25.06.2004 / 13:00

Вартасьці і недахопы тэставаньня

Добраахвотнае тэставаньне па беларускай мове, якое адбылося 8 траўня гэтага году, мела вялiзную колькасьць недахопаў, хаця нельга не прызнаць, што былі i пэўныя вартасьці: пры дапамозе тэставаньня кожны меў магчымасьць датэрмiнова здаць iспыт нават у ВНУ цi проста выпрабаваць свае здольнасьцi.

Што да недахопаў, тут усё больш складана. Па-першае, тэсты распрацаваны так, што веды, якiя патрабуюцца нават для добрай здачы экзамэну, можна набыць хiба толькi ў лiнгвiстычных каледжах цi гiмназiях. Па-другое, тэставыя заданьні распрацаваныя недакладна, а прасьцей кажучы, утрымліваюць вялiзную колькасьць памылак, што забiралi час, якога i так было ня надта шмат (110 хвiлiн на 40 заданьняў). Па-трэцяе, вобласьць блянка адказаў, прызначаная для рэгiстрацыi, была на расейскай мове, што выглядала б сьмешна, калi б не было так горка. Тыя працаўнiкi ўстаноў, якiя распавядалi, як i што запаўняць у блянку адказаў, размаўлялi цалкам на расейскай мове. Гэта стварала вельмi дрэнную атмасфэру, якая перашкаджала сканцэнтравацца i думаць толькi пра тэст.

Мне больш за ўсё не спадабалася нават ня тое, пра што я казаў вышэй, а тое, што, калi мы запаўнялi вобласьць рэгiстрацыi ў блянку адказаў, код прадмету тэставаньня ў беларускай мовы быў другiм, а у расейскай — першым.

Аднак я не магу не адзначыць, што платнае тэставаньне па беларускай мове ў гэтым годзе выбралi 41129 чалавек — супраць 37689 чалавек, якiя абралi расейскую мову.

Алесь Мазанiк, удзельнiк тэставаньня

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру