30 чэрвеня ўладу ў Багдадзе мае пераняць Часовы ўрад. Паўстане дэмакратычны Ірак ці ён распадзецца на этнаканфэсійныя дзяржавы? Камэнтуе ўсходазнаўца Сяргей Прытыцкі.

Радыкальныя шыіцкія групоўкі ваююць. Суніцкія арганізацыі супраціўляюцца й спрабуюць аднавіць сваю традыцыйную ўладу над усёй краінай. Курды імкнуцца, дзякуючы сваім вайсковым фармаваньням, захаваць уласную квазідзяржаву. Усе яны ўздымаюць штандар дэмакратыі. Адно што дэмакратыю разумеюць як панаваньне большасьці і бяспраўе меншасьці. Шматгадовы карэспандэнт «Вашынгтон Пост» у рэгіёне Джонатан Рэндал некалі тлумачыў, што праблема Іраку палягае ў тым, што ўсе тут вядуць гульню толькі на круглыя сумы — усё альбо нічога. Альбо ты маеш уладу цалкам, альбо ня маеш яе зусім. Ты ні з кім ня дзелішся і з табой ніхто ня дзеліцца.

Добрае тлумачэньне таго, што робіцца ў Багдадзе сёньня, калі амэрыканцы спрабуюць прымусіць іракцаў дамовіцца і навучыцца дзяліць уладу.

Аднак амэрыканцы ў сьвядомасьці іракцаў выступаюць як асноўныя гаспадары сытуацыі, а таму палітыка канцэнтруецца вакол дачыненьняў з амэрыканцамі, а не зь іншапляменнымі суайчыньнікамі.

Амэрыканскія жаўнеры ня гінуць толькі на тэрыторыі, кантраляванай курдамі. Курдыстан — адзіная частка Іраку, дзе існуюць амаль нармальныя дзяржаўныя структуры. Але ці можна назваць іх ірацкімі? І ці можна інтэграваць іх у адзіны Ірак? Усе мае знаёмыя ірацкія курды рашуча кажуць — не.

Інтэграцыя вымагае двухбаковых дзеяньняў і саступак. Пакуль жа падзеі ў Багдадзе сьведчаць пра іншае — амэрыканцы пераходзяць да выкарыстаньня традыцыйных схемаў. Курдзкія і шыіцкія арганізацыі застаюцца на ўскрайку канвэнцыйнай палітыкі. Курды спадзяваліся стаць сугаспадарамі заможнай краіны, але не атрымалі амаль нічога. Гэта падштурхоўвае іх капаць акопы: калі немагчыма здабыць Ірак, трэба хаця б адстаяць Курдыстан. Курдзкія партыі збліжаюцца і апошнім часам дасягнулі пэўных посьпехаў на абшары агульнакурдзкай палітыкі, напрыклад, да іх шэрагаў далучыліся многія байцы радыкальных арганізацый турэцкіх курдаў. На Ірацкі Курдыстан глядзяць з надзеяй курды ва ўсім сьвеце. Гэтай вясной, шукаючы старых сяброў у Іранскім Курдыстане, ня раз даводзілася сустракаць у адказ на роспыты лагодную ўсьмешку іх сваякоў ды з гонарам прамоўленае: «Ён сышоў у вольны Курдыстан!..»

Іншым гульцом ірацкае палітыкі выступае шыіцкі рух, які бясконца дэманізуецца ў СМІ. Яго зьвязваюць з Іранам, але варта было б адмовіцца ад гэткага зручнага тлумачэньня ўсіх злыбедаў. Бо ў пляне ўзьнікненьня шыіцкае галіны ісламу ўсё акурат наадварот — менавіта з Іраку ідуць яе вытокі. Тут гістарычныя асяродкі духовага правадырства для шыітаў. А таму якую пагрозу можа ўяўляць сабой шыіцкі рух для шыіцкай па сутнасьці краіны? Але калі глядзець з пункту гледжаньня традыцыйных раскладак ва ўладных структурах краіны — тады, вядома, усё наадварот.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Прытыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0