Заснавальнік недзяржаўнай «Местной газеты» (Ваўкавыск) Андрэй Шантаровіч атрымаў 7 ліпеня патрабаваньне ад пажарнай аховы зрабіць комплексны рамонт памяшканьня да 5 жніўня або высяляцца. 7 ліпеня Барысаўскі гарадзкі суд адмовіў прадстаўнікам дэмакратычных партый у скарзе на гарвыканкам: чыноўнікі чатыры разы адмаўлялі ў дазволе на правядзеньне мітынгу пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі, матывуючы гэта памылкамі ў афармленьні заявак. Прадстаўнікі Салігорскага райвыканкаму 8 ліпеня не дазволілі сябрам КХП-БНФ усталяваць драўляны крыж у мястэчку Чырвоная Слабада (раней Вызна) у гонар Слуцкага збройнага чыну. 9 ліпеня галоўны рэдактар газэты «День» Мікола Маркевіч накіраваў у Гарадзенскі аблсуд скаргу на рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні — за ўзаконеную канфіскацыю накладу газэты й штраф «за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак». Маркевіч таксама абскарджвае па касацыі рашэньне гаспадарчага суду Гарадзенскай вобласьці, паводле якога грамадзкае аб’яднаньне «Бацькаўшчына» й гарадзкую арганізацыю Таварыства беларускай мовы маюць выселіць з памяшканьняў. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Леанід Ясіновіч 12 ліпеня падоўжыў тэрмін утрыманьня Міхаіла Марыніча ў СІЗА КДБ, адхіліўшы скаргу абароны на незаконнае ўтрыманьне пад вартай. 12 ліпеня тэрмін утрыманьня пад вартай Валер’я Леванеўскага падоўжаны яшчэ на месяц, да 15 жніўня. Гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці 12 ліпеня ўзяў бок слонімскага ГА «Воля да разьвіцьця» ў судзе з падатковай інспэкцыяй у справе падаткаў з праграмы TACIS. Разгляд пазову Міністэрства юстыцыі па ліквідацыі Беларускай партыі працы, які меўся пачацца 12 ліпеня, перанесены на 30 ліпеня. Актывістка «Зубра» Наста Васіленка затрымана 12 ліпеня падчас распаўсюду газэты «Освобождение». Суд Першамайскага раёну Менску 12 ліпеня адмовіў Партыі БНФ у тым, каб распачаць грамадзянскую справу паводле пазову да Белтэлерадыёкампаніі і журналіста Юр’я Пракопава за паклёпніцкія выказваньні ў адрас партыі. Суд палічыў, што ПБНФ ня мае дзелавой рэпутацыі, якую абразілі БТ і Ю.Пракопаў, бо яе маюць толькі суб’екты гаспадараньня. Актывістцы АГП Людміле Гразновай 13 ліпеня аддзел пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну забараніў выяжджаць за мяжу: яна была аштрафаваная на 2000 даляраў за ўдзел у сёлетнім Чарнобыльскім шляху, але штрафу не сплаціла — аспрэчвае прысуд у Вярхоўным судзе.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0