З запазухі

Толькі

Адны спартоўцы ды яшчэ вайскоўцы могуць выступаць за розныя краіны.

Паэт — толькі за сваю зямлю, за сваю радзіму. Праўда, у наш збаўтаны час нарасьлі дзеці капітана гранта (грантасмокі), нават прафэсійныя беларусы. Паэты — болей рэліктавыя цені. Нездарма ж аднойчы Васіль Быкаў сумна ўсьміхнуўся: «Цяпер Саюз пісьменьнікаў значыць меней, чымся Саюз рыбаловаў».

Будучая карова

Вушацкая аўтастанцыя. На сьцяне аб’ява: «Прадаецца будучая карова, падцёлка. Цяліцца будзе ў студзені месяцы».

А пасажырская гурма ні мычыць, ні целіцца.

Эстафэта пакаленьняў

Куляючы чарку за чаркаю, дзядзька раіў пляменьніку:

— Ніколі не запівай — беражы карысную плошчу…

Гэта каб пад канец застольля не шкадаваць, што выпіў болей, чым мог, але меней, чым хацеў.

Прафэсіяналы звычайна пра чарку кажуць замілавана: першая калом, другая сакалом, а трэцяя дробнай птушачкай.

Эстафэта пакаленьняў пітакоў непарыўная.

Камуністы, як ні біліся, непарыўнасьці такой не дабіліся.

Кароўі нмі

Мама ўспамінае нашу карову з хутару Верасовачка: «У яе чаічка на лбе…», пасьля:

— Кароўі нмі запісавай: Туроля, Белахвостка, Букетка, Зьвяздэня й Зорка, Падласка (пад жыватом бела), Лысоня, Белахрыбтка, Касмыль, Быстроня, Памаўза (памаўзьлівая), Гілёня (чырвоная была), Гарбалыска, Лісіца, Салавей.

Колеры, гукі, замілаваньне й трапнасьць грэюць душу. Тут і паўдзён, і гіз, і туман сырадою, і сьнег малозіва. Чуваць мамін прыгавор: «Чалавек відаць летам без кароўкі, зімой — без кажушка».

А мама мне:

— Во яшчэ нмі вёсак нашых: Пальчыкі, Памялковы, Бугаі, Сітнікі, Ідата, Бычкі, Ляжні, Гарбаціца, Пожанькі, Паліцаі, Ціханяты, Двор Жары, Ваўчо, Занавіньне, Кручча, Лажані, Вяркуды, Вугрынкі, Гасбэрак, Крошына, Антунова, Вярхоўя, Рубанікі, Задаброцьце, Зазер’я, Занавіньне, Мосара, Завячэльля, Юркоўшчына, Глыбачка, Пісаронкі, Увалокі, Туроўля, Адворня, Паперня, Янова, Курылёнкі, Цьвеціна.

Зямныя сузор’і крывіцкіх абсягаў, прапамяці. Якая спадчына лучыць душу зь вячнінаю…

Як увосень пагояў

Рэдка езьдзіў да мамы. Гаротніца й казала:

— Матка цябе бачыць, як увосень пагояў. Сонца выясьніцца, і зноў воблакі…

Цяпер думкі мае толькі там, толькі каля мамы. Але позна.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Працяг. Пачатак у «НН» за 2003 год і ў №8, 10 за 2004

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0