Гэта не ўспамін. Год — занадта малы тэрмін, каб канчаткова звыкнуцца з думкаю, што Быкава больш няма і што гаварыць аб ім трэба ў мінулым часе.

Дый увогуле, гэта толькі лічыцца, што мэмуары пішуцца, каб пакінуць нашчадкам праўду аб падзеях ці асобах. Часьцей за ўсё, сьвядома ці падсьвядома, аўтар успамінаў зьвяртаецца да сваіх сучасьнікаў. Таму даведваемся мы з успамінаў больш не пра тых, каму яны прысьвечаныя, а пра таго, хто іх пісаў. І тут ужо ўсё залежыць ад маштабу асобы аўтара. Чым меншы маштаб — тым болей на першы плян выходзяць эгаістычныя мэты альбо інтарэсы асобных партыяў ці груповак.

Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць, якая не дазваляе называць гэтыя нататкі ўспамінам. У тыя некалькі тыдняў, цягам якіх давялося больш-менш часта й шчыльна кантактаваць з Васілём Быкавым у Празе, я не рабіў ніякіх запісаў — нават на паперы. (Застаўся толькі відэазапіс, зроблены падчас прагулкі Быкава ў каралеўскім парку «Стромаўка».) Напэўна, гэта была памылка. Але, паколькі я ведаў ужо тады аб характары хваробы пісьменьніка, мяне чамусьці перасьледавала прымхлівае пачуцьцё, што занатоўваць словы Быкава на будучыню, «для гісторыі» — значыць нейкім чынам «выкарыстоўваць момант» і тым самым, міжволі, думаць не аб жыцьці, але аб сьмерці, як бы прысьпешваць яе.

У кожным выпадку, не прэтэндую на дакумэнтальнае апісаньне апошніх дзён перабываньня Быкава на чужыне. Пра гэтыя дні не аднойчы пісалі ўжо і яшчэ не аднойчы, пэўна, напішуць журналісты беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Частка матэрыялаў, датычных таго пэрыяду, знайшла адлюстраваньне ў кнізе «Быкаў на «Свабодзе». Пра той пэрыяд ёсьць успаміны майго бацькі — Валянціна Тараса, якія, спадзяюся, хутка будуць апублікаваныя.

Трэба зазначыць, што да вясны 2003-га году мне даводзілася разам зь іншымі супрацоўнікамі радыё сустракацца з Быкавым усяго некалькі разоў. У асноўным гэта тычылася творчых абавязкаў. Але ў тую вясну воляю абставінаў здарылася так, што нам з жонкаю пашчасьціла некалькі разоў дапамагаць Васілю Быкаву і ягонай жонцы Ірыне ў вырашэньні некаторых побытавых і мэдычных праблемаў. (Калі я кажу «нам», дык прыпадабняюся да пэрсанажа вядомай байкі, які казаў: «Мы аралі». Бо насамрэч усімі практычнымі справамі займалася мая жонка Алена, а я толькі прысутнічаў пры гэтым ці выкарыстоўваўся ў якасьці насільшчыка).

Ізноў жа, не хачу й ня маю права апісваць гісторыю хваробы пісьменьніка ці яе фізіялягічныя праявы. Магу толькі засьведчыць выключную мужнасьць Васіля Быкава. Пры гэтым ягоны стаіцызм ня меў нічога супольнага зь нейкай позай альбо патасам. Як і ягоныя літаратурныя героі, ён быў абсалютна пазбаўлены чагосьці напускнога, разьлічанага на публіку.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0