«Наколькі выгадна далучэньне Беларусі да Эўраазіяцкай эканамічнай прасторы?» — з такім пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэртаў.

Палітоляг Віталь Сіліцкі кажа, што наагул «гэткі саюз нам не патрэбен»: «95% інтарэсаў нашай краіны на Ўсходзе забясьпечвае Расея, сур’ёзных эканамічных стасункаў з астатнімі краінамі няма. Эўраазіяцкі саюз — чыста расейскі праект. Дык навошта нам у такое ўвязвацца?» Яму пярэчыць галоўная рэдактарка часопісу «Лідэр» Тацяна Гацура: «Сапраўды, пагадненьне нясе Беларусі шмат выгад: палепшыцца сытуацыя з заканадаўствам і падаткаабкладаньнем, павысіцца эфэктыўнасьць вядзеньня бізнэсу з краінамі-суседзямі». З гэтым пагаджаецца аглядальнік газэты «Белорусский рынок» Паўлюк Быкоўскі: «Так, на тэрыторыі прасторы ствараецца агульная свабодная мытная зона: тавар, паслугі, капіталы змогуць рухацца безь перашкод». Але журналіст у гэтым жа бачыць і адмоўны бок інтэграцыі: «Наўрад ці з дапамогай ЭўрАзЭС зьменіцца гандлёвы абарот, бо гандлюем мы збольшага з Расеяй, а ў Расеі падаткі вышэйшыя. Так што Беларусь ад такога супрацоўніцтва нічога не атрымае».

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што інтэграцыя ў «саюз чатырох» — для Беларусі «добрая трэніроўка»: «Калі будуць рэальна дзейнічаць дэкляраваныя правілы і паміж краінамі складзецца зона вольнага гандлю — гэта будзе карысна для Беларусі і можа надалей паспрыяць у адносінах нашай краіны з Эўразьвязам». Але пакуль, кажа сп.Раманчук, існуе «імітацыя інтэграцыі». «У гэтым уся і небясьпека, бо рэальных зрухаў не адбываецца і такі саюз пакуль выгадны толькі чыноўнікам ды бюракратам».

«Падаецца, што дзейнасьць ЭўрАзЭс скіравана не на стваральную працу, а на вяртаньне назад. Беларусь у такім кантэксьце нагадвае чалавека, што ідзе задам: глядзіць, здаецца, наперад, а крочыць у адваротны бок», — заўважае Мікола Маркевіч.

«Беларусі патрэбна глыбокая структурная рэарганізацыя эканомікі, каб павысіць канкурэнтаздольнасьць, зьнізіць узровень беспрацоўя. І адмоўныя тэндэнцыі толькі ўскладняюцца. У рамках «саюзу чатырох», наколькі я ведаю, такія задачы ня ставяцца, бо пагадненьне паміж краінамі скіравана на праблему замежнага гандлю. Нам прапануюць штучную падтрымку, бо рэальна Беларусь сваіх эканамічных праблем з дапамогай ЭўрАзЭС ня вырашыць. Больш за тое, у рамках такога саюзу адбудзецца кансэрвацыя той сыстэмы, якую мы маем», — кажа кандыдат эканамічных навук, начальнік аддзелу лізынгавых апэрацый ЗАТ «Міжгандальбанк» Аляксандар Ягораў. Павышэньне ўзроўню экспартных адносін, гандлёвыя зьніжкі ды іншыя замежнагандлёвыя выгады сп.Ягораў лічыць аднамомантнымі: «Неэфэктыўная вытворчасьць прывядзе да вытворчасьці неканкурэнтаздольнай прадукцыі, таму ўзровень экспарту ўсё роўна зьнізіцца. Нам трэба рэфармаваньне эканамічнай сыстэмы, таму варта скіраваць увагу на іншы вэктар — Эўразьвяз», — лічыць сп.Аляксандар.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0