Мёртвыя не пацеюць

Боля

Адзінае, што табе недаспадобы ў антычным сьвеце, — ідыёцкая звычка старажытных грэкаў напалам разбаўляць віно вадою. Ты ўпэўнены, што калі б эліны спажывалі чысты прадукт, іх даробак у цывілізацыі быў бы прынамсі ўдвая значнейшы.

Да прыкладу, апісваючы асноўныя чалавечыя пачуцьці, Арыстотэль несумненна пайшоў бы далей, а не спыніўся на пяці, спарадзіўшы гэтым самым спрэчку: якое ж пачуцьцё ў прапанаванай ім сыстэме мае падставы прэтэндаваць на шостае месца? Часу? Раўнавагі? Небясьпекі? Каханьня?

А можа — болю?

«Мама! Боля! — крычыш ты, уцякаючы ад кусту агрэсту, што да крыві пакалоў табе ручкі, а цяпер, табе здаецца, гоніцца за табою па сьцежцы, каб пакалоць дупцю. — Боля!»

Табе два гады. «Боля» — адзін зь першых успамінаў у тваім і, напэўна, ня толькі ў тваім жыцьці.

Тады «боля» сьведчыла, што ты ўжо жывы. Цяпер яна нагадвае, што ты жывы — яшчэ.

Адсякаючы ўсё астатняе, боль здатны прывесьці ў стан, блізкі да дзэну.

Боль мае дзясяткі, а мо й сотні эпітэтаў: востры і тупы, манатонны і маланкавы, калючы і пякучы, кусьлівы і дзяўблівы, казытлівы і грызьлівы, ясны і цёмны, бясконцы і бязьмежны...

Апошні эпітэт недакладны. Боль не бывае бязьмежным: ён дакладна абмежаваны тваім целам. Цяжка хворы на сьпінную сухотку Альфонс Дадэ занатоўваў у дзёньніку: «Кожны робіць сабе свой боль, а пакуты мяняюцца, як голас сьпевака, у залежнасьці ад акустыкі залі».

Боль падзяляе людзей на тых, хто баіцца і пазьбягае яго любой цаною, нават цаною сьмерці, і на тых, хто здольны зь ім паразумецца, знайсьці ў ім ацаленьне, зазірнуць у прадоньне, дзе варушацца пачвары, і ўзьняцца ў зааблочча да анёлаў.

Самагубства як вызваленьне ад нясьцерпнага болю можна лічыць формаю эўтаназіі (у шырокім сэнсе таксама). З другога боку, мэдыцына ведае выпадкі, калі хворы абірае лёс homini dolorosi (чалавека, што заўсёды пакутуе ад болю) і адмаўляецца ад лекаваньня.

Боль — твой даўні суразмоўца. Боль — неадлучны ад цябе зьвярок, зрэдку паслухмяны і нават камфортны, але найчасьцей — капрызьлівы і жорсткі. Часам табе ўдаецца яго залагодзіць, аднак зазвычай ніякія ласункі й атруты на яго ня дзейнічаюць.

Зьвярок ня раз пераўвасабляўся ў зьвера і ператвараў тваё жыцьцё ўжо не ў чысьцец, а ў само пекла. Ты падазраеш, што ў раі лепшы клімат, затое ў пекле бязьмерна цікавейшая кампанія, але ў такія дні ты згодны і на абсалютна бязьлюдны выстылы рай. У такія дні на ўсю поўніцу разумееш сёмага пракуратара Юдэі, якому мроіўся кубак зь цёмным выратавальным пітвом.

На тваё жыцьцё выпала столькі фізычнага болю, што безь яго ты ня стаў бы самім сабою, гэтаксама як быў бы зусім іншым без сваіх ворагаў, сяброў і каханых. Ты падумваеш напісаць пра яго, боль, эсэ, аднак пакуль нешта замінае. Магчыма, ты ўнікаеш канфлікту з уласным болем, якому, можа, не спадабаецца роля паддосьледнага. Магчыма, ты не сасьпеў для інтымных прызнаньняў такога кшталту, таму што боль — адна з найінтымнейшых рэчаў. А магчыма, прычына больш простая: перажытага табой болю для прысьвечанага яму эсэ яшчэ бракуе. Гэта абнадзейвае.

Моцныя натуры ўва ўсе эпохі імкнуліся быць гаспадарамі свайго болю. Кант пераадольваў яго філязофскім здумленьнем. Блез Паскаль зьнясільваў цяжкі нэўралягічны боль складанымі матэматычнымі вылічэньнямі. Фройд апошнія гады працаваў, не зважаючы на пакуты ад ракавай пухліны ў роце.

Ты — пішаш. Гэта дапамагае, хоць і не заўсёды.

Напэўна, тваё будучае эсэ пачнецца з думкі, што лёгка змагчы толькі адзін боль. Боль іншага.

Добры доктар Дурымар

Мастацтва мэдыцыны, пісаў Гіпакрат, складаецца з трох элемэнтаў: хваробы, хворага і лекара. Ня бачачы вялікай розьніцы паміж мудрасьцю й мэдыцынай, ён параўноўваў лекара зь філёзафам.

Табе больш падабаецца іншае параўнаньне — з дэтэктывам. Хворы паведамляе пра свой боль, і доктар, учапіўшыся за гэтую нітачку, мусіць разблытаць увесь клубок, каб прадухіліць магчымае забойства.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Уладзімер Арлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0