25.06.2004 / 13:00

Палата засталася палатай

Праект паправак, якія б рабілі выбарчы працэс празрыстым, быў падрыхтаваны летась, але ўнесены на разгляд сэсіі толькі пасьля таго, як дэпутаты У.Парфяновіч, С.Скрабец і В.Фралоў абвесьцілі галадоўку пратэсту. Галадоўка была спыненая за дзень да разгляду паправак у палаце, cа спасылкаю на тое, што мэты галадоўкі часткова дасягнутыя.Вынікі галасаваньня аказаліся прадказальнымі: прапанову «рэспубліканцаў» падтрымалі 8 чалавек, супраць быў 71. Ута Цапф, кіраўніца дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая назірала за абмеркаваньнем у палаце, заявіла, што большасьць аргумэнтаў праціўнікаў паправак не вытрымлівае крытыкі.

Дэпутаты, якія праводзілі 18-дзённую галадоўку, заявілі аб сваім намеры «мяняць падыходы і пераходзіць да іншых мэтадаў працы». Пра гэта 22 чэрвеня на прэс-канфэрэнцыі на пл.Незалежнасьці паведаміў генэрал Фралоў. Ён меў на ўвазе найперш сустрэчу з дэпутатамі 21 ліпеня, на якую ён спадяецца сабраць «як мага больш людзей».

Акрэдытаваных журналістаў зь незалежных выданьняў, дарэчы, у Дом ураду на абмеркаваньне паправак не пусьцілі.

Мікола Бугай

***

Як сканчаліся вядомыя галадоўкі

Галадоўка — небясьпечная справа, яна можа прывесьці ня толькі да сур’ёзных праблем са здароўем, але і да сьмерці. Яскравы прыклад — галадоўка ірляндзкіх рэвалюцыянэраў у 1981 г. Падчас яе памерлі 10 чалавек. Распачаў пратэст баец ІRА і член парлямэнту Бобі Сэндз. У звароце да брытанскіх уладаў яны пісалі: «Толькі гучны голас ірляндзкага народу і грамадзкая думка можа вярнуць прытомнасьць брытанскаму ўраду. Усе мы будзем трымаць галадоўку да сьмерці, пакуль урад ня пойдзе насустрач нашым патрабаваньням аб аднаўленьні статусу палітычных зьняволеных». Тэтчэр не саступіла. 27-гадовы Сэндз памёр на 66-ы дзень. Найбольш пратрымаўся Кіеран Доэрці — 73 дні, найменш — Марцін Харсан, 46 дзён. 14 байцоў ІRА выжылі. Лоўрэнс Макгоўн правёў бязь ежы 70 дзён, астатнія — 20—60 дзён.

Чатыры разы на дзень перад імі ставілі талеркі зь ежаю. Галадоўнікі вярталі яе некранутаю. Адміністрацыя вязьніцы не карміла іх прымусова, пасьля таго як аднаму з ірляндцаў зондам быў пашкоджаны страўнік і той памёр.

У СССР галадоўкі пачалі прыносіць вынікі толькі падчас перабудовы. Падчас галадоўкі ў Чыстопальскай турме 8 сьнежня 1986 году памёр Анатоль Марчанка. Ён галадаў са жніўня, патрабуючы вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. І ягоная сьмерць не была марнаю: у лістападзе былі вызвалены зьняволеныя па палітычных матывах жанчыны. Падчас апошняй галадоўкі Андрэя Сахарава яму патэлефанаваў сам Гарбачоў…

Не заўжды галадоўкі былі сумленнымі: узімку 1986 г. савецкая тэлевізія празь дзень дэманстравала сюжэты з Лафает-парку насупраць Белага дому, дзе доктар Марцін Гайдэр 218 дзён галадаваў у намёце супраць гонкі ўзбраеньняў. Дарэчы, днямі 74-гадовы Гайдэр памёр у доме састарэлых.

Алег Раявец, Руслан Равяка

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру