Насамрэч яны зьбілі пакуль адзін толькі паветраны шар і страшэнна ганарацца.

***

Адным часам я марыў пра парашуты. Скакаць з самалётнага люка ў цемру. Дагэтуль ня ведаю, ці здолеў бы зрабіць крок наперад, у прадоньне, ці адчуваў бы сябе ў сваёй талерцы ў паветры. Мая аднаклясьніца, якая была ў мяне закаханая, пайшла ў аэраклюб, можа, каб давесьці нам абаім сваю здатнасьць. Яна сама прызналася, калі прыяжджала да мяне ў войска. Бо я казаў ёй, што лунаць з парашутам — для мяне спакусьлівая мара. Сёньня яна навучае хлопцаў не баяцца скакаць. Хлопцаў, якія прыходзяць служыць у літоўскае войска. Яна капітан ці, можа, ужо маёр. Прынамсі, мела капітанскія адзнакі, калі я бачыў яе апошнім разам.

Так, я не сказаў яшчэ, што мае школьныя гады скончыліся ў цяпер незалежнай краіне, у Літве. Але атрымалася, што сёньня я з паўднёвага боку мяжы. Я мог, мог, я гэта выразна усьведамляю — што мог бы цяпер жыць з эўрапейскага боку ад калючага дроту, за якім яшчэ ня здохла янычарская навала. Розныя полаўцы, хазары ці сарацыны. Але лёс выпаў іншы, зусім іншы. Сапраўды, ці мала кім нам хочацца стаць у дзяцінстве, падлеткамі, маладзёнамі, а выходзіць зусім інакш, жыцьцё выводзіць на свой, часам нечаканы шлях. Дарога можа быць убітым роўным гасьцінцам, аўтабанам, а можа выпасьці балоцістая пуцявіна з куп’ём або, наадварот, горная сьцяжына, камяністая, уздоўж цясьнін. Перапады тэмпэратуры, вышынь, кліматычных умоў, недахоп кіслароду ў разрэджаным паветры.

Усё жыцьцё я адчуваў сябе на абмежаванай тэрыторыі, адасоблена. У пэўным сэнсе ў фартэцыі. Але не заўсёды. Часам — у лягеры. (Сёньня — хутчэй у вежы.) Маленства ў вайсковых гарадках за плотам. І так было заўжды — штодня абгароджаны плотам, які ўзмацнялі шэрагі калючага дроту. Мы, сьцішыўшыся, назіралі за небам, за тым, як з заўсёднага «кукурузьніка» выпадалі чорныя кропкі, узьнікалі белыя плямкі, ператвараліся ў дзьмухаўцы парашутаў. Думаю, што кожны ў гэтую хвілю марыў пра парашут, толькі не прызнаваўся. Мы падлічвалі сэкунды свабоднага падзеньня, абавязкова — колькасьць парашутаў, сачылі, куды іх адносіць ветрам. Было прыгожа. Парашутыстаў заўжды скідалі ў добрае, лётнае надвор’е: сонца, блакітнае неба, белыя падушкі аблокаў. Зьнікала стракаценьне нябачнага прапэлера разам з самалётным абрысам. У поўным бязмоўі парашутысты набліжаліся да зямлі.

Вайсковыя гарадкі за калючым дротам на чужой тэрыторыі, вартавая вышка побач з домам, жаўнеры з аўтаматамі. Раптоўны зыход узброенай калёны дзеля акупацыі яшчэ адной суседняй краіны. Страх неабароненага жыхарства, чуткі аб прызабытым «дні ікс», калі мясцовае насельніцтва нападала на гарадкі, на вартавых, на вайсковыя машыны. Жыцьцё, якое мела на ўвазе заўжды магчымы напад. Боязь небясьпекі. Лёгкі адрэналін.

Я захапляўся фільмамі пра парашутыстаў. Нават не падазраючы, што мне наканавана быць на другім баку. У тыя дні цэлыя парашутныя дывізіі з боезапасам дэсантаваліся на чужыя гарады і аэрадромы. Супрацоўнікі падпольных радыёстанцыяў з рызыкай для жыцьця паведамлялі пра рух акупацыйнай армады, пра супраціў ёй, пра ахвяры, заклікалі заблытваць ворага, уводзіць у зман, зьнішчаць дарожныя знакі, паказальнікі, мяняць іх месцамі. Яны паведамлялі ўказаньні ўраду, які мусіў перайсьці на нелегальнае становішча, паведамлялі пра хвалю абурэньня ў сьвеце.

Але мне яшчэ было невядома, што самому давядзецца паведамляць пра танкавыя калёны, пра вяртаньне чужынскіх парадкаў. Гэта было потым. А ў школьныя гады я захапляўся парашутыстамі. Дзіва што: змалку я гадаваўся пад «Марш авіятараў». Яго круцілі на розныя сьвяты, у выхадныя ў клюбе і асабліва часта — на спартовых спаборніцтвах, якія для арміі — абавязковая справа. Сваёй бравурнасьцю марш здаваўся не зусім савецкім. Нядаўна я даведаўся, што ён быў насамрэч маршам люфтвафэ.

Сяргей Астравец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0