Апазыцыя не чакае ад выбараў, прызначаных на 17 кастрычніка, нічога асаблівага. І гэта мудра. Прынамсі, ніхто не зьвінаваціць у нерэалізьме, калі выбары пройдуць па сцэнары леташніх выбараў у Менскі гарсавет, з масавым удзелам любімых прэзыдэнтам доктарак і дырэктарак. А чаму б парлямэнцкім выбарам і не прайсьці па сцэнары тых мясцовых, калі народ ня супраць?

Іду ў заклад, што наступным прэзыдэнтам будзе дэпутат палаты (наступнікам — не дай божа пераемнікам). Я не сьцьвярджаю, што гэта адбудзецца ў 2006 годзе, ні тым больш сёлета ўвосені пасьля дажджу. Я нават ня пэўны, што гэтая пасада ў яе цяперашнім выглядзе перажыве свайго першазаймальніка — прынамсі, сваіх Гаўлаў і аль-Яураў у Беларусі столькі, што ніякі эскадрон сьмерці ўсіх не перастраляе. Няпісаная канстытуцыя дзейнае палітычнае сыстэмы падказвае, што наступнікам найпрасьцей стаць дэпутату. Чыгір у 2000 годзе ня стаў дэпутатам — ня стаў і прэзыдэнтам. А Х стане дэпутатам — і пачне новую эру. Таму на месцы лукашэнкаўцаў я б паклапаціўся ня толькі пра наяўнасьць у парлямэнце дамаў, але і пра наяўнасьць там дастойных, правераных апанэнтаў. Тым больш што апазыцыя ў нас пакуль нашмат менш прарасейская, чым прэса, і той, хто так клапоціцца пра захаваньне сваёй краіны, яе сувэрэнітэту і рэальнай незалежнасьці, мусіў бы гэта цаніць. Але ўлада легкадумна недаацэньвае сілу духу нашых апазыцыйных жабак у гляку. Прапусьціўшы адну частку іх дарогай Зянона Пазьняка — на ўзор грамадзянскіх камітэтаў КХП стварыўся Грамадзянскі камітэт абароны канстытуцыі, не ўдакладняючы якой — 1918-га, 1994-га ці 1996 гадоў, цяпер думаньнікі з Чырвонага дому хочуць…

Гэта сэнсацыя! На сайце вельмішаноўнае Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьявіўся артыкул пэўнага Андрэя Сталярова аб тым, што толькі сумеснымі намаганьнямі лукашэнкаўцаў і «Пяцёркі +» можна ўратаваць незалежнасьць Беларусі ад расейска-эўрапейскае змовы. Цытую: «Дысыжнмэйкеры Захаду й Расеі пралічылі ўсе варыянты, акрамя аднаго — супольных дзеяньняў апазыцыі і ўлады Беларусі. Мы шчыльна падыходзім да найважнейшага рубяжу ў гісторыі нашай краіны». І яшчэ: «Адміністрацыя прэзыдэнта, «Пяцёрка +» і другія структуры грамадзянскае супольнасьці (! — клічнік мой. — Аўт.) стаяць перад сур’ёзным выклікам стварэньня аднае супольнае кааліцыі супраць новых ліній падзелу ў Эўропе, супраць падзелу Беларусі па чэхаславацкім варыянце 1938 г.» У тым, што артыкул быў разасланы па партыйных каналах у панядзелак, трэба бачыць намёк: падобныя высновы прывезла з маскоўскіх і эўрапейскіх ваяжаў найвышэйшае кіраўніцтва партыі.

З гэткіх опусаў тырчаць вушы тых самых аналітыкаў, якія ў 2000 годзе сутыкалі Пазьняка — і ўсіх беларускіх незалежнікаў — з Гансам-Георгам Вікам. Цяпер — усю апазыцыю з Эўропай і Расеяй, якія папросту таксама ні на што асаблівае 17 кастрычніка не разьлічваюць. Асабліва міла, што тыя самыя рупліўцы пра незалежнасьць ад «брусэльскага і маскоўскага саюзаў» яшчэ раней, у 1995-м, задумлялі геніяльны праект саюзу Беларусі й Расеі.

Між тым, калі сур’ёзна, апазыцыя — яе частка прынамсі — ахвотна далучылася б да дзяржавабудаўніцтва. З радасьцю пайшла б на працу ў міністэрствы эканомікі, энэргетыкі, адукацыі. А ўжо ў МЗС ці карупцыянэраў выяўляць — і не сумнявайцеся. У апазыцыі дзясяткі незапатрабаваных галоваў — эканамістаў-практыкаў, мэнэджэраў з заходняй падрыхтоўкай, прафэсараў і маладых прагматыкаў, гатовых выкладацца дзеля Беларусі. Але без кампрамісаў з сумленьнем, калі ласка. Ды нешта са стану ўлады не чуваць падобнага кшталту прапановаў. Не падпускаюць на гарматны стрэл! Няйначай баяцца выявіць уласную некампэтэнтнасьць і неэфэктыўнасьць побач з кадрамі новага пакаленьня.

Раз баяцца, дык — не кажы ты мне слоў, што ня грэюць цяплом, як пяецца ў адной учасна адроджанай песьні.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0