Ужо 20 год запар у вёсцы Забродзьдзе на Вялейшчыне 9 траўня зьбіраецца грамада дзеля ўшанаваньня Дня Перамогі. Ладзіць мерапрыемства мастак Барыс Цытовіч — тамтэйшы жыхар, які ператварыў глухі куток у сапраўдны музэй пад адкрытым небам.
Пасьля заканчэньня Тэатральна-мастацкага інстытуту ён разам з жонкай Валянцінай у 1974 г. пераехаў сюды на сталае жыхарства. У саракагадовы юбілей перамогі ў Забродзьдзі быў закладзены мэмарыяльны парк і нарадзілася традыцыя сьвяткаваньня гэтай падзеі шырокім колам сяброў, землякоў і гасьцей з розных куткоў. Дрэвы былі пасаджаны пісьменьнікамі і мастакамі, вайскоўцамі і вучнямі, і цяпер на высокім беразе ракі Нарачанкі вырас ладны парк.
З часам сядзіба мастака і суседнія хаты ператварыліся ў сапраўдную экспазыцыю, якая падае лад жыцьця пачатку мінулага стагодзьдзя і ўтрымлівае як этнаграфічныя рысы звычайнай вёскі, так і цікавыя рэчы вайсковага побыту часоў першай сусьветнай. Апошнія экспанаты невыпадковыя, бо гэтыя мясьціны багатыя на падзеі і той вайны. Намаганьнямі мастака ў лесе недалёка ад вёскі ля шашы на месцы вайсковага шпіталю і могілак пастаўлена маленькая каплічка ў памяць палеглых царскіх жаўнераў. Менавіта малебен на гэтым месцы пад суправаджэньне звона, вырабленага з артылерыйскай гільзы, распачынае сустрэчы 9 траўня. Так было і цяпер, калі ўжо ў дваццаты раз зьехаліся людзі рознага веку (усяго недзе дзьве сотні), каб сустрэцца з нагоды Перамогі.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Усевалад Сьцебурака, Забродзьдзе—Менск