Шаноўны Васіль Сёмуха! Хачу адразу папярэдзіць, што чалавек я ня вельмі вясёлы, але разумею гумар і сам люблю пажартаваць. Адчуваю сябе вінаватым у Вашай злыбядзе і таму пастараюся хаця б неяк паспрабаваць апраўдацца.

Несумненна, што паміж мной і «ЛіМ»ам адбылося пэўнае непаразуменьне: я хацеў бы, каб былі падпісаныя тыя, хто жадае чытаць «ЛіМ», але абмежаваны ў сродках больш, чым я. Відавочна, лімаўцы не ўлічылі Вашага сацыяльнага статусу і (асабліва) сёньняшняй арыентацыі.

Аднак што зроблена, тое зроблена. І прыватная абвестка ў «Нашай Ніве» прымусіла мяне ня толькі зарагатаць на ўвесь тралейбус, а й задумацца: што ж мне рабіць, як выкручвацца зь недарэчнай сытуацыі, у якую паставілі мяне добразычліўцы зь «ЛіМу»?

Увогуле ў маіх дуроных глуздах заварушыліся адразу два варыянты: аформіць празь «ЛіМ» Вам падпіску на 2-е паўгодзьдзе; пайсьці з Вамі на абмен, прапанаваны ў абвестцы.

Пасьля некаторага роздуму першы варыянт быў адкінуты як бесчалавечны, таму праз «НН» высылаю грошы на выкшталцоную туалетную паперу. Зь сіламоц навязаным «ЛіМам» прапаную разабрацца так: пераадрасаваць яго мне як першапрычыне Вашага душэўнага неспакою (адрас у Рэдакцыі). Што рабіць, давядзецца мне чытаць «ЛіМ» два разы — за сябе і за Вас...

А калі сур’ёзна, то такі канфлікт сьведчыць, што ўсё ж ня сьлед уладам расстаўляць па розныя бакі барыкад творчых людзей: сьмешна выходзіць і сумна, а ўвогуле — сорамна.

Са шчырай павагай да Вас,

Юрась Нераток, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0