18.06.2004 / 13:00

Што беларусу даспадобы, для швэда — звычайная зьява

Карэспандэнт «НН» правёў тыдзень у Швэцыі.

Навучальная ўстанова, якую мы наведалі, месьціцца ў Кронабэргу — маляўнічым мястэчку ля гораду Вэкшэ, і ўяўляе сабой тыповую эўрапейскую пабудову: кампактныя архітэктурныя рашэньні ды ўсе сучасныя выгоды. Назва яе ў даслоўным перакладзе гучыць наступным чынам: «Народная школа імя сьвятога Зыгфрыда». «Народная» — бо разьлічана на даступнасьць для розных катэгорый насельніцтва, перш за ўсё небагатага (калі да жыхароў Швэцыі гэтае азначэньне ўвогуле можна ўжываць) і сярэдняй клясы. «Сьвятога Зыгфрыда» — бо адчувае ўплыў лютэранскай царквы.

Гэткі тып «народных» школ папулярны ў Швэцыі. На тэрыторыі краіны месьціцца 147 аналягічных устаноў. А ідэя іх стварэньня прыйшла з Даніі, дзе ўпершыню яны пачалі зьяўляцца яшчэ ў ХІХ ст.

У такой школе вучыцца 150—200 чалавек. Кожны месяц бацькі навучэнцаў выплачваюць астранамічную па беларускіх мерках суму — 7000 крон (каля тысячы даляраў). Гэта роўна траціна швэдзкага сярэднямесячнага заробку, які складае 21 тысячу крон. Цікава зазначыць, што студэнты плацяць за падручнікі, чатырохразовае харчаваньне, карыстаньне пакоямі, Інтэрнэтам, спартовымі прыладамі, шматлікімі лябараторыямі, але ніяк не за навучаньне. Адукацыя ў Швэцыі цалкам бясплатная, таму студэнцтва плаціць толькі за пералічаныя выгоды.

Жыцьцё пры адчыненых дзьвярах

Атмасфэра ў школе вызначаецца нязвыклымі нефармальнасьцю ды свабодай. Ва ўяўленьні беларуса любая навучальная ўстанова — гэта перш за ўсё пэўныя правілы і патрабаваньні, якія патрабуюць няўхільнага выкананьня, ды строгія нормы паводзінаў, што не вылучаюцца з агульнапрынятых абмежаваньняў. Школа сьвятога Зыгфрыда парушыла ўсе мае ўяўленьні аб гэткага роду ўстановах.

Стасункі навучэнцаў з выкладчыкамі не вызначаюцца афіцыёзам. Па-першае, зьвяртаючыся да настаўнікаў, студэнты заўсёды выкарыстоўваюць толькі імя. Па-другое, вітаюцца з выкладчыкамі традыцыйным швэдзкім «хэй» (нешта накшталт беларускага «здароў»). Па-трэцяе, у размовах зь імі моладзь трымаецца гэтак жа разьняволена, як і ва ўласным коле. Выкладчыкі таксама адказваюць нязмушанасьцю. (Студэнты з выкладчыкамі могуць за адным сталом папіваць піва).

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяржук Гусачэнка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру