Еўрарадыё паразмаўляла з выпускнікамі, якія здалі тэсты на 100 балаў і зрабілі гэта без дапамогі рэпетытараў.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, на сённяшні дзень пяць абітурыентаў здалі тэст на 100 балаў.

«У гэтым годзе ў нас ёсць ужо стобальнікі. 2 абітурыенты па рускай мове — гэта мінчукі, і 3 па беларускай — гэта абітурыенты — выпускнікі Мінскай вобласці»

Нагадаем, што летась ні адзін з абітурыентаў не змог атрымаць 100 балаў. А вось у 2005 годзе такія выпадкі ўжо здараліся: тады найлепшы вынік прадэманстравалі 2 выпускнікі. У гэтым годзе іх ужо 5. Яшчэ 55 чалавек атрымалі 99 балаў. У чым сакрэт такіх добрых вынікаў? У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў лічаць, што тэсты лягчэй не сталі:

«Ну, напэўна, у гэтым годзе абітурыенты аказаліся больш моцнымі, лепш падрыхтаваліся. Вось і ўсё».

Еўрарадыё датэлефанавалася да дзвюх абітурыентак, якія на тэстах па беларускай мове атрымалі абсалютны вынік. Сярод «зорак» апынуліся Алена Цухловіч з Крупак і Таня Варажбіцкая з Негарэлага.

Аказалася, што дзяўчынкі займаліся са школьнымі настаўнікамі і ні адна з іх не карысталася паслугамі рэпетытараў.

Дзяўчаты прызналіся, што тэсты былі не складаныя. Для Алены было пару даволі цяжкіх момантаў:

«Літаральна перад тэставаннем я са сваёй настаўніцай разбірала такія спрэчныя пытанні, якія ў розных падручніках паказваюцца па‑рознаму. Мы вельмі доўга размаўлялялі на гэтую тэму. І нарэшце прыйшлі да вывадаў, як правільна гэта пісаць. Хаця я была не ўпэўнена. І мне было вельмі страшна выконваць гэтыя заданні. Таму што вельмі крыўдна, калі ведаеш, што можна пісаць і так, і так, але дакладна не ўпэўнена, як правільней».

Дарэчы, і Таня, і Алена прымалі ўдзел у раённых алімпіядах, дзе ні ў адной, ні ў другой не атрымалася заняць першае месца. Але ж у школе атрымалі па залатым медалі.

Не абыходзілася і без грашкоў. Напрыклад, Таня Варажбіцкая лічыць, што ведаць усё немагчыма. І калі пачула пытанне: «Ці спісвалі вы ў школе?» вельмі ажывілася:

«Так, канешне, спісвала! Я думаю, што любы чалавек не можа ведаць усё. Было і такое. Для мяне гэта, напрыклад, фізіка».

Еўрарадыё стала вельмі цікава, чаму дзяўчынкі выбралі менавіта беларускую мову. Ці свядомы гэта выбар? Аказалася, што — так. Распавядае Алена Цухловіч:

«Я проста вельмі люблю беларускую мову. Менваіта таму я яе і выбрала. І ў асноўным чытаю класічную літаратуру. Мне вельмі падабаюцца творы Шамякіна і Мележа».

А вось Таццяну пытанне пра ўлюбёнага беларускага пісьменніка крыху збянтэжыла:

«Ну, не ведаю… Можа быць, Васіль Быкаў. Мне падабаюцца ягоныя творы пра вайну. Напрыклад «Аблава».

Таніна сястра таксама два гады таму здавала тэсты. І даволі няблага. Напрыклад, тую ж беларускую мову яна напісала на 94 балы. Дый астатнія тэсты ў яе прайшлі на «ўра», дзякуючы чаму дзяўчына паспяхова навучаецца ў Эканамічным універсітэце.

Таццяна цікавілася беларускамоўнай музыкай і нават працытавала нам кавалак тэксту НРМ, праўда назву самаго гурта ўспомніць у яе так і не атрымалася:

«Я чула шмат беларускіх песень. Шматлікія з іх мне нават вельмі падабаліся. Напрыклад, мне вельмі падабалася песня, толькі я не памятаю назву гурта і як называлася. Там былі такія словы: «Падымі мяне па над зямлёю, падымі мяне ў светлы абшар».

Як выявілася, ні адна з дзяўчат у будучым не збіраецца звязваць свой лёс з філалогіяй. Таня будзе паступаць у БДУ на факультэт міжнародных адносінаў, а Алена марыць стаць медыкам. Вось і атрымліваецца, што стопрацэнтныя моўныя веды паказваюць хто заўгодна акрамя саміх будучых філолагаў.

Аляксандра Чалей, «Эўрарадыё»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0