Актывіста «Зубра» Аляксандра З. затрымалі ў Менску 21 чэрвеня за распаўсюд улётак. 22 чэрвеня ў Менску затрымалі «зуброўцаў» Міхаіла К. і Людмілу М. Падчас распаўсюду газэты «Супраціў» 23 чэрвеня затрымалі актывістаў «Зубра» Дар’ю Малдаванаву, Міхаіла Аўдзеева, Яўгена Афнагеля. 23 чэрвеня Менскі гаспадарчы суд адмяніў фінансавыя санкцыі, накладзеныя на Беларускі Хельсынскі камітэт нібыта за няўплату падаткаў са сродкаў па праграме TACIS. У аналягічным судовым працэсе слонімскага ГА «Воля да разьвіцьця», які пачаўся 22 чэрвеня, судзьдзя Алег Кадач адхіліў хадайніцтва аб улучэньні ў матэрыялы справы дакумэнтаў, якія сьведчаць на карысьць арганізацыі. З ініцыятывы Міністэрства юстыцыі Саюз палякаў Беларусі 23 чэрвеня пазбавіў Тадэвуша Гавіна пасады ганаровага старшыні. У Наваполацку 24 чэрвеня падчас распаўсюду ўлётак супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну затрымалі актывістаў кааліцыі «5+» Зьмітра Салаўёва, Аляксея Трубкіна (БНФ) і Іну Барысевіч. Жонку і дзяцей Валер’я Леванеўскага выклікалі 24 чэрвеня ў Ленінскую пракуратуру Горадні для дачы паказаньняў — усе яны адмовіліся даваць паказаньні супраць блізкага чалавека. «Зуброўцаў» Барыса М. і Насту Ц. затрымалі ў Менску 24 чэрвеня: яны расклейвалі плякаты зь лягатыпам руху. Судовае паседжаньне на пазоў журналіста Валер’я Шчукіна да старшыні Полацкага гарвыканкаму, прызначанае на 24 чэрвеня, адкладзена на няпэўны тэрмін: чыноўнік у газэтных публікацыях абвінаваціў Шчукіна ў нямужнасьці. Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд 24 чэрвеня пазоў на ліквідацыю Беларускай партыі працы, што ўваходзіць у Народную кааліцыю «5+»: арганізацыі закідаюць «парушэньне заканадаўства падчас разьмяшчэньня кіраўнічых органаў і арганізацыйных структураў у рэгіёнах». Актывісты «Зубра» Максім С., Любоў М. і Аляксей К. былі затрыманыя 25 чэрвеня ў Менску падчас распаўсюду газэты арганізацыі. 25 чэрвеня Свабодны прафсаюз Беларускі падрыхтаваў скаргу ў суд на дзеяньні Наваполацкага гарвыканкаму: мясцовая «вэртыкаль» ужо год адмаўляе ў перарэгістрацыі структурам СПБ — Наваполацка-Полацкай рэгіянальнай арганізацыі, а таксама прафсаюзным суполкам Наваполацкай ЦЭЦ і ААТ «Нафтан». Сьледчыя КДБ 25 чэрвеня працягнулі тэрмін утрыманьня Міхаіла Марыніча пад вартай яшчэ на 2 месяцы. Актывістаў АГП Вадзіма Іёдэля, Яўгена Лукшу, Віталя Філіповіча затрымалі 26 чэрвеня ў Горадні падчас правядзеньня апытаньня людзей наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. 27 чэрвеня 16-гадовага актывіста «Зубра» Зьмітра Кучынскага затрымалі ў парку Горкага ў Менску падчас распаўсюду газэты «Зубр»: у пастарунку капітан міліцыі Іван Жэбіт, са словаў хлопца, зьбіў яго за патрабаваньне скласьці пратакол асабістага надгляду. Юнак падаў скаргу ў пракуратуру. 28 чэрвеня патрабаваньне вызваліць займаныя памяшканьні атрымалі віцебскія гарадзкія партыйныя арганізацыі АГП, ЛДПБ, БСДГ і БСДП (НГ), а таксама ГА «Самакіраваньне ды грамадзтва». 29 чэрвеня Ленінскі раённы суд Горадні адхіліў скаргу галоўнага рэдактара газэты «День» Міколы Маркевіча: журналіст абскарджваў рашэньне адміністрацыйнай камісіі, якая пакарала яго за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак, хаця ў газэце ўсе зьвесткі былі. Суд Маларыцкага раёну 29 чэрвеня абвясьціў папярэджаньне дэпутату райсавету сябру БНФ Уладзімеру Малею за сустрэчу з выбарцамі: суд вызначыў яе як несанкцыяваны мітынг. Справа разглядалася ў адсутнасьць адказчыка. 28 чэрвеня ў Менску пры распаўсюдзе газэты «Зубр» затрымалі актывістаў арганізацыі Паўла Юхневіча, Кацярыну Сьмірнову, Любоў Кучынскую і Рамана Казакевіча: на ўсіх склалі пратаколы паводле арт.172 КаАП. Дэпутатам групы «Рэспубліка» Валер’ю Фралову і Сяргею Скрабцу 29 чэрвеня адмовілі ў памяшканьні для сустрэчы з выбарцамі Бабруйску. 30 чэрвеня ўступіў у законную сілу прысуд Аксане Новікавай: цяжарная жанчына асуджаная на 2,5 гады абмежаваньня волі. У кватэру каардынатара «Зубра» Я.Афнагеля 30 чэрвеня бяз ордэру на ператрус уварваліся міліцыянты й невядомыя ў цывільным: падчас ператрусу знайшлі ўлёткі «Свабоду Марынічу» і забралі «зуброўца» ў пастарунак. У Барысаве 30 чэрвеня затрыманыя «зуброўцы» Сяргей Кунец і Андрэй Быркоў, якія распаўсюджвалі газэту арганізацыі. 1 ліпеня ў Менску падчас распаўсюду ўлётак былі затрыманыя актывісты «Зубра» Л.Кучынская, Сяргей Пейпаловіч, Аляксей Шыдлоўскі, П.Юхневіч і Андрэй Барашкаў. 1 ліпеня ў Маладэчне ня выйшаў нумар газэты «Неделя в Молодечно»: мясцовая друкарня адмаўляецца друкаваць выданьне пасьля публікацыі вялікага (на ўсю паласу) партрэту Станіслава Багданкевіча, які прыяжджаў у горад на сэмінар для прадпрымальнікаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. 30 чэрвеня КДБ пачаў разбор паводле ліста сустаршыні прафсаюзу РЭПАМ Генадзя Фядыніча: старшыня Назіральнай рады ААТ «Рытм» (Гомель) Ю.Валюк прымушаў работнікаў прадпрыемства выйсьці з РЭПАМу, пагражаючы перасьледам з боку КДБ. 1 ліпеня на сталічным рынку «Ракаўскі кірмаш» ахова затрымала старшыню ГА прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку: заламаўшы рукі, яго зацягнулі ў сутарэньні, дзе пратрымалі гадзіну. Уначы з 1 на 2 ліпеня ў пад’езьдзе свайго дому быў зьбіты В.Фралоў і ягоны шафёр: невядомыя ў масках забралі ў яго партфэль з дакумэнтамі. У Мёрах 2 ліпеня за распаўсюд улётак з партрэтамі зьніклых палітыкаў затрымалі сябра АГП Віктара Шульгу: у яго адабралі ўлёткі й сьпіс мёрскіх сяброў АГП. У Быхаве 2 ліпеня падчас раздачы ўлётак затрымалі актывістаў «5+» Уладзімера Шанцава (АГП) і Анатоля Заўялава (ПКБ). 2 ліпеня падчас распаўсюду газэты «Зубр» затрымалі актывістаў арганізацыі: у Баранавічах — Алену Шпіронак і Юлію Аўгусьціновіч, у Менску — Дар’ю Малдаванаву, Кацярыну С. і Л.Кучынскую. Падчас правядзеньня апытаньня наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну ў Наваполацку 3 ліпеня затрымалі прадстаўнікоў «5+» Алеся Карніенку (АГП) і Аляксея Лукашэвіча. 5 ліпеня Партыі БНФ, АГП, БСДГ атрымалі папярэджаньне ад Мінюсту за заклік узяць удзел у «Ланцугу неабыякавых чытачоў» 10 чэрвеня ў падтрымку «Народнай волі». 6 ліпеня ў Нясьвіжы быў затрыманы на тры гадзіны актывіст кааліцыі «Маладая Беларусь» Мікола Арцюхоў. 6 ліпеня міліцэйскі патруль затрымаў намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, сакратара Ўправы Партыі БНФ Андрэя Саротніка і сябра Сойму Сяргея Салаша, якія раздавалі ўлёткі Народнай кааліцыі «5+» працоўным МАЗу, якія вярталіся з другой зьмены.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0