Зьмест артыкулу А.Сідарэвіча «Чый апостал і геній» найперш пераканаў мяне ў тым, што савецкую гістарычную школу аўтар засвоіў на «выдатна» (важна ня тое, што пакінуў чалавек пасьля сябе, а найперш хто ён — сябар ці вораг).

У гэтым пляне лягічна нават тое, што, пішучы пра Рушчыца, А.Сідарэвіч толькі мімаходзь назваў яго мастаком — хіба гэта важна? Гэта зноў жа ў духу савецкай гістарычнай адукацыі. (Прыгадваю, што за пяць гадоў навучаньня на гістфаку паміж курсамі палітычнай ды партыйнай гісторыі не знаходзілася месца на асобныя курсы па гісторыі мастацтва ці культуры. Я, прыкладам, ад гэтага пакутавала і «дабірала» інфармацыю самастойна. Большасьці ж гэта падавалася нармальным. Ну як тут не згадаць славутага «Калі я чую слова «культура»…».)

Ролю асобы ў гісторыі сп.Анатоль засвоіў добра, а вось таго, што творца і творчасьць ёсьць розныя рэчы, асабліва на адлегласьці, — не разумее. Ну хіба можа каго адвярнуць ад Караткевіча тое, што ён любіў чарку? Вось так і ад Рушчыца. Мне хочацца спытаць у аўтара: а ці бачыў ён малюнкі Рушчыца? Ягоныя «Зямлю», «Эмігрантаў», «Старыя яблыні»? Чыя тут мэнтальнасьць і што «небеларускае», шкоднае можна тут убачыць? Я бачу тут толькі зьнітаванасьць, учэпістасьць і «ўкарэненасьць» менавіта беларусаў у сваю зямлю і вялікае гора ад страты свайго ДОМУ, ад таго, што трэба ісьці некуды ў белы сьвет. Гэта наш, а не які-небудзь іншы мэнталітэт. Так што, спадар Сідарэвіч, хочацца Вам гэтага ці не, — Фэрдынанд Рушчыц аб’ектыўна беларускі мастак і нацыянальны геній.

P.S. А вось якое дачыненьне да Рушчыца мае гісторыя з прыбіральняй? Хіба што ад таго бруду адмывацца цяжэй. Праўда, і самому можна моцна запэцкацца.

Н.Здановіч, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0