У сераду скончыўся тэрмін папярэдняга арышту экс-старшыні Менгарвыканкаму, экс-міністра замежных эканамічных сувязяў, экс-амбасадара ў Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі Міхаіла Марыніча. Нагадаем, сьледчыя КДБ абралі ў якасьці меры стрыманьня для Марыніча ўтрыманьне пад вартай. Што абвінавачаньне будзе прад’яўлена, сумневаў няма.

У сераду ж адбывалася і пасяджэньне адмысловай экспэртнай камісіі пры Радзе Бясьпекі, на якой разглядалася кожная паперка з тых, якія былі канфіскаваны з архіву на лецішчы Міхаіла Марыніча.

18 красавіка, нядзеля. На лецішчы Марыніча ў Зацені нехта выняў адну з аконных шыбаў. Гэта заўважыў сусед Марыніча. Па просьбе гаспадара суседзі пасьля беглага агляду дому адзначылі, што быццам бы ўсё на сваіх месцах. Міліцыі вырашылі не выклікаць.

20 красавіка. У кватэры Марыніча на пр.Машэрава раптам сталі дрэнна працаваць замкі.

24 красавіка, субота. Раніцай Марыніч заўважае, што ў ягоным аўтамабілі разьбіта шкло. Ён ідзе ў кватэру па грошы на новае шкло, аднак аказваецца, што ў хаце няма ні рубля. Каля 20.00 «Форд» Марыніча спыняе патруль ДАІ на вуліцы Арлоўскай у Менску. Пасьля праверкі дакумэнтаў запатрабавалі адчыніць машыну для надгляду асабістых рэчаў. Марыніч адмовіўся. На месцы зьяўляюцца апэратыўныя супрацоўнікі КДБ. Яны адчыняюць кейс, знаходзяць там 90 тыс. даляраў, а ў машыне — разукамплектаваны газавы пісталет. Марыніча вязуць у КДБ на размову.

25 красавіка, нядзеля. Да 4-й гадзіны раніцы перапісваюць нумары купюр, паралельна Марыніча распытваюць, адкуль грошы. Згодна з нашай інфармацыяй, яму нешта прапануюць, пакідаючы на роздум адны суткі. Супрацоўнікі КДБ прызначаюць Марынічу час сустрэчы, дадаючы, што ён мусіць прынесьці пацьвярджэньне таго, што гэта ягоныя грошы. У гэты ж дзень Марыніч ідзе на Сход інтэлігенцыі. Грошы, згодна з нашай інфармацыяй, прызнаюцца сапраўднымі.

26 красавіка, панядзелак. А 15-й Марыніч ідзе па грошы ў КДБ. Яго затрымліваюць. Пракуратура выдае санкцыю на вобшук на лецішчы, у кватэры, гаражы Марыніча. Увечары на лецішча прыяжджае апэратыўная група КДБ і праводзіць ператрус. У тым пакоі, дзе колькі дзён таму была вынята шыба, знаходзяць наразны пісталет гішпанскай вытворчасьці. Таксама канфіскуюць тэчкі з «сакрэтнымі матэрыяламі» з архіву Марыніча.

27 красавіка, аўторак. Старшыня КДБ Леанід Ерын афіцыйна пацьвярджае, што Марыніч затрыманы. На паседжаньні палаты прадстаўнікоў дэпутат Валеры Фралоў задае прэм’ер-міністру Сяргею Сідорскаму пытаньне аб прычынах затрыманьня Марыніча. Сідорскі адмаўляецца адказваць. А 19-й малодшы сын Марыніча Павал разам з маці, вярнуўшыся дадому, заўважае, што нехта ўваходзіў у кватэру. Замкі зачыненыя, але ня так, як звычайна. Да таго ж адчынены бальконныя дзьверы. У гэты ж дзень супрацоўнікі КДБ трасуць кватэру Ізабелы Марыніч — былой жонкі старэйшага сына Міхаіла Марыніча Ігара. Нічога не канфіскавана.

28 красавіка. Раніцай у КДБ былі выкліканы сыны Марыніча Павал і Ігар, а пасьля размоў зь імі сьледчыя правялі ператрус у гаражы Паўла. Паводле слоў Паўла Марыніча, ператрус працягваўся больш за тры гадзіны і завяршыўся канфіскацыяй некаторых дакумэнтаў арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва», якой кіраваў (згодна з рашэньнем Мінюсту, нелегітымна. — З.Д.) Міхаіл Марыніч. Заяву ў абарону Марыніча прымае дэпутацкая група «Рэспубліка», а 12-й у «БДГ» праходзіць прэс-канфэрэнцыя дэпутатаў, а 15-й — акцыя дэпутатаў «Свабоду Марынічу!» ля цэнтральнага ўваходу ў КДБ. У гэты ж дзень на затрыманьне Марыніча адгукнулася латвійскае міністэрства замежных спраў: з 1999 да 2001 г. Міхаіл Марыніч працаваў амбасадарам Беларусі ў гэтай краіне. МЗС Латвіі распаўсюдзіла адмысловую заяву, у якой выказваецца асьцярога, што арышт Міхаіла Марыніча — гэта зьвядзеньне рахункаў рэжыму з палітычнымі праціўнікамі.

2 траўня БТ увечары ў сюжэце пра Міхаіла Марыніча паведаміла некаторыя падрабязнасьці ягонай справы. На БТ сьцьвярджаюць, што частка знойдзеных у Міхаіла Марыніча 90 тысяч даляраў нібыта фальшывыя. Таксама БТ паведаміла пра чатыры кампутары, знойдзеныя ў Марынічавым гаражы. Паводле тэлежурналістаў, знойдзеныя ў гаражы кампутары Міхаілу Марынічу перадала амэрыканская амбасада для стварэньня рэгіянальнай сеткі арганізацыі «Дзелавая ініцыятыва».

Некаторыя высновы

Па-першае, зь сярэдзіны 90-х гадоў (а менавіта да гэтых часоў адносяцца «сакрэтныя матэрыялы») сьпіс дзяржсакрэтаў пасьпеў зьмяніцца. Па-другое, існуе паняцьце «састарэлыя сакрэты», якія на сёньня з розных прычын сакрэтамі больш не зьяўляюцца. Але калі хоць адна «грыфаваная» паперка будзе прызнана таямніцай, небясьпечнай для існаваньня дзяржаўнага ладу, Марынічу сьвеціць артыкул 377 ч.2 КК «Выкраданьне або пашкоджаньне дакумэнтаў асаблівай важнасьці, выкарыстаньне якіх можа нанесьці істотную шкоду дзяржаве» (штраф ці арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год). Марыніч казаў, што зьбіраўся з дапамогай гэтых дакумэнтаў пісаць уласныя мэмуары. Вядома таксама, што за тыя гады, калі гэтыя паперы знаходзіліся на лецішчы Марыніча, іх ніхто не шукаў. Разам з тым вядома, што, калі міністэрства замежных эканамічных сувязяў ліквідавалі, аб’яднаўшы зь Міністэрствам замежных спраў, яго архіву не прынялі, бо ў архіве МЗС не было месца. Тады былы міністар Міхаіл Марыніч і мусіў частку дакумэнтаў вывезьці на лецішча «для гісторыі». І вось ён у гэтую «гісторыю» трапіў.

Апроч гэтага, пры вобыску ў ноч на 27 красавіка на лецішчы Марыніча знайшлі гішпанскі наразны пісталет, а гэта ўжо артыкул 295 ч.2 — «Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі» (папраўчыя работы на тэрмін да 2 год ці арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 год з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе). Родныя кажуць, што ў Марыніча быў разукамплектаваны газавы пісталет і ніколі не было агнястрэльнага.

Грошы ж Марынічу пазычыў «нейкі расеец», які нібыта «ня ведаў, на што дае». Тэлебачаньне паказала стужку, дзе Марыніч гаворыць, што грошы павінны былі пайсьці на падтрымку беларускіх дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт. Марыніч ня мог ня ведаць, што гэта забаронена беларускім заканадаўствам. Дзіўна, што на ТБ паказалі фрагмэнт допыту, што таксама забаронена. Узьнікае сумнеў, ці была гэтая стужка ўвогуле сапраўдная: змазаны відарыс, кепска чутны голас, зацёрты хронамэтраж. Калі сапраўдная — невядома, ці ў адэкватным стане на той момант знаходзіўся Марыніч.

Стужка выклікала рэакцыі апазыцыі: Васіль Лявонаў у інтэрвію радыё «Свабода» заявіў, што Марыніч «да гэтага» (маецца на ўвазе арышт і жорсткі псыхалягічны ціск) «быў не гатовы». А Ўладзімер Парфяновіч сказаў, што, калі пачуе ад самога Марыніча «тое самае», г.зн. што ён браў ад расейскіх бізнэсоўцаў грошы пад выбары, ён ад Марыніча адмяжуецца.

Некаторыя вэрсіі

Палітычная. Усё робіцца дзеля таго, каб ён ня мог весьці палітычную дзейнасьць. Марыніч не выказваў жаданьня зноў балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду. Але ў дзень арышту, 26 красавіка, у другой палове дня ён павінен быў сустрэцца з паслом адной з эўрапейскіх краін. Кажуць, апошнім часам Марыніч шукаў краіну, дзе маглі б быць распачаты крымінальныя справы супраць беларускага кіраўніцтва. Заканадаўства шэрагу краінаў прадугледжвае ў некаторых выпадках узбуджэньне такіх крымінальных спраў і выдачу ордэраў на арышт.

Эканамічная. Марыніч — чалавек з сувязямі, у тым ліку з патэнцыйнымі інвэстарамі, у тым ліку — замежнымі. Да таго ж ён чалавек з вопытам кіраваньня, такі сабе «беларускі Аркадзь Вольскі». А ў бізнэсе часьцяком менавіта вага пасрэдніка, які вядзе перамовы з інвэстарам, вызначае першапачатковыя аб’ёмы інвэстыцыяў. Марыніч, кажуць, працаваў апошнім часам якраз над тым, каб прыцягнуць у Беларусь людзей, гатовых укладаць у нашу эканоміку грошы. Арышт Марыніча — гэта захад уладаў да спыненьня працэсаў кансалідацыі палітыкаў, бізнэсоўцаў, дырэктарскага корпусу, кіраўнікоў рознага ўзроўню ў барацьбе за зьмену ўлады.

Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0