У закінутым і забытым Богам кляштары знаходзяць труп чалавека, якога нядаўна замуравалі зажыва. Разбор гэтай жорсткай справы пачынае адзіны ўдзельнік папярэдняй сэрыі інспэктар Німан (у выкананьні соннага Жана Рэно). Забойствы працягваюцца, а порсткі капітан Рэда (узыходзячая зорка францускага кіно Бэнуа Мажымэль, якога ў свой час катавала «Піяністка») сутыкаецца з чалавекам, падобным да Хрыста, якога перасьледуюць невядомыя сэктанты.

Дзьве францускія зоркі аб’ядноўваюць свае высілкі, каб змагацца з таямнічымі баявымі манахамі, знайсьці патаемныя хады ў лініі Мажыно і спыніць Апакаліпсыс, які зьбіраюцца распачаць недабітыя нацысты на чале з Крыстофэрам Лі, культавай фігурай жудасьцікаў.

Манахі ў змрочных капелюшах, бяз твараў і са звышнатуральнымі здольнасьцямі — кінэматаграфічныя. Яны не зусім пасуюць старой фабрыцы, але ў сутарэньнях кляштару і нават у супэрмаркеце містычныя істоты да месца. Што ж да звышнатуральнага, то, калі невядомы манах пачынае з празьмерным імпэтам дэманстраваць каратысцкія схільнасьці, гэта таксама ня надта адпавядае ягонаму сану.

Апэратарская работа Алекса Лямарка сьлізка-чырвоная, чорная, хаця й саступае барвовым выявам першай часткі. Жан Рэно затарможаны, амаль што ніякі, Бэнуа Мажымэль занадта імпэтны. Карціна атрымліваецца пуставатай. Імя Люка Бэсона — як аўтара сцэнару — усё яшчэ гарантуе дынаміку, але зусім не гарантуе глыбіні.

Андрэй Расінскі

«Барвовыя рэкі-2: анёлы Апакаліпсысу» («Les Riviиres Pourpres-2: Les anges de l’apocalypse»)

Францыя—Італія—Вялікабрытанія, 2004, каляровы, 100 хв.

Жанр: Містычны фільм жахаў, баявік

Адзнака: 4,5 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0