Дэпутатка Віцебскага гарсавету і былая лідэрка «Зубра» Вольга Карач паставіла горад на вушы, спазнала сыстэму ўлады і цяпер ня ведае, што рабіць

Вольгу Карач у Віцебску пазнаюць на вуліцы, у больніцах і паліклініках абслугоўваюць з падвойным стараньнем: калі флюараграфія, дык хай будуць два здымкі, калі лекі — самыя лепшыя! Аднойчы на дэпутацкі прыём нават прывялі хворага з просьбай яго вылечыць. Вольга — самы прыгожы палітык 2002 году паводле журналісцкага апытаньня і адзін з самых супярэчлівых палітыкаў апазыцыі.

«НН»: Вольга, як здарылася, што кіраўніца віцебскага «Зубра» стала дэпутаткай гарсавету?

В.К.: Перамога нам была патрэбна, каб паверыць у свае сілы. Трапіць у гарсавет было цяжка, амаль немагчыма. Маімі канкурэнтамі былі галоўны доктар паліклінікі і кіраўнік жыльлёва-камунальнай службы, дзядзькі гадоў па 50 — у два разы старэйшыя за мяне. Але мы па тры разы абышлі ўсе кватэры. Гарвыканкам мяне сустракаў, чакаючы ўбачыць нейкага монстра. А калі я прыйшла ў касьцюме і прыстойна выглядала — было адчуваньне нэрвовасьці, яно захоўваецца і цяпер.

«НН»: Як ты адчула сябе ў гэтай новай ролі дэпутаткі з афіцыйным статусам пасьля доўгага апазыцыйнага змаганьня?

В.К.: Пасьля перамогі ў мяне была зацяжная трохмесячная дэпрэсія. Я ня ведала, што рабіць. Аказалася, што мы зусім не гатовыя да перамогі. Нават не разглядаўся варыянт пасьля перамогі… Пасьля выбараў былы старшыня гарсавету Ўладзімер Пелагейка мяне спыніў і кажа: «Слухай, Вольга, ты «зубр», ты тут ставіла горад на вушы, за табой ганялася міліцыя, хто толькі ні ганяўся. Вось вы змагаецеся з Лукашэнкам, а ці ёсьць у вас нейкая праграма выйсьця з крызысу? Давай яе прымем на ўзроўні гораду і рэалізуем». Але ў нас такой праграмы на той момант не было. Каб паверылі чыноўнікі, трэба пакрокавая праграма па асноўных пытаньнях, такіх, як праблемы ЖКГ, напрыклад капрамонт «хрушчовак». Я беспартыйная і ніколі не была ў партыях, але я ўступіла б сёньня ў любую партыю, якая б мне паказала канкрэтную пакрокавую праграму.

«НН»: Чаму цябе навучыў гарсавет?

В.К.: У гарсавеце ў мяне зьмяніліся меркаваньні пра нейкія пытаньні. На многія рэчы глядзіш па-іншаму, калі бачыш знутры, як функцыянуе гэтая сыстэма. Бачыш, як шмат праблем, якія трэба вырашаць, але пры пустым бюджэце цяжка нечага дасягнуць. Усё, што можа гарсавет, — гэта выціскаць нейкія сродкі з прадпрымальнікаў, але бюджэт пусты, а прадпрымальнікам і так цяжка жывецца, яны ў такой прававой сыстэме ня могуць працаваць, так што зь іх таксама не навыціскаеш. Выходзіць замкнёнае кола. Жыхары ня могуць уплываць ні на што, ня ведаюць, куды ідуць іх грошы за камунальныя паслугі. Адсюль і пасіўнасьць. Ды што казаць, калі са скаргамі наконт кантрактнай сыстэмы да нас зьвярнуліся толькі тры чалавекі з усяго гораду! Гэта пры тым, што працоўнае заканадаўства вельмі добрае і элемэнтарна можна аднавіць на працы чалавека, які быў звольнены. Але людзі баяцца зьвязвацца з уладай, пануе думка «я як-небудзь адсяджуся ўбаку».

«НН»: Як табе ўдаецца працаваць у гарсавеце адной супраць афіцыйных дэпутатаў?

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Гутарыла Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0