Упершыню я сустрэўся зь Віктарам Шавялевічам у 1997 г. у Беларускім відэацэнтры, куды я прынёс свой сцэнар экспэрымэнтальнай стужкі. Гэта быў мой дэбют. Шавялевіч, як кіраўнік відэацэнтру, рызыкаваў, але толькі сёньня я разумею, наколькі ён рызыкаваў.

Памятаю, як фільм глядзеў высокі чыноўнік і спрабаваў знайсьці небясьпечныя намёкі ў цытатах з Гоі — а Шавялевіч акуратна адхіляў магчымыя абвінавачаньні. «Мы займаемся культурай», — казаў ён пра працу. А культура была, ёсьць, будзе.

І ёсьць культура Асобы, людзі, якія сваім жыцьцём спакойна і ціха сьцьвярджаюць культуру. Віктар Шавялевіч быў такім.

Ён зрабіў болей за 70 фільмаў, сярод іх і гістарычны тэлефільм-прыпавесьць «Пастка для зубра».

Ніхто ня ўмее так адчуваць фактуру спэктаклю ці жывы й нястрыманы рытм балету, каб увасобіць іх на стужцы. Яшчэ ў 1987 г. Шавялевіч зьдзейсьніў тэлевізійную экранізацыю беларускага балету — цыкл «Стварэньне». Перанёс на плёнку твор іншага мастацтва — а перакладчыкі ведаюць, наколькі гэта складана, — з такой ашчаднасьцю й адначасова з такой творчасьцю, каб каштоўныя імгненьні культуры маглі захавацца ў вечнасьці.

Захаваць культуру, захаваць гісторыю, захаваць асяродзьдзе, захаваць тое, што робіць чалавека чалавекам, — гэта і рабіў Віктар Шавялевіч, ці то сваёй хронікай сівой беларускай мінуўшчыны, ці то клопатам пра экалягічны фэстываль.

Што прымушала яго абсалютна бескарысьліва дапамагаць маладым рэжысэрам, абараняць іх ад нападак, падтрымліваць, тлумачыць прыёмы прафэсіі й творчыя вынаходкі? Клопат пра культурную пераемнасьць і духоўнае сьвятло.

Чалавек духоўнасьці й сумленьня, някідкага, але дзейснага сьвятла й дабрыні — ён як заклікаў фільмам «Стварай дабро», так і рабіў. Ягоная штодзённая карпатлівая праца была і ёсьць захаваньнем і адбудовай таго падмурку, на якім заўжды існуе чалавечая культура — учора, сёньня, заўтра. Гэта тое, без чаго мы проста зьдзічэлі б.

Калі чалавеку надыходзіць час, кажуць «ён сышоў». Віктар Шавялевіч не сышоў. Ён застаецца з намі.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0