25.06.2004 / 13:00

Кожны чацьверты?

60 гадоў прайшло пасьля вайны, а гісторыкі яшчэ ня ведаюць, колькі ж беларусаў загінула. Ня могуць зьлічыць ці проста ўлада не зацікаўленая?

Кожны чацьвёрты беларус загінуў у вайне, лічылася ў савецкі час. Кожны трэці — кажа цяперашні афіцыёз. Сьледам за «лініяй партыі» вагаюцца й даведачныя выданьні. Так, «Беларуская гістарычная энцыкляпэдыя» (т.2, 1994) у артыкуле «Вялікая айчынная вайна» называе лічбу ў «2,2 млн чал. (кожны чацьвёрты)», а «Беларуская энцыкляпэдыя» (т.4, 1997) ужо абыходзіцца без канкрэтных лічбаў: «На Беларусі загінуў амаль кожны 3-і яе жыхар».

Гісторыкі даюць толькі прыблізныя зьвесткі, атрыманыя аналітычным шляхам. Чаму? «Пра пэўныя лічбы можна будзе гаварыць, калі выйдуць усе кнігі сэрыі «Памяць». Пакуль жа ёсьць толькі розныя вэрсіі», — кажа гісторык генэрал-маёр Віктар Шомадзі.

Першыя падлікі стратаў сярод насельніцтва Беларусі пачалі весьці партызаны ў 1942 г. «У лютым 1942 г. быў зварот беларускіх дзеячоў (Якуб Колас, Янка Купала, Заір Азгур, Ларыса Александроўская, Панцеляймон Панамарэнка й інш.) пра генацыд беларускіх дзяцей і падлеткаў. Зварот быў накіраваны ў Міжнародны Чырвоны Крыж, у Жэнэву. Там былі першыя згадкі пра страты сярод мірнага насельніцтва», — кажа навуковы сакратар Нацыянальнага архіву Яўген Бараноўскі. У 1943 г. Беларускі штаб партызанскага руху рыхтаваў справаздачы ня толькі для беларускіх дзяржаўных органаў, але й для агульнасаюзных.

Дакладныя ж падлікі стратаў пачалася па вайне. Створаная ў Маскве Камісія па выяўленьні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на захопленых тэрыторыях і камісіі садзейнічаньня ў Менску ды абласных цэнтрах працавалі ў 1945—1946 г. У выніку былі падлічаны страты сярод мірнага насельніцтва (1 млн 409 тыс. чал.), ваеннапалонных (810 тыс.), а таксама колькасьць вывезеных на прымусовыя работы ў Нямеччыну (380 тыс.). Сярод мірных стратаў амаль 30% складалі дзеці й падлеткі. «Статыстыка ў савецкі час заўсёды была прэрагатывай саюзных дзяржаўных органаў: яны распрацоўвалі мэтодыку. Мясцовыя органы выконвалі іх праграму», — распавядае Я.Бараноўскі.

У 1965 г., калі рыхтаваліся сьвяткаваць 20-годзьдзе Перамогі, да людзкіх стратаў часоў вайны дадалі загінулых партызанаў — яшчэ 45 тыс. чал. Так падвялі агульную лічбу — 2 млн 265 тыс. палеглых. Ад 9 млн 115 тыс. перадваеннага насельніцтва выходзіў акурат кожны чацьвёрты жыхар Беларусі (25%). Аднак гэтая лічба была вельмі ўмоўнай, бо нідзе не вылучалася лічба франтавых стратаў. І сёньня гісторыкі ня могуць нават з дакладнасьцю сказаць, ці ў лічбу стратаў сярод мірнага насельніцтва ўключаліся франтавыя ахвяры, ці не.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Аркадзь Шанскі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру