Крыніцы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі паведамляюць, што там усё ж прынятае рашэньне пра рэфэрэндум за новы тэрмін для Лукашэнкі. Рэфэрэндум спалучаць з выбарамі ў палату. Саюзнага пытаньня быццам бы ня будзе. Апазыцыя гатовая ўдзельнічаць у выбарах, бо лічыць іх спосабам дайсьці да людзей. Тым больш што пасьпяховы байкот арганізаваць нерэальна. Але ўдзельнічаць у выбарах і пры гэтым байкатаваць рэфэрэндум немагчыма. Зыходзячы з гэтага, апазыцыя мусіць заклікаць людзей сказаць на рэфэрэндуме «НЕ» і прарывацца на выбарах. Ня выключана, што частка дэмакратаў урэшце далучыцца да байкотнай акцыі КХП. Але пакуль яны настроеныя змагацца.

Лёс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году вырашаўся за два гады да іх правядзеньня — у 1999-м. Улады пачалі той год з арышту экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра. З боку апазыцыі 1999-ы адзначыўся падпольнымі выбарамі, уцёкамі Шарэцкага, расколам БНФ. Усё гэта адбывалася на фоне вайны ў Косаве, а ўнутры — псэўдадыялёгу ўладаў і апазыцыі, да якога ўлады змусіла Эўропа.

За пяць гадоў амэрыканцы перамясьціліся з Косава ў Ірак, у Эўропе зьявілася новая ўтопія — што дэмакратызацыю Беларусі можа правесьці… Расея. Так, прынамсі, вынікала з заявы міністра эўрапейскіх справаў Вялікай Брытаніі Дэніса Макшэйна ў інтэрвію расейскаму агенцтву навінаў «РИА-Новости»: «Эўрапейскі Зьвяз і Расея павінны супрацоўнічаць у пытаньні падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі».

За два гады да выбараў 2006-га лёс Чыгіра паўтарыў Міхаіл Марыніч. Чыгір пакінуў Лукашэнку ў 1996-м і трапіў за краты ў 1999-м. У Марыніча шлях да турмы заняў таксама тры гады пасьля паходу ў прэзыдэнтуру ў 2001-м. Усё паўтараецца з дакладнасьцю да месяца. Што далей? Новыя палітычныя забойствы?

Польскія СМІ зьвязалі красавіцкія акты варожасьці (шпіёнскі фарс) з прошукамі ня толькі Ерына, але й наўпрост расейскіх спэцслужбаў, якія мелі на мэце перашкодзіць паляпшэньню адносінаў з Захадам. Калі гэта так, новых забойстваў вымагае сама схема, бо нешта ж мусіць зрабіць немагчымымі спакусьлівыя праекты памяркоўнага крыла: нармалізацыю адносінаў з Захадам, паступовую дэмакратызацыю, прыватызацыю, выбар пераемніка.

Зрэшты, схему можа задаволіць і калектыўнае палітычнае забойства — забойства пэрспэктываў краіны, яе лідэраў і яе шанцаў на інтэграцыю ў Эўропу. Чарнобыльскі ваяж і арышт Марыніча ў такім разе выглядаюць першымі актамі гэтае драмы. Наступны — пампэзная дэманстрацыя ўсенароднага адабрамсу на 60-я ўгодкі вызваленьня ад немцаў. Далей — канчатковая падвёрстка Канстытуцыі пад аднаго чалавека.

Прага ўлады, смак улады — што яны робяць зь людзьмі! Машыну, якой адмовілі тармазы, спыніць можа толькі сьцяна.

Калі на рэфэрэндум будзе наўпрост вынесены працяг паўнамоцтваў да 2009 г., гэтага народ ня прыме. Калі ж гаворка пойдзе аб праве для Лукашэнкі балятавацца яшчэ раз, дык выйгрыш рэфэрэндуму зусім ня будзе азначаць аўтаматычнага выйгрышу выбараў у 2006-м. Самая непрадказальная ўлада, 10 гадоў паўтараючы тыя самыя схемы, становіцца ўсё больш прагназаванай, што пазбаўляе яе шанцунку на полі ірацыянальнай палітыкі. А ў прадказальную палітыку Лукашэнка гуляць ня зможа.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0