Праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія» Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту шмат у чым унікальная. Ужо само сабою вывучэньне гісторыі нашай краіны ў Вільні спрыяе яе разуменьню ва ўсясьветных кантэкстах. Навучаньне студэнтаў адыходзіць ад таго модулю, у якім будуюцца вучэбныя пляны гістфакаў у Менску ці Горадні. Да таго ж, пад шыхты праграмы сабраліся найбольш вядомыя навукоўцы. Варта назваць імёны Генадзя Сагановіча, Андрэя Кіштымава, Алеся Смаленчука, Сяргея Харэўскага. Большая частка дысцыплінаў выкладаецца па‑беларуску, некаторыя запрошаныя выкладчыкі чытаюць на замежных мовах.

Больш падрабязна пра навучаньне ў ЭГУ распавёў прафэсар, дэкан факультэту мастацтваў і гісторыі культуры Аляксандар Каўбаска.

«Наша Ніва»: Спачатку практычнае пытаньне: куды пойдзе на працу выпускнік літоўскага ўнівэрсытэту, скончыўшы праграму «Гісторыя Беларусі»?

Аляксандар Каўбаска
Аляксандар Каўбаска

Аляксандар Каўбаска: Пакуль мы ня мелі ніводнага выпуску, гэта толькі трэці набор на бакаляўрскія праграмы, але відавочна, што студэнты з такой шырокай адукацыяй — гісторыка‑культуралягічнаю, могуць быць запатрабаваныя і ў якасьці выкладчыкаў, дасьледчыкаў, супрацоўнікаў музэяў. Для людзей, схільных да навуковых дасьледаваньняў, у нас пачала працаваць магістарская праграма «Інтэрпрэтацыя і ахова культурнай спадчыны». Мы прымаем 15 чалавек, якія за 2 гады робяць творчы праект, праходзяць шэраг дысцыплінаў, што дасьледуюць сутнасьць, філязофію, зьмест культурнае спадчыны, яе існаваньне ў сёньняшнім сьвеце і спосабы і мэханізмы яе інтэрпрэтацыі. Мінулы год паказаў, што такая праграма цікавая для беларускіх выпускнікоў. Да нас з ахвотаю прыйшлі людзі з розных сфэр, з турбізнэсу. Мы таксама праводзім нефармальнае навучаньне, прымаючы студэнтаў пятага курсу ВНУ.

«НН»: Ці можна сказаць, што мэтадалёгія, якую засвойваюць вашыя студэнты, альтэрнатыўная мэтадалёгіі беларускіх ВНУ?

АК: Гэта, безумоўна, крок наперад у параўнаньні са старой мэтадалёгіяй. Мы спадзяемся, што нашыя студэнты будуць ня толькі ведаць факты, але і карыстацца сучаснымі мэтадамі ў іх інтэрпрэтацыі. У той жа час нельга выламаць з калена цалкам новую традыцыю і, ад’ехаўшы за мяжу, пачаць усё з чыстага аркуша.

Дарэчы, у плянах супрацоўнікаў праграмы выданьне спэцыялізаванага штогадовага часопісу, у якім будуць друкавацца працы нашых выпускнікоў, выкладчыкаў, дасьледчыкаў. Думаю, ён будзе існаваць на адным полі зь «Беларускім гістарычным аглядам».

Што тычыцца падручнікаў, то курсы, заяўленыя ў праграме, шмат у чым аўтарскія, і мы прапануем выкладчыку выбар — карыстацца гатовымі падручнікамі ці зрабіць рыдэры на падставе ўласных публікацый, тэкстаў.

Нефармальны ў нас падыход і да курсавых, дыплёмных працаў, тэмы якіх студэнт выбірае самастойна, у адпаведнасьці са сваімі зацікаўленасьцямі.

«НН»: Як, па‑вашаму, выпускнікі ЭГУ будуць здольныя адаптавацца да цяперашняга беларускага акадэмічнага асяродку?

АК: Баюся, што не. Калі гэты асяродак выкідае такіх навукоўцаў, як Сагановіч, Кіштымаў, Тарасаў. Мы, наадварот, прыцягваем гэтых людзей да выкладаньня, відавочна, уступаючы ў канфлікт зь цяперашнім гістарычным асяродкам. Я толькі спадзяюся, што і тут ня ўсё будзе стаяць на месцы. Зьмена адной асобы — дырэктара інстытуту ці старшыні Акадэміі навук — можа сур’ёзна паўплываць на навуковыя арыенціры. Але ўпэўнены, што нашыя гадаванцы натуральна ўліюцца ў эўрапейскі навуковы кантэкст.

«НН»: Ці не баіцеся вы, што многія абітурыенты ўспрымаюць ЭГУ як спосаб уцячы зь Беларусі за мяжу?

Мы ўпэўненыя, што навучаем людзей для Беларусі

АК: Студэнты, безумоўна, узважваюць усе варыянты. ЭГУ дае рэальную магчымасьць навучацца далей у Эўропе, і ў такім жаданьні няма нічога кепскага. Іншая справа, што выпускніку ЭГУ прыйдзецца пераадольваць пэўны дыскамфорт, сутыкнуўшыся з побытавымі ці адміністрацыйнымі рэальнасьцямі ў школах ці ўстановах Беларусі. Гэта і канфлікт паміж унутранай свабодаю і нейкімі ідэалягічнымі абмежаваньнямі. Наколькі людзі дадуць рады гэтым праблемам, залежыць ад кожнага зь іх. Мы ўпэўненыя, што навучаем людзей для Беларусі.

«НН»: Можам мы спадзявацца, што беларусістыка стане адным з асноўным напрамкаў навучальнай і дасьледчыцкай дзейнасьці ЭГУ?

АК: Мы ў бліжэйшы месяц разам са спадаром Смаленчуком мусім распрацаваць праграму разьвіцьця беларусістыкі ва ўнівэрсытэце і зацьвердзіць яе на бакаляўрскай радзе і на Сэнаце. У зьвязку са стварэньнем Інстытуту гістарычнай беларусістыкі, мэтадалягічнымі сэмінарамі, выданьнем часопісу, зьяўленьнем групы студэнтаў, якія сваім існаваньнем і поглядамі патрабуюць навучаньня на беларускай мове, спадзяюся, што так і будзе.

Гутарыла Алена Пліска

Усю дадатковую інфармацыю пра навучаньне на гісторыі ў ЭГУ можна атрымаць у доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука праз e-mail [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0