Звольнены з працы Алесь Белакоз — славуты настаўнік, стваральнік і, да мінулай суботы, нязьменны дырэктар дзяржаўнага Літаратурна-краязнаўчага музэю ў Гудзевічах. Прычынай звальненьня, лічыць Белакоз, сталі яго палітычныя погляды: «Я ніколі не здымаў бел-чырвона-белага сьцяжка зь пінжака. Я заўсёды выступаў за незалежнасьць Беларусі».

Загадчык аддзелу культуры Мастоўскага райвыканкаму Ўладзімер Свістуноў тлумачыць звальненьне станам здароўя: «Яму ўжо 76 год. Ёсьць жа заканадаўчыя акты: дзяржслужачы павінен працаваць да 65 гадоў. Белакоз можа працаваць у музэі, пакуль жыве, але не дырэктарам».

Апошнюю экскурсію ў музэі А.Белакоз правёў 5 чэрвеня для дваццаці гарадзенскіх настаўнікаў. Дарэчы, першую экскурсію ў 1968 г. праводзіў таксама для настаўнікаў.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Павал Мажэйка

Ад рэдакцыі

Ці ёсьць «палітыка» ў звальненьні Белакоза? Верагодней, у гэтым факце прысутнічае «эканоміка». Патрэба здабываць грошы на ўборачныя змушае райвыканкамы круціцца ўюном на патэльні, ашчаджаючы на ўсім, на чым можна. А на літаратурна-краязнаўчым музэі можна зэканоміць. Ну к чаму там тыя хаткі з ручнікамі? Хай стаяць, але заробку ня просяць. Але дзеля гэтага трэба спачатку пазбавіць музэй статусу дзяржаўнага, які ён атрымаў у 1990 г. Пры баявым дырэктару Белакозу такое было зрабіць немагчыма.

Аднак выціскаць Белакоза з «Музэю Белакоза» амаральна. Дырэктар такога музэю — як дэгустатар віна ці балетмайстар. На такіх пасадах пэнсіі не бывае, творца мае права працаваць, пакуль сам адчувае сілу.

Закрыцьцё ж унікальнага вясковага музэю было б хамствам і дурасьцю. Ні ў якай іншай краіне Эўропы такога б не зрабілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0