Інтэлектуалы попу — Аляксандра й Канстанцін — сталі першымі ў гісторыі прадстаўнікамі Беларусі на «Эўрабачаньні». Выйгралі ці прайгралі, якая розьніца — першы блін можна й сабаку. Галоўнае, мы там ёсьць. Мы сталі цікавыя самі сабе. Беларуская маскультура нараджаецца. Гадамі інтэлектуалы закліналі: маскультура, паўстань. Вось яна нараджаецца, і нават за яе ня сорамна. «АіК» добра ловяць аўтэнтычную народную манеру сьпеваў, хоць калядную песьню могуць засьпяваць як вясновую. «Мой Галілей» — у ёй ёсьць драйв. Нармальны белапоп. Каб жа шчэ па-беларуску… А то You’re my pier I’m here. Шкада: уся Эўропа магла б пачуць, што гэта за такая беларуская мова, мэлёдыка-фанэтыка. «АіК» — частка барысаўскага фэномэну. Нейкі энэргетычны выбух адбываецца ў вайскова-турэмным горадзе, зь якога выйшла за апошнія гады плеяда палітыкаў, бізнэсоўцаў, пісьменьнікаў, музыкаў.

Фантастыка: Беларусь перажывае бум папулярнасьці беларускае музыкі. А што тут незвычайнага, спытаўся б паляк ці эстонец. Але ў нашых палестынах дзіва дзіўнае. Беларускія гурты зьбіраюць тысячныя залі! Кліп за кліпам, прэм’ера за прэм’ерай! Госьці! Монтэвідэа! Мірны з Алесяй!!! Адкуль што ўзялося? З 50% айчыннае музыкі на радыё. Дзякуй клятаму Падгайнаму. І ніхто не наракае, і нікому ня стала горш. Гэта — скептыкам беларускага адраджэньня.

49-ы міжнародны музычны конкурс «Эўрабачаньне-2004» у Стамбуле праводзіцца ў жывым эфіры. Паўфінал адбыўся ў сераду, фінал — у суботу 15 траўня а 21-й вечера па сярэднеэўрапейскім часе. У конкурсе бяруць удзел 36 краінаў. Ён праходзіць у адным з найбольшых у Стамбуле спарткомплексаў «Abdi Ipeksi Arena», з заляй на 7500 месцаў. Дэвіз панэўрапейскага шоў — «Пад адным небам». Штогод відовішча прыцягвае больш за 100 мільёнаў тэлегледачоў. Бюджэт конкурсу складае 8,3 млн даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0