Гэтую аршанку можна сьмела заносіць у кнігу рэкордаў Гінэса. Маладзіца нарадзіла ды здала дзяржаве на ўтрыманьне ажно 15 (!) дзяцей.
Ворша — рэкардсмэн у Беларусі ня толькі па колькасьці вязьніцаў ды зьняволеных на душу насельніцтва, але й па колькасьці ўстаноў апякунства. Іх у горадзе чатыры: дом немаўляці (дзеткі да 3-х гадоў), дзіцячы дом (для дашкольнікаў) і дзьве школы-інтэрнаты. Большасьць выхаванцаў усіх гэтых устаноў — сіроты пры жывых бацьках. Ёсьць і «падкінутыя» дзяржаве матулямі-«зязюлямі». Адну зь іх можна сьмела заносіць у кнігу рэкордаў Гінэса. Маладзіца нарадзіла ды здала дзяржаве на ўтрыманьне ажно 15 (!) дзяцей. Вядома, ад розных татаў. «Ці вінаватая я, што мяне мужчыны так кахаюць?» — кажа маці-«гераіня». Але ў найбліжэйшы час Аршанскі дом немаўляці, якому, дарэчы, споўнілася ўжо 85 гадоў, будзе зачынены. Рашэньне аб гэтым прыняў Віцебскі абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, бо будынак установы не адпавядае сучасным патрабаваньням. Дзетак, а іх тут каля сарака, плянуецца перавезьці ў Віцебск. Асобных нехта захоча ўсынавіць. Збольшага апошнім часам маленькіх гаротнікаў бяруць на выхаваньне іншаземцы. Праўда, ім дазваляюць вывозіць з краіны выключна дзяцей з ЗПР, алігафрэнаў (іх тут хапае, бо ў асноўным бацькоўскіх правоў пазбаўляюць алькаголікаў ды розных сацыяльна-небясьпечных асобаў). Летась, напрыклад, з 12 усыноўленых 8 паехалі да новых бацькоў у ЗША, Швэцыю, Ірляндыю.
Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"
Яўген Жарнасек, Ворша