Надыдзе…
Надыдзе час бляндынак натуральных,
і ападуць з галоваў прах і хна
на радасьць гаспадынь прыватных пральняў,
на сьлёзы матылькоў герояў дня.
Настане час для белых транспарантаў
«Стагодзьдзе з дня народзін Брытні Сьпірс».
Мы будзем піць парэчкавую фанту,
прыгадваць марна, who is mister Ікс.
Мы ўспомнім дэманстрацыі пратэсту,
разгон іх і дагонку апасьля,
«Плач Яраполка» ў цэнтралізаваных тэстах
і традыцыйны тост «за о-ля-ля!».
Згадаем пашырэньне Эўразьвязу,
разьмены (зь пераплатаю!) кватэр,
жаданьні многіх рэчаў і адразу —
забіты хед-энд-шолдэрсам этэр.
Настане дзень прыродных беласьнежак,
і ападуць з галоваў хна і прах,
і страціць кожны сэнс усякі ўзьмешак,
і зьнікне ў фармаліне кожны страх.
0
0
0
0
0
0