Дакумэнтальны фільм Майкла Мура, папярэднік уляўраванага ў Канах «11 верасьня па Фарэнгейту». Трагічны інцыдэнт у каледжы Калумбіны, калі падлеткі перастралялі сваіх аднаклясьнікаў, паслужыў зыходным пунктам для рэжысэрскага расьсьледаваньня. Чаму так адбываецца? Хто ці што за гэтым стаіць? Галівуд, рок-музыка, расавая нянавісьць? А мо амэрыканцы гістарычна схільныя да гвалту?

Калі гледачы вырашаць, што дакумэнтальная карціна, ды яшчэ на далёкую ад іх тэму, будзе нецікавая, то яны памыляюцца. Майкл Мур бярэ ў абарот зь першых кадраў і не адпускае да апошняй хвіліны. Бліскучы талент апавядальніка, дынамічны мантаж, нечаканыя й панарамныя сьведчаньні — і інтанацыя, прасякнутая болем, любоўю і атрутнай іроніяй.

Як ні дзіўна, неігравая стужка Майкла Мура часам нагадвае сатырычны шэдэўр Стэнлі Кубрыка «Доктар Стрэнджлаў», але Мур — сам удзельнік і сьведка абсурднай рэчаіснасьці, калі маральная крывадушнасьць прытуляецца да зброі, а эгаізм спараджае страх і забойствы.

Калі раптам аглядальнікі БТ вырашаць, што яны таксама дакумэнталісты-сатырыкі, дык ізноў жа памыляцца: ім да Майкла Мура — як да Альфа Цэнтаўры пешкі. Амэрыканскі рэжысэр, у адрозьненьне ад іх, людзей любіць — і ён яшчэ адказны й таленавіты.

Фільм проста абавязковы для прагляду палітыкам, грамадзкім і культурным дзеячам. Але й любы іншы глядач ацэніць гэтае палкае, глыбокае — і відовішчнае кіно.

Андрэй Расінскі

у «Кінафармаце 4х4»

«Боўлінг для Калумбіны» («Bowling for Columbine»)

ЗША, 2002, каляровы, 114 мін.

Жанр: Дакумэнтальнае расьсьледаваньне-сатыра.

Адзнака: 8,5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0