Працягнуць нафтаправод Адэса—Броды да Вэнтспілсу прапанавала латышам Беларусь. Пра гэта напісала газэта «Коммерсант Baltic daily». З такой прапановаю да фірмы «Ventspils nafta» і латвійскага міністэрства зносін зьвярнуліся прадстаўнікі «Белнафтахіму». 26 красавіка ў Менску, са словаў кіраўніка транзытнага аддзелу міністэрства зносін Латвіі Андрыса Малдупса, адбыліся кансультацыі па гэтым пытаньні.

Вэнтспілскі тэрмінал зьяўляўся галоўным портам для экспарту расейскай нафты ў Эўропу. Для гэтага выкарыстоўваліся нафтаправоды з Полацку. Але ў 2002 г. Расея зьнізіла пастаўкі нафты праз Латвію, а потым і зусім іх спыніла ды пачала выкарыстоўваць уласныя новазбудаваныя тэрміналы.

Нафтаправод Адэса—Броды быў пабудаваны ў 2002 г., каб пампаваць касьпійскую нафту ў Эўропу. Яго прапускная магчымасьць — 9—14,5 млн т нафты за год. Прадугледжваецца пашырэньне магчымасьці да 40—45 млн т. Эўрасаюз пакуль ня даў грошай для працягу руры да польскага Плоцку, які зьвязаны з Гданьскім партом. Цяперака тая труба не выкарыстоўваецца.

Беларусы ж прапанавалі латышам працягнуць нафтаправод супольнымі намаганьнямі з Бродаў да Мазыра, адкуль ідзе труба да Полацку і далей да Вэнтспілсу.

Руслан Равяка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0