затрымалі яго сыноў — студэнтаў Дзьмітрыя і Ўладзімера. Хлопцы распаўсюджвалі на рынках лістоўкі з заклікам патрабаваць 1 траўня адстаўкі прэзыдэнта і ўраду. Такое рашэньне прыняў агульнанацыянальны страйкам Беларусі. Леванеўскі-старэйшы быў запрошаны на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёну гораду.

Леванеўскі мае ўласны сайт у Інтэрнэце. Тут ён рэжа праўду-матку — пра карупцыю ў міліцэйскіх і судовых органах, пра Лукашэнку, пра начную спробу зламысьнікаў пранікнуць у кватэру, пра парушэньні таямніцы перапіскі. Даслаў адкрытае пісьмо Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму паслу Расеі ў Беларусі.

Іншы раз адчуваньне меры ўсё ж падводзіць Валер’я Станіслававіча. Вось ён гаворыць, што менчукі падчас першамайскай дэманстрацыі рыхтуюцца закідаць прадстаўнікоў улады «тухлымі яйкамі і розным гнільлём»…

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Антон Лабовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0