Не хвалюйцеся, гэта не рэкляма, а крытыка. І гарадзенскі «День», пераемнік традыцый «Пагоні», выходзіць па-беларуску, хай сабе «наркамаўкаю», і рэклямны слоган прыдуманы не супрацоўнікамі выданьня: для газэты, якая не прадаецца ў шапіках, але мае пяць тысяч накладу, рэкляма — наўрад ці першачарговы клопат.

Пагартаўшы некалькі нумароў «Дня», я адчуў, кажучы высокім стылем, непераможнае жаданьне выказацца на заўсёды актуальную тэму свабоды творчасьці. У сёньняшнім беларускім — зноў жа высокім стылем — дыскурсе ўсякага кшталту свабода заўжды супрацьпастаўляецца канкрэтнаму палітычнаму праекту. Атрымліваецца ўстойлівая пара з загадзя вызначанымі адмоўным і станоўчым пэрсанажамі. Трэба зрабіць намаганьне, каб адрозьніць у дыскусіі пра межы дазволенага ў «калябаранцтве» адвечныя матывы, вызваліць спрадвечную праблематыку ад палітызаванай канкрэтыкі.

У асяродзьдзі людзей, якія працуюць у сфэры беларускай культуры, раскол: адны рашуча або паціху рушылі да дзяржаўнае кармушкі, другія — рашуча або паціху — адмовіліся ад гэтага гонару. Некаторыя, як Віктар Шніп, памкнуліся былі адначасова ў абодва бакі, але мусілі выбіраць, бо напружаньне паміж хаўрусамі занадта вялікае. Найвышэйшы ўзровень зацятасьці прадэманстраваў Васіль Сёмуха, публічна зрабіўшы прыкрасьць «ЛіМу» адмовай ад дармовай падпіскі на «холдынгавае» выданьне.

«День» і «Советская Белоруссия», якія я выпадкова гартаў у адзін дзень, уносяць у малюнак чорна-белага супрацьстаяньня нечакана густыя шэрыя адценьні. Газэты, пры ўсёй фармальнай рознасьці, надзіва падобныя ў зададзенасьці асьвятленьня праблем. Кірунак у абодвух выпадках вызначаецца пазыцыяй улады, толькі ў апазыцыйным «Дні» яна бярэцца з адмоўным знакам. Глыбіня аналізу абмежаваная імкненьнем захаваць ідэалягічную чысьціню, што дасягаецца, як заўсёды ў такіх выпадках, цаной ператварэньня праблемы ў комікс, дзе ёсьць адно «нашы» і «ня нашы», або, як зусім нядаўна любілі цытаваць, «чэсныя» і «нячэсныя».

Параўноўваючы незалежную гарадзенскую газэту з галоўным афіцыёзам краіны, цяжка адпрэчыць пытаньне, як стасуецца да згаданае вышэй палярызацыі аднолькава сьціплы ўзровень тэкстаў, якія яднае астранамічная адлегласьць ад сусьветных узораў (яны дзякуючы Інтэрнэту даступныя сёньня як ніколі раней). Калі нейкі з бакоў мае рацыю, даводзіць яе на культурным полі (да якога хацелася б залічваць і газэты таксама) лепш не пратэстамі, а хоць бы нейкімі дасягненьнямі.

Недаўменьне выклікае ня толькі зьмесьціва газэтных палосаў. Праглядаючы «Дзеяслоў» і «Маладосць», нельга адказаць, што тут апраўдвае Сёмухаву эмацыйнасьць, бо «Дзеяслоў» ні на парадак ня лепшы за «Маладосць». Нічога не знаходзіцца і ў апраўданьне Шніпавага апартунізму (эвалюцыю стваральніка «сабачых гісторый» цяжка пазначыць больш мяккім словам), бо «Маладосць» ні на парадак ня лепшая за «Дзеяслоў». Ці да месца тая палярызацыя, гэтакія жарсьці, калі з аднаго боку малачытэльная проза і з другога — таксама і абсалютную большасьць тэкстаў можна лёгка пераставіць зь незалежнага ў холдынгавы часопіс і наадварот? Што «калябарацыя», што «супраціў» даюць на літаратурнай ніве надзіва аднолькавыя вынікі.

Клеймаваць «калябарантаў» было б нашмат ямчэй, маючы ў актыве пару гучных назваў ці, яшчэ лепш, імёнаў. Зрэшты, выдатны твор, на які зьвярнула б увагу грамадзкасьць, надаў бы сэнс любой пазыцыі. Кніга ці кінафільм, пра якія гавораць, часопіс, які імкліва набраў годны тыраж (і ня шляхам рассылкі або ведамаснае падпіскі), карацей кажучы — гучнае імя. Гэткі аргумэнт на доўгі час суцішыў бы спрэчкі.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Даніла Жукоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0