29 красавіка — 2 траўня 2004 г. у Менску адбыўся фінал літаратурнага конкурсу «Твор пра каханьне», прысьвечанага 700-годзьдзю Ф.Пэтраркі. Падчас майстар-клясаў маладыя літаратары напісалі між іншага крытычныя зацемкі пра сваіх калегаў. Публікуем некаторыя вершы фіналістаў разам з фрагмэнтамі гэтай крытыкі.

Андрэй Хадановіч

Вольга АНІКІЕВІЧ

«Вольга Анікіевіч прыемна зьдзівіла — прынамсі, мае стэрэатыпы пра паводзіны падманутых, кінутых, закінутых, пасланых, засланых і перазасланых парушыла. Аказваецца, абсалютна на ўсе рэчы можна глядзець досыць іранічна, выкарыстоўваючы ня толькі зьдзек ды добра прыхаваную крыўду, але й самаіронію».

Sаny Dragonfly

Пра вечнае

Каханьне ня мае гадзіньніка.

Таму ты спазьняешся,

Таму ён чакае бязьмерна доўга,

Таму гэта шчасьце.

Каханьне ня мае тэрмомэтра.

Таму ты ня п’еш лекаў,

Таму ён ня ведае, што ўжо хворы,

Таму вы не паміраеце ад грыпу.

Каханьне ня мае золата.

Таму ты ніколі не фарбуешся,

Таму ён ніколі ня бачыць тваіх дзіравых панчох,

Таму для вас няма перашкод.

Каханьне ня мае хібаў.

Таму ён ідэальны,

Таму ты непаўторная,

Таму мы й не кахаем, бо ўсё занадта добра

І гадзіньнікі існуюць паўсюль.

Яўген БУРЫ

«Заблукаўшы ў жыцьці, чалавек прыходзіць у парк, каб пабыць сам-насам са сваім сумам, адзінотаю й тузінам адвечных рытарычных пытаньняў. І пакрысе разбор палётаў асабістага «я» ператвараецца ў сапраўдную мэдытацыю…»

Кацярына Марголь

* * *

Разьвітаньне. Апошнія словы,

Што сказаць намагаліся век,

Сьсеклі вусны, сьлязою сталёвай

Адракліся дрыжачых павек.

У бяздоньні вачэй палымяных

Зьнерухомеў імклівы прамень.

Гукі сьпяць, толькі водар туману

Ахінае абуджаны дзень.

Сакавітым павейваньнем ветру

Шчодра лашчацца пасмы бяроз.

Салямонава постаць пад кедрам

Адбіваецца ў кропельках сьлёз.

Цемрык ВЕЛЕТ

«Нешта ў лесе вялікае здохла. Можа, ня ў лесе. Можа, паўсюль паздыхала… І вынікам сталіся творы Цемрыка Велета. Магчыма, што здохла гэта ўсё менавіта ад гэтых «творыкаў», бо яго паэзію абсалютна натуральна назваць кіслотным дажджом у сучаснай беларускай літаратуры».

Уладзімер Лянкевіч

(Маё паўднёвае мноства)

увечары вароны ды іншыя крыклівыя постаці

знаходзяць мэку ў вартаўнікоў

мае межакрылы не назіраюць зорнасьці

ў небе між бітага шкла парнікоў

цябе могуць знайсьці й адвезьці ў турму

бо ты чужы ненадзейны сябар

нейкага там балотнага цэнтру

дзе я толькі пакупнік і аматар

падсьвечаны й тыражаваны глухі менск

дзівіць правінцыялаў ды іншую навалач чысьцінёю

нават зімою будзе квітнець бэз

калі гэтага захочуць бамжы й героі

у віхуры танцу любімага спрадвечнага

пад гвалт калёнак і скрыгатаньне льду

аддайся мой мая маё да болю елачнае

колкае ні на што не падобнае — я іду…

мае скалечаныя й людажэрныя вершы

ніколі ня стануць прыкметай вялікага красамоўства

проста сёньня на вуліцы сьнег і першы

ліст дасланы да цябе маё паўднёвае мноства

Sаny DRAGONFLY

«Шчыра кажучы, у кожным з нас недзе глыбока-глыбока ўсё-такі сядзіць сэнтымэнтальны хлюпік на пару зь летуценным рамантыкам. І гэта вельмі добра, што ў адным і тым жа часавым і прасторавым кантынууме поруч з творамі а-ля «Бумбамліт» можна знайсьці творы а-ля Саня Страказа, дзе галоўную ролю грае якраз рамантыка».

Юлія Шастак

* * *

Цішэй…

Грае дождж па званюткай вадзе,

Грае дождж, ці гуканьне, ці шэпт…

Я змарную сваю надзею,

Я змарную сваю надзею,

Дзе я, дзе я,

Дзе?

Глядзі:

Мы сустрэліся, зблытаўшы сны,

Пад нагамі дрыжыць маладзік…

Мы тут воляю чараўніцы,

Мы тут воляю чараўніцы,

Сьніцца, сьніцца…

Зьнік.

Хадзем,

Я цябе правяду да нябёс,

Ты — чужы, як і я, між людзей…

Вочы твае — чысьцюткія росы,

Вочы твае — чысьцюткія росы,

Сьлёзы, сьлёзы,

Лёс.

Я змарную сваю надзею.

Дзе я,

Дзе я,

Дзе я…

Глеб ЛАБАДЗЕНКА

«Не зьвяртаць увагі на вершы Глеба Лабадзенкі цяжка. На ягоную творчасьць існуе своеасаблівая мода… Яго любяць, яму зайздросьцяць. Прычына зайздрасьці — у літаратурным посьпеху. Прычына посьпеху — у вынаходзтве новага жанру паэзіі… Пагер-вершы зьдзіўляюць, падабаюцца, шакуюць. Ня ведаю чалавека, якога б яны пакінулі абыякавым».

Вольга Марозава

* * *

Трымаць —

а не трымацца —

слова,

цябе цалаваць

у любы мароз.

Гэта —

сьвята

зь вясёлым назовам,

да якога я

не дарос.

Ціха палец

тулю да гашэткі,

і карціну

нясе

па акне.

Белы шалік

дарожнай

разьметкі —

ватэрлініяй

мне

на дне.

Уладзімер ЛЯНКЕВІЧ

«Чалавек, якога забілі ў пад’езьдзе. Чалавек, які сам вызначыў паняцьце «пад’ездавасьць» ня ў сэнсе тыповасьці, блякласьці й брутальнасьці, а своеасаблівага стылю паводзінаў як у паэтычным радку, так і ў музыцы. Безумоўна, шмат хто пачне наракаць: «Вось яшчэ адзін гарадзкі!» — і будзе мець рацыю».

Цемрык Велет

* * *

Лаўка. Ён. Ляжыць.

Уткнуўшыся носам у першы нікчэмны сьнег,

ці то сон, ці то праклён, сьнег раньні, яшчэ певень зімы не

прасьпяваў.

Ляжыць. Накрыўся капялюшам.

Кажуць: «П’яны, батрак, наркаман, напаліўся, не, п’яны…

А раптам…»

Кажуць, праходзяць побач тупатам.

А ён не самагубца.

Проста не стрымаў дакору, ніхто не зразумеў.

Не пачуў.

Пакрыўдзіўся ён, як дзіця, радасна-сумна лёг і памёр.

Кацярына МАРГОЛЬ

«Перажыць — значыць адчуць жыцьцё кожнай клеткаю сваёй плоці, кожным нэрвам сваёй душы… Героі Кацярыны Марголь — бунтары ад бясьсільля. Людзі, што прагнуць глыбіні жыцьця і таму апускаюцца на яго дно, каб зразумець, што дна не існуе».

Яўген Буры

* * *

Ля шыі схлусі,

Як пальцы бягуць па пацерках…

Твой позірк — бы стрэл,

Бы здрадлівы amen — жаліцца.

Паклянчы малітваў,

А лепей за ўсё — па мацерцы.

Ужо ўсё адно —

Ці шэптам,

Ці ўголас лаяцца.

Ты просіш чакаць.

З адчайных вяршынь — у пакутніцы,

Пачварай зпаўсьці

У бездань — красуню смуглую.

І верыць у цуд — а што калі раптам круціцца,

І веры даваць — а што калі раптам круглая.

Вольга МАРОЗАВА

«Выбітны паэт А.Сыс напісаў: «Ёсьць прыгожыя вершы. Прыгожых паэтаў няма». Выбітны паэт А.Сыс проста ня ведаў Вольгі Марозавай. Вользе пашанцавала, што яна не мужчына, — інакш нарцысізму ёй было б не абмінуць. А прыгожай дзяўчыне можна пісаць любыя вершы. Але Вольга Марозава ня піша любых вершаў, а піша толькі харошыя».

Глеб Лабадзенка

* * *

Прыйшоў цягнік.

Не да мяне.

У іншы бок.

А я чакаю.

Амаль што мой,

Бо так падо-

Бны да майго.

Я не спыняю.

Цябе стварала —

Не змагла

Зьмірыцца, зь лё-

Гкасьцю змалола.

Усьведамляла.

Берагла

Свае палё-

Ты без анёла.

Віялета ПАЧКОЎСКАЯ

«Файныя мэтафары паэткі — ня сродак нешта схаваць, наадварот, думаецца, што для Віялеты Пачкоўскай сьвет існуе ў гэткіх самых праявах, што і ў яе вершах».

Вольга Анікіевіч

Напрадвосені

Ня бойся, распранайся.

Мы ідзём

Выколваць вочы ночы. Жнівень. Твой

Салёны смак і водар палыновы.

І я — мэтафара the best да слова «восень».

Нам хопіць органаў пачуцьцяў —

Адшукаць

Чарговы ўсход і філязофскі камень,

Нам хопіць перашкодаў —

Пазабыць

Свае імёны і чужыя хайку.

Я расьцякуся па тваёй крыві,

Ты зацьвярдзееш у маіх касьцях.

Ты быў.

Я буду.

А цяпер мы ёсьць,

І немагчыма зашпіліць маланку

На голай праўдзе

Й патаўсьцелай ночы.

Я затушу апошніх сьветлячкоў.

Ня бойся, распранайся,

Мой анёле.

Ня бойся, дай руку,

Я — твая восень.

Юлія ШАСТАК

«Часам можна пачуць, што пісаць у рыфму і з рытмам сёньня нямодна. Нібыта памер, рыфма стрымліваюць палёт думкі, кіруюць паэтам, абавязваюць, у выніку чаго выходзіць зусім ня тое, што мелася быць на пачатку. Але ў кожным правіле ёсьць выключэньне, бо калі рабіць нешта віртуозна, гэта заўсёды будзе заўважана. Такім выключэньнем ёсьць творчасьць Юліі Шастак».

Віялета Пачкоўская

Рамонкавы сум

У рамонкавых зрэнках анёлаў

Адбіваюцца сумныя зьявы.

Адбываюцца сумныя зьявы

Ў сэрцах цэркваў, у сэрцах касьцёлаў.

Дзеля нейкай вясёлай забавы,

Рытуальнай падмены пярсьцёнкаў,

Спалучэньня двух вуснаў у гронку

Вас паклікаў сьвятар, дзеля справы,

На якую ў час ранішняй кавы

Пазіраюць з халоднай і тонкай

Ўсьмешкай сумныя вочы рамонкаў

Зь недасяжнай нябеснай дзяржавы,

Зь недасяжных нябесных маёнткаў.

Вось урэшце сьвятар маладжавы

Скажа «амэн» з лагодай і жалем —

І гульцам, бач, бывае няёмка.

У рамонкавых зрэнках анёлаў

Адбіваюцца сумныя зьявы.

Адбываюцца сумныя зьявы

Ў сэрцах цэркваў, у сэрцах касьцёлаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0