У Менску ствараецца Саюз домаўладальнікаў. Асноўная мэта новай грамадзкай арганізацыі — абарона правоў жыхароў прыватнага сэктару сталіцы, якім пагражае знос дамоў.

Паводле генпляну разьвіцьця Менску, у горадзе мае быць зьнесены амаль увесь прыватны сэктар — каля 5 тыс. дамоў. Найперш пад знос пойдуць Грушаўка, Пятроўшчына, Сельгаспасёлак, забудова ў раёнах вуліц Маякоўскага, Авакяна, Жукоўскага, Арлоўскай ды інш. — іх маюць прыбраць да 2015 г. «Зачыстка» рэшты прыватнага сэктару расьцягнецца да 2030 г. Карэспандэнт «НН» гутарыць з адным з арганізатараў новага Саюзу Канстанцінам Міронавым.

К.М.: Гэта тое, з чаго пасьля вайны (калі не лічыць «сталінак») пачынаўся Менск. Гэтыя землі даваліся для будаўніцтва ў 50-я — 60-я гады. Тым людзям, якія на той момант былі больш багатымі, больш прадпрымальнымі, казалі: «Будуйцеся! Дзяржава ня можа вырашыць вашых жыльлёвых праблем, таму вырашайце іх самі». Зямля выдзялялася дзяржавай, пастановай Менгарвыканкаму. Гэта ня быў самабуд, ва ўсіх ёсьць дакумэнты. Але як толькі далі зямлю, літаральна з 1965 г., сталі абмяжоўваць людзей у магчымасьці будавацца: ад падмурку да вільчака не вышэй за 3,2 м, мансарду ставіць нельга, прыбіральню перанесьці ў дом нельга…

Будавацца было нельга, бо гэта забаранялася. А цяпер гэтым дакараюць: «Стаіць вёска ў горадзе. Мы вас ашчасьлівім тым, што адселім адтуль».

У 1991 г. усе забароны на будаўніцтва былі зьнятыя: у дзяржавы скончыліся грошы. Можна было пайсьці узяць дазвол і пачаць будаўніцтва. Пасёлкі пачалі відазьмяняцца, пачалі зьяўляцца катэджы. Думалі, што гэта будзе працягвацца, што гэтая частка гораду будзе паступова набываць выгляд, адпаведны сучаснаму гораду. Яшчэ б гадоў 15—20…

У людзей акты на пажыцьцёвае спадчыннае валоданьне зямлёй. Некаторыя прыватызавалі свае ўчасткі. Але ёсьць такі панятак, як «забіраньне ўчастку для дзяржаўных патрэбаў». Паводле нашых законаў, нават прыватызаваную зямлю можна забіраць з гэтым абгрунтаваньнем. А сам панятак не раскрываецца: дзяржава захацела — і ўсё! Для якіх жа дзяржаўных, калі гэта аддаюць забудоўшчыку?

«НН»: Але ці можа сталіца абысьціся без мадэрнізацыі?

К.М.: Ёсьць у нас пляны таго, што тут зьбіраюцца ставіць. Напрыклад, у 1-м Ізмайлаўскім завулку, дзе ў зону зносу трапілі некалькі добрых дамоў, зьбіраюцца ставіць катэджны пасёлак. Людзі абураюцца: «Як так? Дайце нам крэдыты й дазвол, мы будзем самі будаваць».

У некаторых раёнах пакінуты некранутымі кавалачкі тэрыторыі. Зносіцца ўвесь раён, акрамя аднаго кавалачка ўсярэдзіне. У камітэце архітэктуры кажуць: «Ён упісваецца ў сучасную забудову». Глядзіш гэтую тэрыторыю — там стаіць пара дамоў сярэдняй якасьці й некалькі развалюх. Пачынаеш пытацца ў мясцовых жыхароў, хто жыве ў тым раёне, — кажуць: «Сем’і чыноўнікаў з камітэту архітэктуры». Складаецца ўражаньне, што гэтыя ўчасткі пакінулі некранутымі, зыходзячы зь нечых асабістых інтарэсаў.

«НН»: Ці многа тых, хто хацеў бы застацца жыць у прыватным доме?

К.М.: Адсоткаў 80 тых, хто жыве ў гэтых раёнах, выступаюць за тое, каб іх пакінулі там жыць. Мы самі будзем кіраваць сваёй уласнасьцю, калі ня зможам пабудавацца — прадамо. Калі дзяржава хоча дапамагчы, хай выдасьць крэдыты, а не — то й самі абыдземся. У нас Канстытуцыя гарантуе розныя віды ўласнасьці.

Адсоткаў 20 кажуць: «Хутчэй бы ўжо зьнеслі, надакучыла так жыць». Вядома, надакучыла — людзі па 30 гадоў ня могуць жыць нармальна, ім забараняюць упарадкаваць сваё жытло: маўляў, вас хутка будуць зносіць. І цяпер людзі задумваюцца: ці трэба перакрываць страху на хаце, калі хутка будуць зносіць?

«НН»: А чаму вы ня хочаце перабірацца ў кватэры? Ці, у адпаведнасьці з Жыльлёвым кодэксам, атрымліваць грашовую кампэнсацыю?

К.М.: Няма ясных мэханізмаў кампэнсацыі. Нават калі я пагаджуся, каб мой дом зьнесьлі, па якой цане мне будуць яго кампэнсаваць? Зямля наагул ня ўлічваецца, бо яна без забудовы не прадаецца.

Уладальніку, у якога забіраюць участак, закон гарантуе атрыманьне жытла «ў межах гэтага населенага пункту». Значыць, мне заміж майго дому ў цэнтры гораду могуць прапанаваць Шабаны, Серабранку — гэта нераўнацэнны абмен! Хто купіць за нармальную рынкавую цану дом, які знаходзіцца ў зоне зносу?

Пад кожнай хатай ёсьць 7 сотак зямлі. Забудоўшчыку Менгарвыканкам прадае іх за 8—10 тыс. даляраў за сотку. У нас ня хочуць купляць участкі па рынкавай цане, а інвэстарам прадаюць ужо па ёй. Менгарвыканкам выступае пасярэднікам паміж людзьмі й забудоўшчыкамі. Для нас удзел Менгарвыканкаму быў бы аптымальны не як пасярэдніка, а арганізацыі, якая б рэгулявала правядзеньне камунікацый, каналізацыйных калектараў і г.д.

«НН»: А кампэнсацыі за прыватызаваную зямлю?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0