Сэнс гэтай тэхналёгіі ў тым, што з высушанай вінаграднай макухі робіцца пры дапамозе адмысловай хімічнай апрацоўкі парашок, з чайнай лыжкі якога атрымліваецца бутэлька напою, што сваім смакам ідэнтычны натуральнаму віну. Але градусу ў ім няма, гэтаксама як і цукру. Таму туды ў пэўнай кансыстэнцыі дадаюцца сьпірт і цукар. Сабекошт такога сурагату фантастычна нізкі — 4 цэнты за літар. Называецца ён — віно арыгінальнае.

Беларускі рынак віна і вінных напояў адрозьніваецца ад рынкаў аналягічнай прадукцыі ў іншых краінах у першую чаргу празьмерным разьвіцьцём індустрыі пладовых моцных напояў, сумна вядомых пад назвамі «пладова-выгаднага віна», «чарніла», «чарла», «чарліка», «бырла» і г.д. Тады як пераважная большасьць ужываных вінаградных вінаў паступае з Малдовы альбо вырабляецца беларускімі прадпрыемствамі з малдаўскай сыравіны. Аднак якасьць большасьці з гэтых напояў можна паставіць пад сумнеў: хоць атруціцца і немагчыма, але паводле міжнародных (у тым ліку і тых, якія дзейнічаюць унутры Малдовы) стандартаў іх можна назваць кантрафактнымі.

Трэба падкрэсьліць, што гэтая прадукцыя трапляе ў Беларусь цалкам легальна. Аб’ёмы імпарту можна ўявіць, калі даведацца, што на Беларусь прыпадае больш за 7% малдаўскага вінаробнага экспарту.

Законы аб вінаградных вінах у Беларусі практычна адсутнічаюць. Ніякіх нарматываў няма, таму, няглядзячы на тое што кожнаму спэцыялісту ў гэтай галіне вядома, што такое вінаграднае віно, паводле заканадаўства віном можна назваць любы напой, які ўтрымлівае пэўны градус і вінаградную альбо пладовую аснову. А экспэртыза далёка не заўсёды можа вызначыць, што знаходзіцца ў бутэльцы — віно ці штучны сурагат, выраблены з хімікатаў.

Раман Мамчыц

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0