22 траўня ў Полацку ўручалі літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Ляўрэатам «Вялеса-2003» стаў празаік, драматург, літаратуразнавец Пятро Васючэнка за кнігу казачных аповесьцяў «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі».

У сваёй прамове П.Васючэнка распавёў, што летась ён напісаў кнігу «100 найлепшых пісьменьнікаў сьвету ХХ ст.», працуючы над якой выразна прасачыў, што літаратары ХХ ст. у сваіх творах змадэлявалі лёс мінулага веку. Яны прадказалі асноўныя навуковыя і тэхнічныя адкрыцьці, сацыяльныя катаклізмы, антыгуманныя рэжымы з канцлягерамі і катоўнямі, свае асабістыя трагедыі і нават Чарнобыль.

П.Васючэнка ўпэўнены, што ў ХХІ ст. літаратура будзе разьвівацца іншым шляхам — будзе шукаць іншых герояў, мадэляваць іншае, больш гуманнае грамадзтва.

Кніга «Жылі-былі паны Кубліцкі да Заблоцкі» выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» з надзвычайнымі ілюстрацыямі мастака Ўладзімера Лукашыка. Экспэрты «Вялеса» палічылі, што гэтаму зборніку казачных аповесьцяў наканавана стаць хрэстаматыйнай кнігай беларускай дзіцячай літаратуры. Аўтар абяцае і працяг твору.

Васіль Кроква, Полацак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0