Паспрабую праз «НН» выкласьці некаторыя свае разважаньні. Не хачу ўдавацца ў вялікую палітыку — гэта не мая справа. Мяне больш цікавіць ідэалёгія.

Нашы апазыцыйныя партыі і групы зашыліся самі ў сабе. Уражаньне такое, што яны думаюць толькі аб сваіх вузкапартыйных праблемах. Абы выжыць, застацца на плаву. Кругом апатыя, пэсымізм, людзі пазашываліся ва ўласных праблемах і маленькіх радасьцях. А моладзь тым часам слухае расейскую папсу, рэжым дзе толькі можа навязвае чырвона-зялёную сымболіку — на матчы, дэманстрацыі, ужо і на аўтанумары. Але не чыноўнікі трымаюць гэтыя сьцягі, а самі маладыя людзі. Якія яшчэ і рагочуць ад шчасьця. Іншыя праяўляюць «сьмеласьць», нацягваючы на сябе майку з надпісам «СССР» ці партрэтам Чэ Гевары. Бач ты, «антыглябалісты». Буша няйнакш як дэбілам не называюць. А з «Пагоняй» майку надзець — абсерацца...

Неяк пасьля менскага тэнісу заходзіць да мяне сябар з сваёй новай гірлой-малалеткай. У ейных руках чырвона-зялёны флажок. І абое такія радасныя: нашы выйгралі. Кажу ёй: табе ня сорамна? Ён мне: ды будзе табе, чаго ўжо цяпер... Адказваю: можна ня лезьці ў палітыку і ні ў чым ня ўдзельнічаць, але ёсьць жа элемэнтарныя нормы прыстойнасьці, у кожным разе ня пэцкацца. Яна пайшла паліць, а ён мне ціха: а ведаеш, я ўжо зьмірыўся…

Калі б у свой час наша палітычная эліта не распылялася б на дробязі (у тым ліку рознага кшталту зборы подпісаў, мітынгі, дэманстрацыі, выбары ў дваровыя рады і да т.п.), а стварыла паралельнае (хай сабе й падпольнае) беларускае жыцьцё з сваімі традыцыямі, салідарнасьцю, сваёй культурай, адукацыяй, сваімі нормамі і правіламі, то наўрад ці каго можна было б прымусіць узяць у рукі чырвона-зялёны сьцяг ці партрэт найвышэйшага чыноўніка, бо гэта лічылася б дрэнным тонам. Каб працавалі падпольныя беларускія школы, дзе выкладалі б сапраўдную гісторыю Беларусі, каб у кожнага школьніка ці студэнта быў прыгожы і цікавы падручнік гісторыі, каб кожны ведаў, што такое 25 Сакавіка ці бітва пад Воршай і да т.п., то паняцьце «вызваленьне Беларусі» ўспрымалася б па-іншаму, а псыхалягічная і ідэалягічная база рэжыму звузілася да мінімуму, мабілізацыйная гатоўнасьць моладзі была б максымальнай. Рэжым перасталі б заўважаць, што азначала б яго палітычную сьмерць.

Гэта, вядома, прыгожая фантазія. Сёньня можна прапанаваць толькі малое, але рэальнае. Давайце для пачатку аб’явім свой Дзень беларускага Сьцяга і Гербу. Гэта 19 верасьня — дзень абвяшчэньня Бел-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоні» дзяржаўнымі ў 1991 г. Хай у гэты дзень усе актывісты і пэсымісты пачэпяць на вопратку значкі, хай адважныя вывесяць нашы сьцягі, запусьцяць шары, аклеюць гарады налепкамі... Калі ў гэты дзень незнаёмыя людзі па значках убачаць адзін у адным беларуса, а значыць свайго — хоць трохі стане цяплей на душы. А нехта чужы хай затрасецца ад злобы.

Ігар (пэсыміст), 41 год, Менск

Ад Рэдакцыі.

Тэмы, якія клапоцяць Вас, трывожаць сёньня і многіх беларусаў. Досыць пачытаць хоць і падборку лістоў за апошні тыдзень. Падзяляем Вашы памкненьні, не падзяляем Вашага пэсымізму. У апошнія гады беларускае даказала, што ўмее выжываць і разьвівацца ў самых неспрыяльных умовах. Паралельнае грамадзтва якраз-такі стварылася там, дзе гэта ідзе ад патрэбаў людзей (некаторыя інтэлектуалы нават крытыкуюць яго ўтварэньне, называюць гэта памылкай, напрыклад палітоляг Віталь Сіліцкі, які сам да яго ў пэўным сэнсе належыць). Яно сапраўды напаўпадпольнае — а Вы чакаеце ад яго заўважнасьці. Зборы подпісаў, мітынгі, дэманстрацыі, выбары ў дваровыя рады — бяз гэтага яно таксама не абыходзіцца, гэта і фармуе яго традыцыі, мацуе салідарнасьць, нормы й правілы. І незалежны беларускі друк — нацыянальны й мясцовы, і незалежныя беларускія школы — Ліцэй тут самы слаўны прыклад, і незалежныя дасьледчыцкія ўстановы таксама выстаялі, хоць і задыхаюцца ад безграшоўя. Беларуская арганізаваная супольнасьць выпрабоўваецца капіталізмам, і яе выжываньне залежыць цяпер найперш ад заможнасьці яе ўдзельнікаў. Толькі цывілізацыйна вышэйшая супольнасьць будзе прыцягальнай для іншых, толькі заможныя людзі здатныя ахвяраваць грошы на разьвіцьцё культуры сваёй супольнасьці, як ахвяруюць курды ці баскі. Парадокс, што тыя — безьдзяржаўныя нацыі, беларусы ж маюць дзяржаву, а мусяць клапаціцца пра беларускую культуру самі, тым часам як афіцыйная лінія — гэтую культуру фальшаваць і абмяжоўваць. Друк і СМІ, адукацыя, навука — вось прыярытэты, якія патрабуюць Вашай дапамогі.

У Бога дзён многа, а памятных датаў у беларускім календары яшчэ болей. Каб і Ваша ідэя з Днём Свайго Сьцяга прыжылася (яе слабое месца — што яна як бы ў піку дню чужога сьцяга, тады як нацыянальны традыцыйна ўшаноўваецца ў Дзень Волі і Дзень Слуцкага Збройнага Чыну), мусова зьвяртацца да тых, каго Вы крытыкуеце, — партый, групаў. Бярыце публікацыю і ідзеце да іх. Толькі не спадзявайцеся на імгненны эфэкт. Пакуль слабыя СМІ і адукацыя, Вам цяжка будзе арганізаваць масавую кампанію. Але магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0