Менск. Чацьвер. Спартовая кавярня. Да пачатку футболу — амаль цэлая гадзіна, а вольных месцаў насупраць пяцімэтровага тэлеэкрану ўжо не знайсьці. У паветры разьлітае чаканьне, на століках — піва сярод спартовай прэсы. Атмасфэра распальваецца.

Справа група размаляваных у чырвона-зялёныя колеры падлеткаў горача абмяркоўвае шанцы абедзьвюх камандаў: «Ды што там гэтыя макароньнікі, у нас на іх на ўсіх ёсьць Глеб!» Зь левага боку — станісты мужчына сярэдніх гадоў нешта тлумачыць свайму сыну гадоў дзесяці. Абодва ў футболках нацыянальнай каманды… Стартавы сьвісток чэскага арбітра Зламала на «Рурштадыёне» ў нямецкім Бохуме выклікае ў залі буру авацыяў. Пачалося! Да тэлеэкранаў уласных тэлевізараў прыліпла пераважная большасьць мужчынскага насельніцтва краіны. Футбол — наша прадуха. Перамогі беларускіх футбалістаў — сапраўднае сьвята, якое бывае толькі зрэдку. Але зь яго надыходам усе жыцьцёвыя клопаты і праблемы адыходзяць на другі плян.

…Гэтай падзеі мы чакалі доўгія дзесяць гадоў. Роўна столькі, колькі ў Беларусі існуе сувэрэнны футбол. Беларускія футбольныя заўзятары ўжо прызвычаіліся да таго, што наша моладзь выступае значна лепей за сваіх дарослых калегаў. За пяць адборачных цыклаў да чэмпіянатаў сьвету і Эўропы (з 1994 да 2003 г.) моладзевая зборная атрымала амаль у тры разы болей перамог, чым нацыянальная. Але ніколі беларускім хлопцам не выпадала пераадолець кваліфікацыйны раўнд. Нават той супэрталенавітай камандзе першага скліканьня, гонар якой на пачатку 90-х баранілі нязьменныя лідэры цяперашняй «нацыяналкі» — «кіеўцы» Бялькевіч з Хацкевічам, Штанюк, Кульчы…

Выпрабаваньне фаварытам

Сёлетні сэзон каманда Пунтуса пачала з таварыскага турніру на Мальце. Параза ад славакаў (0:2) і перамога над альбанцамі (2:1) — ня болей чым працоўныя моманты, неблагая магчымасьць для абкаткі. Апошняй жа перадчэмпіянатаўскай рэпэтыцыяй стала ўпэўненая хатняя перамога над другім фіналістам кантынэнтальнага першынства Швайцарыяй — 4:0. Нягледзячы на гэта, сярод фаварытаў эўрапершынства Беларусь ня значылася, хутчэй наадварот. Аб гэтым сьведчылі і вынікі маштабнага галасаваньня, наладжанага на афіцыйным вэб-сайце Эўрапейскага Зьвязу футбольных асацыяцыяў (УЭФА): толькі 4% (меней — у Швэцыі ды Швайцарыі) заўзятараў бачылі беларусаў патэнцыйнымі пераможцамі.

Затое галоўны трэнэр нашай каманды Юры Пунтус паставіў максымальную задачу — трапіць у лік трох наймацнейшых, што ў сваю чаргу дазволіць яго падначаленым выступіць на Алімпіядзе. Такім чынам, беларускія майстры скуранога мяча выправіліся на фінал у выгоднай ролі «чорнага коніка». Праўда, не абышлося бяз страт. Яшчэ да паездкі ў Нямеччыну за бортам каманды праз траўмы засталіся гульцы асновы Алег Попель і Віталь Надзіеўскі. А ўжо на самім турніры звышсур’ёзныя пашкоджаньні атрымалі Арцём Канцавы і Павал Шмігера.

Першая гульня на чэмпіянаце мусіла стаць сапраўдным выпрабаваньнем для беларусаў, бо экзамэнаваць іх выпала чатырохразоваму чэмпіёну Эўропы — італьянцам. Аб моцы гэтай каманды можна было меркаваць з аднаго толькі факту: усе 22 гульцы ў яе складзе выступаюць за клюбы наймацнейшай у сьвеце італьянскай футбольнай лігі, а яе лідэр — 21-гадовы Альбэрта Джылярдзіна з «Пармы» — стаўся там сёлета найлепшым бамбардзірам.

Ужо пачатак сустрэчы выявіў агрэсіўную атакавальную манеру падначаленых Юрыя Пунтуса: якое-колечы нэрваваньне і боязь перад грандамі адсутнічала цалкам. А ўжо на шостай хвіліне падачу з вугла ўсюдыіснага «флянга» Цімафея Калачова ўдарам галавой замкнуў абаронца Раман Кірэнкін. Калі гадзіньнік чэскага арбітра адлічваў перадапошнюю хвіліну першай паловы сустрэчы, паўабаронца нямецкага «Штутгарту» Аляксандар Глеб завяршыў свой каронны слаламны праход эфэктным стрэлам з 25 мэтраў. Італьянцы зломленыя псыхалягічна. Усё, што ім удалося ў другім тайме, — толькі скараціць разрыў.

Румынскі кат

«Калі мы здолеем перамагчы ў другой гульні харватаў, тады дарога ў паўфінал будзе для нас адкрытая і мы здолеем дасягнуць сваёй мэты», — адзначыў пасьля гістарычнай перамогі Юры Пунтус.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Кастусь Лашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0