Васіля Быкава
Чырвоны нататнік з гэтымі запісамі Васіль Быкаў перадаў Валянціну Тарасу, перакладчыку «Доўгай дарогі дадому» на расейскую мову, з тым каб імі было дапоўненае расейскае выданьне кнігі. З ласкі В.Тараса мы падаём тут зь нязначнымі скаротамі некаторыя з запісаў, што адкрываюць пісьменьніка, якога пры жыцьці мы так да канца ня зьведалі і не зразумелі.
Падзагалоўкі — ад газэты, акрамя першага. Цалкам запісы выйдуць у расейскім выданьні ўспамінаў пісьменьніка ў выдавецтве «Кніга».
Аўтабіяграфічныя дадаткі да «Доўгай дарогі дадому»
Лета, лецечка, лецейка
1. Лета чакалася, марылася, набліжалася ў думках-мроях. А яно марудзіла, вясна доўжылася. Вясна таксама няблага, але ж — школа. Ізноў жа — бясхлебіца, шчаўе ды крапіва. Траўнікі, ад якіх баліць у роце.
Ды во нарэшце школа ззаду, падручнікі — на паліцу. Крыху кепска — бяз школы няма кніжок, чытаць няма чаго. Затое — воля і — возера. Наладжваем вуды. Кручкі здабылі загадзя, ёсьць пару з вушкамі, а то цяпер у крамах — толькі з пляскатымі канцамі. Тыя дрэнна трымаюцца ў валасянай, зьвязанай вузялкамі лесцы. Тую «леску» вяжам з валасоў, выдраных з хваста белай кабылы. На жаль, яна адна ў калгасе — белая. Брыгадзір сварыцца... Але брыгадзір увогуле добры, Антон Стрыжонак, і сварыцца ён нязлосна.
На рыбу я ўстаю на зары і — на возера. Вядома ж, Беляноўскае (так мы яго завем). Каб ня йсьці праз Саўчонкі, дзе нядобрыя рабяты (могуць пабіць), узьлязаю на гару ля Саўчонак-Гараняў, адтуль — сьцежкай праз алешнік да возера. Чарвякі тут жа, у беразе. Настае вялікая піліпіца — я і паплавок, нічога больш не існуе. Першая паклёўка, кругі на вадзе. Але паклёўка — яшчэ ня рыбіна. Рыбы клююць дужа ашчадна, баючыся ці што. Сонца ўскочваецца над лесам, прыгравае плечы ў кашулі, а ў мяне толькі дзьве платвічкі. Да абеду, можа, чатыры. Мяняю месца, хаджу сюды-туды па беразе. Месцаў, здатных для рыбалкі, тут аднак жа няшмат — усё трысьнёг, гарлачыкі. Бяда, калі адарвецца кручок. Бывае, што ён апошні.
Пад полудзень на бераг прыходзіць хто-небудзь з навакольных вёскаў, мала знаёмы. Здаля чую размову: «Хто то вудзіць?» — «Ды гэта Ладзімераў малец. З Бычкоў...» Значыць, ведаюць. Але я ня ведаю, добра гэта ці не. Можа, лепш, каб ня ведалі. Бо, кажуць, вудзіць рыбу няможна. Лавіць можна толькі дзяржаўным рыбакам. Я ж — не дзяржаўны.
Намокшы добра зьнізу, нарэшце вылязаю з вады, адкасваю мокрыя штаніны. Хочацца есьці. Улоў мой — пяток платвічак і адзін акунёк. Панясу маме, хай сасмажыць.
Ускараскваюся на гару пад Саўчонкі. Тут у крайняй хаце жыве мой аднаклясьнік Мішка Саўчанка. Але ён — нейкі чужы. Дружыць зь іншымі хлопцамі.
Добра на возеры, але ж заўтра — на пасту. Падышла радоўка.
Паста
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Васіль Быкаў