9 чэрвеня завяршыўся суд над аўтарам фан-сайту ансамблю “Песьняры” Фёдарам Караленкам. Стваральнік прыгавораны да штрафу ў тры мінімальныя зарплаты. Пакараньне сымбалічнае — але ці ведае грамадзкасьць, у чым заключалася злачынства?

Магчыма, Фёдар са зброяй у руках абрабаваў сям’ю нябожчыка Мулявіна? Магчыма, ён анасаваў на сайце гастролі падробных “Песьняроў”? Магчыма, арганізоўваў гандаль, нажываючы прыбыткі на арганізаванай пастаўцы бутлегерскіх кампактаў? Не. Ягоны сайт карыстаўся папулярнасьцю як сярод аматараў творчасьці, так і сярод артыстаў ансамблю. На сэрвэры не ляжала ніводнага байту твораў “Песьняроў”. Але — які жах! — на сайце можна было знайсьці спасылкі на сусьветныя рэсурсы, дзе пры жаданьні лёгка знайсьці файлы зь іх запісамі. Звычайная практыка любага рэсурсу — зьбіраць спасылкі на старонкі, блізкія па тэме і цікавыя карыстальнікам.

Для таго каб адвучыць людзей ад таго, што яны ўсё сваё сьвядомае жыцьцё лічылі нармальным, — дзяліцца ўлюбёнай музыкай зь сябрамі, — трэба запусьціць карны апарат і каго-небудзь паказальна пакараць. Менавіта для такога паказальнага судзілішча і быў выбраны папулярны і гранічна карэктны сайт “Pesnyary.com” — калі ўжо за яго ніхто не заступіцца, дык астатнія камэрцыйныя праекты можна будзе прасьледаваць і “караць рублём” зусім беспакарана, пішуць аўтары ліста.

За гэта і абвінавацілі Фёдара не артысты ансамблю (якія самі не валодаюць правамі на творчасьць “Песьняроў”), а Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасьці (РУПІУ).

Як вядома, спасылка — асноўны інструмэнт існаваньня Інтэрнэту. Сусьветная сетка інтэрнацыянальная, і ў розных краінах існуе рознае заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў. Ніхто ня можа забараніць кітайскаму фанату беларускай групы выкласьці ў Інтэрнэт файлы з запісамі, калі гэта не забаронена законамі яго краіны. Калі файлы ёсьць у глябальнай сетцы — іх можна знайсьці на працягу 10 хвілін, з дапамогай Фёдара Караленкі ці безь яе.

Відавочна, што ў гэтым выпадку судзіць за забесьпячэньне доступу да “неліцэнзаваных” файлаў трэба было не аматара “Песьняроў” Фёдара Караленку. А ні многа ні мала — судзіць і забараняць саму тэхналёгію Інтэрнэт. Ці можна асудзіць тэхналёгію?

Гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі новыя тэхналёгіі ня ўпісваліся ў рамкі заканадаўства і асуджаліся. У часы інквізыцыі былі забаронены патолягаанатомія і астранамічныя назіраньні. Фэадальныя правілы дарожнага руху (з аднаго пункту — “Воз селяніна саступае дарогу каню двараніна”) са зьяўленьнем аўтамабіляў аказаліся непрыдатныя. Сёньня мы назіраем спрэчку, што ж важнейшае для грамадзтва — тэхналёгіі, якія даюць свабоду інфармацыі, ці правы “інтэлектуальнай уласнасьці”, што дзейнічаюць паводле шаблёнаў мінулага стагодзьдзя.

У канкрэтнай сытуацыі крайнім аказаўся ня толькі Фёдар Караленка.

Пацярпелі ўсе беларускія карыстальнікі. Фактычна ўсяго толькі за РАСКАЗ адзін другому пра тое, што і дзе знаходзіцца ў сусьветнай сетцы, кожны з нас цяпер можа быць прыцягнуты да суду. Дастаткова толькі, каб агенцтва РУПІУ палічыла, што ў выніку такога расказу хто-небудзь патэнцыйна МОЖА адмовіцца ад пакупкі іх дыску. Прыгадваючы закон пра аўтарскія правы, ці памятаюць яны пра закон аб абароне правоў спажыўцоў? Ці мае чалавек права перад пакупкай дыску азнаёміцца зь яго зьмесьцівам? Ці трэба судзіць прадаўца, які расказвае пакупніку, дзе можна бясплатна панюхаць адэкалён, які той зьбіраецца купіць?

Інтэрас РУПІУ ў гэтай справе відавочны — прадпрыемству трэба апраўдваць сваю назву і насаджаць у нас у краіне “інтэлектуальную ўласнасьць” паводле амэрыканскага ўзору. Паводле ўзору, які ўжо і ў краінах, дзе ён дзейнічае, зьведвае надзвычай жорсткую крытыку. Крытыку за неадпаведнасьць патрабаваньням часу. За спробу падпарадкаваць прагрэс патрабаваньням звышпрыбыткаў. За небясьпеку абмежаваньня правоў паспалітых спажыўцоў з адной толькі мэтай — любой цаной захаваць устарэлыя схемы спажываньня-ўзнагароджваньня і “ўсьляпую”, безь ніякіх зьмен перанесьці іх у новыя тэхналягічныя галіны.

Для таго каб адвучыць людзей ад таго, што яны ўсё сваё сьвядомае жыцьцё лічылі нармальным, — дзяліцца ўлюбёнай музыкай зь сябрамі, — трэба запусьціць карны апарат і каго-небудзь паказальна пакараць. Менавіта для такога паказальнага судзілішча і быў выбраны папулярны і гранічна карэктны сайт “Pesnyary.com” — калі ўжо за яго ніхто не заступіцца, дык астатнія камэрцыйныя праекты можна будзе прасьледаваць і “караць рублём” зусім беспакарана.

Мы лічым, што стварэньне і ўкараненьне заканадаўства ў галіне IT шляхам сьляпога перанясеньня на нашу глебу імкліва старэючых паняцьцяў “інтэлектуальнай уласнасьці” і мэханізмаў іх забесьпячэньня — тупіковы шлях. Мы заклікаем РУПІУ, Ігара Лучанка і Сьвятлану Пенкіну адмовіцца ад дыскрэдытацыі творчасьці “Песьняроў”, ня зводзіць пытаньняў культурнага набытку краіны і яго даступнасьці народу да пытаньняў банальнай нажывы. Мы заклікаем пазоўнікоў — цяперашніх і патэнцыйных — публічна адмовіцца ад прасьледаваньня некамэрцыйных праектаў, якія не нясуць прамой пагрозы матэрыяльнаму дабрабыту аўтараў і спрыяюць папулярызацыі творчасьці артыстаў. Мы абвяшчаем поўную падтрымку Фёдару Караленку.

Дзьмітры Барадаенка, аглядальнік газэты “Компьютерные вести”; Віталь Хілько, Менск, праграміст; Сяргей Бальшакоў, Обнінск (Расея), праграміст); Сьвятаслаў Сьвірыдаў; Яўген Сакалоў, студэнт; Аляксандар Міхаілян, Брусэль, праграміст; Уладзімер Шахаў, выкладчык БДУІР; Аляксей Хлебнікаў, Менск; Сяргей Пагуда, сыстэмны адміністратар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі; Дзьмітры Адамушка, праграміст; Сямён Кулік, праграміст; Алесь Няхайчык, сыстэмны адміністратар; Уладзімер Вараб’ёў, Менск; Аляксандар Бутэнка, сыстэмны адміністратар Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій; Міхаіл Шыгорын, Кіеў, IT-мэнэджэр; Глеб Рубанаў, Менск, асьпірант; Мікалай Прылуцкі, Менск, акцёр тэатру імя Я.Купалы; Дзьмітры Масьлікаў, Масква (Расея), фінансавы кантралёр; Уладзімер Міхневіч, Варшава, кампутарны дызайнэр ды іншыя.

Андрэй Дынько, рэдактар “НН”; Андрэй Скурко, намесьнік рэдактара “НН”.

Подпіс можна паставіць па адрасе: "http://mlug.linux.by/cgi-bin/index.cgi?action=search&search=SignKorolenkoLe-tter"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0