— …І скончыць нашу сёньняшнюю «Панараму» спэцыяльнае расьсьледаваньне нашага спартовага карэспандэнта Ўладзімера Навінскага. Рэпартаж атрымаў працоўную назву «Міжнародная змова». Перадаём слова аўтару.

— Напярэдадні сёлетняй Алімпіяды ў Атэнах стала відавочна, што ў каляспартовых кулюарах МАКу і нашага прэзыдэнта ў прыватнасьці існуе нейкая таемная змова супраць беларускіх спартоўцаў у цэлым і нашага прэзыдэнта ў прыватнасьці. Зірніце самі: перад самымі адказнымі спаборніцтвамі сэзону МАК за ўжываньне допінгу дыскваліфікуе кідальніцу ядра Парольчык, плыўчыху Карасіменю, цяжкаатлета Палішчука — гэта далёка ня ўвесь сьпіс ахвяраў несумленнай гульні міжнародных арганізацыяў. Вядома, згаданую праблему можна разглядаць як выключна спартовую, аднак мы зірнём на яе ў кантэксьце глябальнай палітыкі.

З крыніц БТ у Пэнтагоне стала вядома, што справу з дыскваліфікацыяй нашых спартоўцаў старанна распрацавалі ў нетрах амэрыканскіх спэцслужбаў. Выконваць апэрацыю было даручана Сусьветнаму антыдопінгаваму агенцтву (САКА) і тутэйшым калябарантам, якія за мізэрныя падачкі у.а. гатовыя прадаць ня тое што Радзіму, але і родную матулю. Паводле плянаў спэцслужбаў, калябаранты павінны ўсімі магчымымі шляхамі ўплішчвацца ў склады нацыянальных зборных па розных відах спорту, а ўжо потым рабіць сваю брудную справу. Пад выглядам «вітамінаў» засланьнікі ФБР павінны былі прапаноўваць нашым спартоўцам забароненыя стэроіды. Пераканаўшыся, што допінг быў прыняты па прызначэньні, здраднікі паведамлялі пра гэта ў штаб-кватэру САКА, далей ужо, як любяць казаць нашы спартоўцы, справа тэхнікі. Кампутары САКА у зусім «выпадковым» жэрабі вызначалі нашых атлетаў на праходжаньне допінг-тэстаў. Як вынік тых тэстаў — дыскваліфікацыя на колькі сэзонаў і, адпаведна, пралёт міма Алімпіяды.

Для чаго Амэрыцы такая нізасьць? Адказ надзвычай просты: яшчэ летась наш прэзыдэнт даў загад нашым атлетам выйграць у Атэнах 25 мэдалёў. Падступныя пляны іншаземных спэцслужбаў накіраваны акурат на зрыў гэтага загаду. Невыкананьне яго дазволіла б апазыцыі пляскаць у далоні. І яшчэ фактар: народ, убачыўшы, што кіраўнік дзяржавы ня можа выканаць сваіх абавязацельстваў, захоча сабе іншага правадыра. Вось такімі мэтамі кіруюцца цяпер ЗША і тутэйшыя іх памагатыя.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0